Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 чэрвеня 2013, 14:39

Развіццю геатэрмальнай энергетыкі ў Беларусі перашкаджаюць міжведамасныя бар'еры

Беларусь мае вялікі патэнцыял для развіцця геатэрмальнай энергетыкі. Бясплатная цеплавая энергія, якая знаходзіцца ў нетрах Зямлі ў выглядзе гарачай вады, дае магчымасць абаграваць памяшканні, праводзіць сушку рознай прадукцыі і нават выпрацоўваць электраэнергію. Выкарыстанне цяпла нетраў дае магчымасць замяшчаць вычарпальныя запасы нафты і прыроднага газу, вырашаць праблемы змянення клімату і кіслотных дажджоў, эканоміць грашовыя сродкі за кошт патаннення цеплазабеспячэння будынкаў і збудаванняў. Аднак геатэрмальныя тэхналогіі да гэтага часу амаль не асвоены ў Беларусі. Чаму так адбываецца, карэспандэнт БЕЛТА разбіралася разам з экспертамі ў гэтай сферы: намеснікам генеральнага дырэктара, галоўным геолагам па нафце і газу РУП "Белгеалогія" Яраславам Грыбікам, галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела геафізікі РУП "Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут" Уладзімірам Зуем, дырэктарам цяплічнага камбіната "Бярэсце" Мікалаем Долбікам.

"Залатыя" запасы Зямлі

Энергія нетраў - найбольш выгадны і бяспечны варыянт з існуючых відаў энергіі. Эксплуатацыя геатэрмальнай энергіі не наносіць урону навакольнаму асяроддзю, яе даступнасць не залежыць ад сезона года, часу сутак і надвор'я. З гэтага пункту гледжання цяпло Зямлі з'яўляецца ўнікальным рэсурсам, выкарыстанне якога выгадна як з эканамічнага, так і з экалагічнай пункту гледжання.

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў многія дзяржавы вырашаюць для сябе праблему пастаяннага падаражэння энерганосьбітаў пры дапамозе ўсё больш актыўнага выкарыстання аднаўляльных крыніц, у тым ліку і геатэрмальнай энергіі. Цяпер цяпло нетраў выкарыстоўваюць у 78 краінах свету. З іх 24 краіны навучыліся выпрацоўваць электраэнергію за кошт выкарыстання падземнай пары. У Эстоніі цяпер налічваецца амаль 5 тыс. геатэрмальных установак. У Швейцарыі колькасць станцый перасягнула 40 тыс. У Швецыі іх больш як 300 тыс.

План да актыўных дзеянняў

Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу забяспечыць атрыманне рэспублікай да 2015 года больш як 30 працэнтаў энергіі з уласных крыніц. Шэраг аб'ектаў перайшлі ўжо на мясцовыя крыніцы энергіі, у тым ліку і на геатэрмальныя.

У сакавіку бягучага года зацверджаны план першачарговых мерапрыемстваў па выкарыстанню ў рэспубліцы геатэрмальных крыніц энергіі. Ён уключае 8 пунктаў, у тым ліку даследаванне і распрацоўку тэхнічных рашэнняў выкарыстання падземнага цяпла для цеплазабеспячэння будынкаў, якія стаяць асобна і размешчаны далёка ад цэнтралізаваных крыніц цеплавой энергіі. План прадугледжвае аналіз дзеючых, а таксама выпрацоўку пры неабходнасці дадатковых мер па стымуляванню выкарыстання геатэрмальных установак, арганізацыю і правядзенне навучальных семінараў з запрашэннем вядучых спецыялістаў і вытворцаў геатэрмальнага абсталявання, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.

Зямля запаветная, але не асвоеная

Паводле даных даследаванняў беларускіх вучоных, наша краіна мае вялікі патэнцыял для развіцця геатэрмальнай энергетыкі. Ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі на невялікай глыбіні - каля 100 м - залягае вада з тэмпературай 8-9 градусаў. У найбольш прагрэтых блоках зямной кары - на глыбіні 4-5 км - тэмпература дасягае 110-115 градусаў (у Гомельскай вобласці паблізу Светлагорска і Рэчыцы). "Гэтых тэмператур дастаткова, каб выпрацоўваць цяпло для ацяплення будынкаў, збудаванняў, а таксама для выкарыстання ў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара, галоўны геолаг па нафце і газу РУП "Белгеалогія" Яраслаў Грыбік.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі рэспублікі прабураны тысячы пошукавых свідравін. Многія з тых, дзе замест нафты знайшлі крыніцы цёплай і гарачай вады або мінералізаваных расолаў, раней "кансервавалі" за непатрэбнасцю. Толькі адносна нядаўна спецыялісты зразумелі, што цяпло зямных нетраў можна ператварыць у мільёны долараў. Пасля адпаведных работ па аднаўленню або рамонту ўжо існуючых свідравін тут можна ўстанаўліваць геатэрмальныя станцыі.

"Больш актыўнае развіццё ў краіне геатэрмальнай энергетыкі дало б магчымасць задаволіць значную частку яе патрэбнасці ў энерганосьбітах", - лічыць галоўны навуковы супрацоўнік аддзела геафізікі РУП "Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут" Уладзімір Зуй. Але для Беларусі актуальна таксама пытанне патаннення будаўніцтва геатэрмальных установак. "Для гэтага неабходна арганізаваць вытворчасць айчынных цеплавых помпаў", - дадаў вучоны, растлумачыўшы, што цяпер кошт адной геатэрмальнай станцыі для аднапавярховага драўлянага дома на сярэднюю сям'ю складае ад 15 тыс. да 20 тыс. еўра. Прычым значная частка гэтых сродкаў пойдзе не на бурэнне дробных свідравін, а на куплю цеплавых помпаў, якія сёння прамысловасцю краіны не выпускаюцца. Імпартнае абсталяванне, якое даводзіцца выкарыстоўваць для будаўніцтва ў рэспубліцы геатэрмальных установак, каштуе дорага: для прыведзенага прыкладу - ад 8 тыс. да 12 тыс. еўра. Стварэнне айчынных аналагаў дало б магчымасць значна знізіць тэрміны акупнасці для такіх установак.

Дарэчы, па меры павелічэння глыбіні залягання цёплай вады ўзрастае і яе мінералізацыя. Для здабычы ж цяпла з крыніц паблізу зямной паверхні можна выкарыстоўваць падземныя грунтавыя або свідравінныя цеплаабменнікі.

Цяпер у рэспубліцы налічваецца каля 100 геатэрмальных установак, у тым ліку ў катэджах і будынках, якія знаходзяцца ў прыватным валоданні. У асноўным яны ўстаноўлены на аб'ектах, аддаленых ад цэнтральных цеплатрас і іншых камунікацый. Там іх будаўніцтва прадыктавана, перш за ўсё, неабходнасцю.

У зоне энергетычнага камфорту

Выкарыстоўваць цяпло нетраў больш маштабна паспрабавала дырэкцыя цяплічнага камбіната "Бярэсце", які размешчаны на ўсходняй ускраіне Брэста. Прабураная тут у 2008 годзе пошукавая свідравіна глыбінёй каля 1,5 км, выявіла замест нафты крыніцу прэснай цёплай вады. Па ўказу Прэзідэнта свідравіна была перададзена прадпрыемству для будаўніцтва і выкарыстання геатэрмальнай устаноўкі. У 2011 годзе камбінат пабудаваў цеплапомпавую геатэрмальную станцыю магутнасцю 1 МВт. На ёй з дапамогай дзвюх цеплавых помпаў тэмпературу здабытай з-пад зямлі вады ўзнімалі з 24 да 60 градусаў. Гэтай вадой камбінат ацяпляў частку цяпліц і забяспечваў сабе гарачае водазабеспячэнне.

Пасля першага года эксплуатацыі станцыя прадэманстравала дадатны эканамічны эфект. З яе дапамогай на ацяпленні цяпліц прадпрыемства сэканоміла амаль 12 працэнтаў прыроднага газу, а выкарыстанне вады з падземнай крыніцы для палівання раслін дало магчымасць знізіць расходы на падаграванне вады. У прыватнасці, з 8 млн.куб.м газу, што спажываецца камбінатам, за год удалося сэканоміць 1 млн.куб.м.

Перашкоды ў раскрыцці патэнцыялу эканамічна выгаднага пачынання

Паводле ацэнак спецыялістаў, прыкладна за 6 гадоў праект павінен быў акупіцца. Аднак, нягледзячы на відавочную выгаду, цяпер геатэрмальная станцыя не выкарыстоўваецца на поўную магутнасць: таннае цяпло нетраў расходуюць толькі на паліванне раслін, а на абаграванне - не. Звязана гэта з тым, што адміністрацыя камбіната не знайшла агульнай мовы з дзяржаўнымі ведамствамі, якія адказваюць за водазабеспячэнне ў рэспубліцы.

Канфлікт развязаўся вакол далейшага выкарыстання камбінатам здабытай з-пад зямлі і пазней з-за адбору цяпла ахалоджанай вады. Камбінат, які не мае магчымасцей для яе далейшага выкарыстання, прапанаваў Брэсту прыняць для пітнога водазабеспячэння ваду высокай якасці. Аднак гарадскія ўлады ад прапановы адмовіліся.

Як растлумачыў дырэктар цяплічнага камбіната "Бярэсце" Мікалай Долбік, у час выкарыстання геатэрмальнай устаноўкі для ацяплення памяшканняў застаецца вялікая колькасць выкарыстанай і ахалоджанай вады. "Яна не прыдатна для палівання цяплічных раслін, паколькі ім падыходзіць толькі цёплая вада. А паколькі рэсурсу, што здабываецца са свідравіны, шмат для задавальнення патрэб камбіната, то дзець яе няма куды", - сказаў дырэктар прадпрыемства. Дарэчы, за суткі "Бярэсце" атрымлівае са свідравіны каля 1 тыс.куб.м вады. Зразумела, што зліваць такую колькасць вады ў раку або ў ручай прадпрыемству нявыгадна.

Першапачаткова ў праекце геатэрмальнай станцыі было прадугледжана, што адпрацаваны водны рэсурс павінен быў падавацца ў сеткі водаправода Брэста (здабытай за суткі вады павінна хапіць для забеспячэння 1/7 часткі гэтага горада). Спачатку, разгледзеўшы праект, КВУП "Брэстводаканал" прыняло прапанову камбіната. Але пры ўмове, што ўстанова пабудуе станцыю ачысткі ад прымесей жалеза і возьме пробы вады. Камбінат умовы выканаў. Згодна з вынікамі тэстаў, здабытая са свідравіны вада адпавядае стандартам пітной.

Аднак "Брэстводаканал" прыняць ваду зноў адмовіўся, спаслаўшыся на п.34.14 інструкцыі па планаванню, уліку вытворчых затрат і калькуляванню сабекошту асобных жыллёва-камунальных паслуг, зацверджанай пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі нумар 14 ад 14.06.2011. У адпаведнасці з дакументам, арганізацыі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі могуць прыняць "чужую" ваду толькі пры адсутнасці ў іх дастатковых магутнасцей для аказання адпаведных паслуг. Як сказалі тады ў "Брэстводаканале", такіх праблем у арганізацыі няма, а значыць і ў паслугах цяплічнага камбіната яна патрэбы не мае.

Зварот адміністрацыі камбіната ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі з просьбай унесці ў дзеючую інструкцыю дапаўненні, якія далі б магчымасць вырашыць праблему, выніку не прынёс. У лютым мінулага года Мінжылкамгас паведаміў цяплічнаму камбінату аб тым, што прапанова ўключана ў праект пастановы, і паабяцаў, што ва ўстаноўленым парадку яна будзе накіравана на ўзгадненне. З таго часу ўжо мінуў больш як год, а адказ з ведамства да гэтага моманту не атрыманы. З-за тэхнічнай дылемы геатэрмальная ўстаноўка для ацяплення не выкарыстоўваецца.

Вучоныя лічаць, што для Беларусі вопыт выкарыстання такой магутнай геатэрмальнай устаноўкі, як на "Бярэсці", мог бы стаць бясцэнным. "Аднак міжведамасны канфлікт перашкодзіў поўнасцю раскрыць патэнцыял эканамічна выгаднага пачынання", - сказаў Яраслаў Грыбік.

Для Беларусі, як і для многіх іншых краін, актуальна праблема залежнасці ад імпартных энерганосьбітаў - нафты і газу. Забяспечанасць рэспублікі ўласнымі паліўна-энергетычнымі рэсурсамі (ПЭР) - нафтай, газам, дровамі, торфам, гідрарэсурсамі і біямасай - ацэньваецца ў памеры 15-17 працэнтаў патрэбнасці краіны ў такіх рэсурсах. Астатнія 80 працэнтаў ПЭР Беларусь купляе за мяжой. Найбольш рэалістычны сцэнарый атрымання рэспублікай энергетычнай аўтаномнасці - развіццё тут альтэрнатыўнай энергетыкі, у тым ліку геатэрмальнай. Аднак напісаць, а потым і ажыццявіць гэты сцэнарый можна толькі пераадолеўшы канфлікт паміж традыцыйнай і альтэрнатыўнай энергетыкай Беларусі, а таксама за кошт укаранення ў прамысловасць новых тэхналогій, дзякуючы якім будаўніцтва ў рэспубліцы геатэрмальных станцый стане больш выгадным.

Марыя ДЗМІТРЫЕВА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі