9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі рыхтуе вялікі міжнародны выставачны праект з Нацыянальным музеем Султаната Аман, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вучоны сакратар НММ Святлана Анейка.
"Праект, з рабочай назвай "Аман: жамчужына Усходу", будзе працаваць з 19 верасня па 19 студзеня, - расказала вучоны сакратар. - Выстава размесціцца ў залах нашай усходняй экспазіцыі і прадставіць каля ста прадметаў ХХ-ХХІ стагоддзяў: касцюмы, тканіны, кераміку і, магчыма, зброю, якія дэманструюць высокі ўзровень дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўсходніх краін. Таксама мы рыхтуем вялікую суправаджальную праграму для дарослых і дзяцей".
Святлана Анейка падкрэсліла, што гэты праект не камерцыйны, наведаць яго можна будзе па пастаянным білеце ў музей. "Спадзяюся, беларусам будзе цікава азнаёміцца з усходнім мастацтвам, убачыць эксклюзіўныя экспанаты", - дадала яна.
У верасні адкрыецца і выстава, прысвечаная творчасці народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. "Мы пастараемся зрабіць вялікую рэтраспектыўную экспазіцыю, якая ахопіць усю творчасць майстра. Будуць прадстаўлены карціны з калекцый як нашага музея, так і яго сям'і. Яны максімальна прадставяць усе напрамкі, у якіх працаваў мастак", - адзначыла вучоны сакратар.
Запланаваны на верасень таксама праект аб расійска-французскай мастачцы з беларускімі каранямі Надзеі Хадасевіч-Лежэ. "Спадзяёмся, што пакажам жывапісныя і графічныя работы, якія прыналежаць прыватным калекцыянерам Францыі. Гэтыя карціны ніколі не былі ў Беларусі, таму што стварала мастачка іх у позні перыяд жыцця менавіта ў Францыі, і захоўваліся яны ў спадкаемнікаў там жа. Мы пастараемся паказаць розныя па тэматыцы карціны, сярод якіх, напрыклад, будзе работа, навеяная вобразам Леніна", - анансавала Святлана Анейка.
Акрамя таго, мастацкі музей стане ўдзельнікам IV Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі", які пройдзе 4-6 кастрычніка ў Брэсце. "У адной з намінацый прадставім нашы праекты інклюзіўнага напрамку, а таксама адлюструем цяперашні стан музея і апошнія выдавецкія навінкі. Яшчэ рыхтуем інтэрактыўную частку для наведвальнікаў, каб яны не засумавалі", - падзялілася вучоны сакратар.
НММ распрацоўвае віртуальны даведнік з тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці. "Часта людзі блытаюцца ў залах, і мы вырашылі стварыць мабільны дадатак, у якім прапануем некалькі маршрутаў па музеі", - рэзюмавала Святлана Анейка.-0-