Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 мая 2013, 12:39

Тэхагляд у Беларусі стане бліжэй да еўрапейскіх норм

Спецыялісты Мінтранса Беларусі падрыхтавалі праект пастановы Савета Міністраў "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб парадку правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў і іх допуску да ўдзелу ў дарожным руху ад 30.04.2008 нумар 630". Праект дакумента прадугледжвае ўдасканаленне правядзення дзяржтэхагляду і спрашчэнне працэдуры выдачы дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Плануецца ўдакладніць асобныя тэрміны і азначэнні, а таксама павялічыць інтэрвал паміж праверкамі матацыклаў.

У абноўленай пастанове будуць устаноўлены тэрміны для тэхагляду вучэбных аўтамабіляў, з года выпуску якіх мінула пяць і больш гадоў, уключаючы год вырабу, а таксама мапедаў і квадрацыклаў. Акрамя таго, плануецца выкарыстоўваць палажэнні Венскага пагаднення 1997 года "Аб прыняцці аднастайных умоў для перыядычных тэхнічных аглядаў колавых транспартных сродкаў і аб узаемным прызнанні такіх аглядаў" у частцы, што датычыцца ўвядзення дадатковага заключэння па выніках правядзення тэхагляду. Прадугледжана зменшыць колькасць экзэмпляраў дыягнастычнай карткі, якія афармляюцца па выніках правядзення кантрольна-дыягнастычных работ.

Праект новай пастановы даступны для прагляду на афіцыйным сайце Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі. Існуючыя заўвагі і прапановы па праекту можна накіроўваць у транспартнае ведамства па электроннай пошце не пазней за 24 мая 2013 года.

Лаканічна аналізуючы ўнесеныя ў цяпер дзеючае палажэнне змяненні, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП "Белтэхагляд" Васіль Аверкаў адзначыў, што прапанаваны на абмеркаванне грамадскасці дакумент стаў больш дакладны і зразумелы аўтаўладальнікам. Самае галоўнае - ён ліквідаваў шэраг патрабаванняў, якія дапускаюць двайное тлумачэнне і неабгрунтавана ўскладняюць працэдуру правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду.

На яго думку, з усіх паправак найбольш важнай з'яўляецца выкарыстанне палажэнняў Венскага пагаднення 1997 года аб прыняцці аднастайных умоў для перыядычных тэхаглядаў колавых транспартных сродкаў і аб іх узаемным прызнанні ў частцы ўвядзення дадатковага заключэння па выніках правядзення дзяржтэхагляду - "адпавядае з заўвагамі".

Гэта новаўвядзенне мае адну мэту: пазбавіць аўтаўладальнікаў ад паўторнага наведвання дыягнастычнай станцыі ў выпадку выяўлення на транспартным сродку асобных недахопаў, якія не ўплываюць на бяспеку дарожнага руху. Пад праект пастановы распрацаваны тэхнічны нарматыўны прававы акт, дзе дакладна апісана, калі транспартны сродак не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням, а ў якіх выпадках "адпавядае з заўвагамі". Такая норма поўнасцю падобна да еўрапейскіх патрабаванняў у галіне правядзення перыядычных тэхаглядаў колавых транспартных сродкаў.

У тэрмінах правядзення дзяржтэхагляду і наменклатуры тэхнікі, якая правяраецца, карэнных змен не адбылося. Тым не менш уведзена патрабаванне аб тым, што вучэбныя транспартныя сродкі, з даты выпуску якіх мінула пяць і больш гадоў, уключаючы год вырабу, павінны праходзіць тэхагляд кожныя паўгода. Упершыню ўстаноўлены тэрміны правядзення гэтай працэдуры для аўтамабіляў-цягачоў і седлавых цягачоў. Да двух гадоў павялічана частата праверкі стану матацыклаў. Акрамя таго, вызначана перыядычнасць тэхагляду для мапедаў і квадрыцыклаў.

Васіль Аверкаў асабліва падкрэсліў, што ў праекце пастановы размова ідзе менавіта аб квадрыцыклах - чатырохколавых механічных транспартных сродках, якія маюць прыводы кіравання аўтамабільнага тыпу і масу ў сабраным стане не большую за 550 кг. Апошнія правіламі дарожнага руху прыраўноўваюцца да аўтамабіляў. Такім чынам, да квадрацыклаў (мотаўсюдыходы) - чатырохколавых механічных транспартных сродкаў, якія маюць прыводы кіравання матацыклетнага тыпу i прызначаны для эксплуатацыі па-за дарогамі агульнага карыстання, гэта патрабаванне не адносіцца. Квадрацыклы не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнаму ўлiку і, такім чынам, не праходзяць дзяржаўны тэхнічны агляд.

Ёсць яшчэ адна новая норма ў праекце палажэння: адносна транспартнага сродку, з даты выпуску якога мінула не больш як два гады, уключаючы год вырабу, першы тэхагляд не праводзіцца. Уладальнік такой тэхнікі проста павінен звярнуцца на дыягнастычную станцыю за выдачай дазволу на яе допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

"Нельга не сказаць, што нязначныя на першы погляд папраўкі ў дзеючае палажэнне на самай справе падагульняюць вялікі ўклад Мінтранса ў распрацоўку новай формы дыягнастычнай карткі, новага праграмнага забеспячэння для дыягнастычных станцый, новай еўрапейскай сістэмы заключэнняў аб тэхнічным стане транспартных сродкаў", - рэзюмаваў спецыяліст. Ён таксама звярнуў увагу на з'яўленне першага тэхнічнага нарматыўнага прававога акта ў галіне дзяржтэхагляду - ТКП 309-2011 "Дзяржаўны тэхнічны агляд транспартных сродкаў. Парадак правядзення праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў".

Колькасць аўтамабіляў у Беларусі пастаянна расце нараўне з агульнасусветнымі тэмпамі. Паводле справаздачных даных УП "Белтэхагляд", у 2012 годзе праведзена каля 2 млн. праверак тэхнічнага стану транспартных сродкаў, па выніках якіх выдадзена больш як 1625 тыс. дазволаў на допуск тэхнікі да ўдзелу ў дарожным руху. Для праходжання дзяржтэхагляду грамадзяне цяпер могуць скарыстацца паслугамі 221 дыягнастычнай станцыі (уключаючы 246 дыягнастычных ліній), у тым ліку 205 стацыянарных і 16 мабільных. Па рэгіёнах рэспублікі яны размеркаваны адносна раўнамерна. Напрыклад, у Мінску налічваюцца 32 станцыі і 40 ліній дыягностыкі.

Таццяна ІВАНЮК
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі