Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
13 мая 2013, 15:08

Мінгарвыканкам прымае меры для стабілізацыі сітуацыі на рынку працы

У Мінску дэфіцыт кадраў канстатуюць прадстаўнікі розных сфер эканомікі. На кожнага афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўнага ў сталіцы ўмоўна прыпадае 10 вакансій, у той час як на 1 студзеня 2012 года гэта розніца была не такая значная - адзін да шасці. Узровень беспрацоўя складае 0,2 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва сталіцы. Адзначаецца дыспрапорцыя паміж патрэбнасцямі наймальнікаў і прапанаваннем сферы адукацыі. Мінгарвыканкам прымае меры для ліквідацыі кадравага дэфіцыту - вырашаюцца пытанні аб прыцягненні на работу іншаземцаў і іншагародніх, будуюцца інтэрнаты для запатрабаваных спецыялістаў, прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці для працаўладкавання моладзі, павышаюцца зарплаты. Усё гэта па выніках I квартала 2013 года дало магчымасць забяспечыць дадатны баланс руху рабочых кадраў, колькасць прынятых на работу зменшыла колькасць звольненых. У параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года на 4,4 працэнта павялічыўся агульны абарот рабочай сілы.

"Сітуацыя на рынку працы сталіцы адносна добрая. У многіх краінах людзі непакояцца наконт наяўнасці рабочага месца, а ў Мінску назіраецца няхватка працоўных рэсурсаў па некаторых спецыяльнасцях. Гэта ўплывае на работу шэрага прамысловых прадпрыемстваў і сацыяльнай сферы, - прызнаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. - Сярод шляхоў вырашэння гэтай сур'ёзнай праблемы - структурнае пераўтварэнне эканомікі, мадэрнізацыя вытворчасцей, якія выкліканы патрабаваннем часу. Паколькі тэхналагічнае абнаўленне нясе не толькі новую якасць работы, але і стварае ўмовы для больш рацыянальнага выкарыстання працоўных рэсурсаў".

Як адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч, у Мінску сканцэнтравана амаль чвэрць працоўнага патэнцыялу краіны. У эканоміцы горада заняты 1 млн. 80 тыс. чалавек. Найбольшую патрэбнасць у кадрах адчуваюць сферы прамысловасці, будаўніцтва, транспарту і сувязі, гандлю. Разам з тым у мінулым годзе адбыліся пазітыўныя змяненні ў галіновай структуры попыту на рабочую сілу. Да канца 2012 года ў параўнанні з 2011 годам на 16 працэнтаў менш патрабавалася работнікаў у будаўнічыя арганізацыі, на 38 працэнтаў - у органы дзяржаўнага кіравання, на 2 працэнты - ва ўстановы адукацыі. На пачатак 2013 года ў сталіцы налічвалася больш як 22 тыс. свабодных рабочых месц, да 75 працэнтаў з іх прызначаліся для рабочых. Сярод найбольш запатрабаваных - будаўнічыя прафесіі (муляры, маляры, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, слесары сантэхсістем і абсталявання, электрыкі, мантажнікі, падсобныя рабочыя), а таксама вадзіцелі аўтамабіляў, кандуктары, прадаўцы, прыбіральшчыкі памяшканняў.

Вакансіі для спецыялістаў і служачых складалі 22,7 працэнта, або 5,8 тыс. у агульнай колькасці прапаноў наймальнікаў. Больш за ўсё іх у арганізацыях аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг, адукацыі, арганізацыях, якія праводзяць аперацыі з нерухомай маёмасцю, фінансавай сферы. "У цэлым сітуацыя характарызуецца дысбалансам паміж попытам і прапанаваннем рабочай сілы, скарачэннем рэгіструемага беспрацоўя, ростам попыту эканомікі на кадры", - адзначыла Жанна Рамановіч.

У 2012 годзе ў параўнанні з 2011 годам прыём работнікаў запоўніў іх выбыццё на 99,8 працэнта (у 2011 годзе - на 95,6 працэнта). Адмоўны баланс руху кадраў адзначаўся ў такіх буйнейшых галінах, як прамысловасць (76,3 працэнта), будаўніцтва (93,4 працэнта), дзяржаўнае кіраванне (60 працэнтаў), сфера камунальных паслуг (89 працэнтаў), ахова здароўя (96,8 працэнта), адукацыя (74,9 працэнта). Колькасць работнікаў, звольненых па ініцыятыве наймальнікаў у сувязі са скарачэннем штату або ліквідацыяй арганізацыі, знізілася да 1,8 тыс. чалавек (0,9 працэнта ў агульнай колькасці звольненых) супраць 2,2 тыс. (1,1 працэнта) у 2011 годзе. Менш людзей працавала ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, знізілася ўдзельная вага неэфектыўна занятых работнікаў. Адначасова больш як 1,5 тыс. арганізацый горада штомесяц інфармавалі службу занятасці аб існуючых вакансіях.

Што датычыцца якасных характарыстык, то чвэрць работнікаў у Мінску працуюць на прамысловых прадпрыемствах. Сярэдні ўзрост працуючых - 40,4 года. Самыя маладыя работнікі заняты ў банкаўскай сферы, а таксама ў арганізацыях, звязаных з вылічальнай тэхнікай. У цэлым доля працуючай моладзі (да 31 года) у агульнай колькасці занятых у горадзе перавысіла 30 працэнтаў, кожны сёмы работнік старэйшы за працаздольны ўзрост. Найбольшая колькасць працуючых пенсіянераў прадстаўлена ў сферы навуковых даследаванняў і распрацовак, у арганізацыях адукацыі і аховы здароўя. Самая шматлікая ўзроставая група - работнікі ва ўзросце 30-49 гадоў (41,6 працэнта ад агульнай колькасці). Суадносіны працуючых мужчын і жанчын схіляюцца ў бок жаночай палавіны.

У мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў і канкурэнтаздольнасці рабочай сілы ў сталіцы рэалізуюцца мерапрыемствы дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва. У паслугах службы занятасці ў 2012 годзе мелі патрэбу 25,9 тыс. чалавек, з іх 15,3 тыс. беспрацоўных. У актыўныя праграмы занятасці былі ўключаны 11,8 тыс. чалавек, або 77,2 працэнта ад колькасці маючых патрэбу ў садзейнічанні беспрацоўных. Працаўладкаваны звыш 13,2 тыс. чалавек, у тым ліку 7,4 тыс. беспрацоўных. Сярэдняя працягласць беспрацоўя знізілася з 2,9 месяца ў 2011 годзе да 2,7 месяца ў 2012-м, перыяд пошуку работы - з 2,1 да 1,9 месяца. Дзейнічаюць спецыяльныя праграмы па працаўладкаванню інвалідаў і моладзі без вопыту работы, для прадастаўлення часовай занятасці арганізаваны аплатныя грамадскія работы, аказваецца падтрымка ў арганізацыі ўласнага бізнесу. На базе 18 навучальных устаноў па 32 прафесіях (спецыяльнасцях) і навучальных курсах праводзіцца прафесійнае навучанне маючых патрэбу ў працаўладкаванні.

Прадаўжаецца практыка прыцягнення замежных і іншагародніх спецыялістаў на работу. У 2012 годзе арганізацыям выдадзены 7 тыс. 147 спецыяльных дазволаў на прыцягненне замежнай рабочай сілы, што на 46 працэнтаў больш, чым у 2011 годзе. Галоўным чынам замежныя спецыялісты прыцягваюцца ў будаўнічую галіну і сферу паслуг. На аб'ектах Мінска працуюць грамадзяне Узбекістана, Таджыкістана, Кітая і іншых краін. Развіваецца супрацоўніцтва паміж мінскімі і рэгіянальнымі будаўнічымі кампаніямі, што дае магчымасць вырашаць праблему з дэфіцытам будаўнікоў. Разам з тым, паводле слоў прадстаўнікоў аб'яднання "Мінскбуд", працэс ідзе цяжка, хутка папоўніць колькасць працуючых не атрымліваецца. Уплывае тое, што за 2011 год адток з будаўнічай галіны склаў 3,5 тыс. спецыялістаў. У сферах гандлю і паслуг выйсце шукаюць у прадастаўленні гібкіх графікаў для навучэнскай моладзі.

Трэба адзначыць і такую меру па замацаванню кадраў, як вырашэнне жыллёвых пытанняў. Кадравы дэфіцыт стымуляваў у Мінску будаўніцтва інтэрнатаў. Так, у бягучым годзе адкрываюцца два інтэрнаты для медыцынскіх работнікаў, у кожным з якіх налічваецца больш як 150 пакояў. Мінгарвыканкам прапануе да 30 працэнтаў арэнднага жылля, што будуецца за дзяржаўны кошт, прадастаўляць запатрабаваным спецыялістам, напрыклад, вадзіцелям грамадскага транспарту, медсёстрам, будаўнікам. Пакуль дзяржаўны арэндны жылы фонд, які налічвае толькі некалькі соцень кватэр, размяркоўваецца паміж тымі, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у залежнасці ад тэрміну пастаноўкі на чаргу. На думку начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандра Аўраменкі, засяленне работнікаў, у якіх асабліва мае патрэбу горад, у арэндныя кватэры дасць магчымасць вырашыць кадравую праблему. Такі падыход замацавання спецыялістаў прыняты па Парку высокіх тэхналогій (завершаны будаўнічыя работы па двух арэндных дамах для айцішнікаў). Па даручэнню кіраўніка дзяржавы будуюцца арэндныя кватэры для маладых вучоных і дзеячаў культуры - гэтымі днямі прайшла цырымонія пачатку будаўніцтва жылога комплексу для навуковай і творчай інтэлігенцыі "Магістр".

"Пераход на масавае будаўніцтва арэнднага жылля азначае новы падыход да рэалізацыі жыллёвай палітыкі, паколькі жыллё стане элементам прафесійнай арыентацыі, яго выдзяленне будзе садзейнічаць вырашэнню і эканамічных, і сацыяльных задач, - лічыць мэр Мінска Мікалай Ладуцька. - Дадатковыя магчымасці пражывання ў камунальным жыллёвым фондзе, фондзе прадпрыемстваў павінны станоўча паўплываць і на забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі".

Сітуацыя на рынку працы ў сталіцы ў многім абумоўлена аб'ектыўнымі фактарамі, такімі як імклівае развіццё сферы паслуг, жыллёвага і камерцыйнага будаўніцтва, прыватнага бізнесу, дзе патрэбны рабочыя рукі. Пэўны ўплыў аказвае дэмаграфічны спад 90-х гадоў, старэнне насельніцтва. Але ёсць і рэзервы. У прыватнасці, не ўсюды працоўныя рэсурсы выкарыстоўваюцца рацыянальна, і ў сувязі з гэтым эксперты рэкамендуюць арганізацыям, што маюць вакансіі, якія доўга не запаўняюцца, высокую цякучасць кадраў, нізкі ўзровень аплаты працы, а таксама падлягаюць мадэрнізацыі, ацаніць эфектыўнасць выкарыстання існуючага патэнцыялу, праводзячы кадравую дыягностыку для аналізу асноўных эканамічных паказчыкаў, ацэнкі колькасці персаналу і вызначэння напрамкаў аптымізацыі. Вызваленыя работнікі могуць быць задзейнічаны ў іншых галінах.

Нельга не сказаць і аб такой праблеме, як дыспрапорцыя паміж патрэбнасцямі наймальнікаў і прапанаваннем сферы адукацыі. На рынку працы найбольшым попытам карыстаюцца спецыялісты рабочых спецыяльнасцей, у той час як абітурыенты не спяшаюцца выбіраць найбольш запатрабаваныя прафесіі. Установы прафтэхадукацыі Мінска ўкамплектаваны навучэнцамі толькі на 88,3 працэнта. Найбольшая колькасць свабодных месц у каледжах будаўнічага профілю і лёгкай прамысловасці. Каб запоўніць недабор, навучальныя ўстановы штогод прадаўжаюць тэрміны падачы дакументаў. У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама лічаць, што неабходна змяніць падыход у прафарыентацыйнай рабоце і дапрафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў, зрабіць акцэнт на мэтавай падрыхтоўцы навучэнцаў. На першы план выходзіць арыентацыя на атрыманне рабочых прафесій, а потым - вышэйшай адукацыі.

Надзея РАДЗІВОН
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі