Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
07 сакавіка 2013, 13:44

Мадэрнізацыя прадпрыемстваў выведзе прамысловасць на якасна новы ўзровень

Пры рэалізацыі праграмы мадэрнізацыі прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" адбыўся збой па тэрмінах уводу аб'ектаў у строй. Абяцанні аказаліся нявыкананымі, за што Прэзідэнт Беларусі зрабіў вымову, а некаторыя паплаціліся пасадамі. Аб тых памылках, якія былі дапушчаны на пачатковым этапе рэалізацыі праграмы тэхпераўзбраення прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам", аб асаблівасцях іх мадэрнізацыі, ужо існуючых выніках і перспектывах галіны на бліжэйшыя гады, карэспандэнту БЕЛТА расказаў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Галоўная памылка рэалізацыі праграмы тэхпераўзбраення на прадпрыемствах канцэрна "Беллеспаперапрам" у тым, што практычна ніхто з кіраўнікоў прадпрыемстваў не ўсведамляў маштабнасць і складанасць задач, якія трэба будзе вырашаць, а таксама не меў дэталёвага ўяўлення аб тэхналогіях, якія трэба было ўкараніць. Спачатку ўзялі на сябе абавязацельства за 3 гады завяршыць праекты, а толькі потым пачалі думаць. У выніку на тое, каб глыбока ўнікнуць у праблему, зразумець, якое абсталяванне і ў каго неабходна яго закупляць, вырашыць шэраг іншых арганізацыйных момантаў, пайшлі цэлыя 2 гады. У выніку тэрміны не выкананы.

Тым не менш, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: прамаруджванне, якое мела месца, дало магчымасць зрабіць правільны выбар у пытанні пастаўшчыка абсталявання. "Спачатку мы захапіліся ідэяй куплі кітайскага абсталявання, зыходзячы з таго, што можна было ўзяць доўгі крэдыт. Некалькі разоў нашы спецыялісты ездзілі ў Кітай. Так, гэта вялікая краіна, вялікі народ, і ў многім яны нам цяпер дапамагаюць. Тым не менш, менавіта ў гэтай галіне лідарамі застаюцца еўрапейскія кампаніі - германскія, аўстрыйскія, італьянскія. Пасля таго, як мы пусцілі завод у Івацэвічах, я пераканаўся, што зрабілі абсалютна правільна, купіўшы еўрапейскае абсталяванне", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Пабудаваны тут завод - адначасова пілотны, выставачны і вучэбны праект для астатніх прадпрыемстваў. "У выніку атрымаўся па сутнасці завод-аўтамат. Пагрузчыкі на ўваходзе загружаюць балансы драўніны. Усё ідзе ў аўтаматычным рэжыме, а ў аператарскіх толькі назіраюць па камп'ютарах за гэтымі працэсамі. Дарэчы, уся энергетыка працуе на кары, на адходах драўніны", - расказаў Уладзімір Сямашка.

Але самае важнае - гэта атрыманы фінансава-эканамічны эфект. Цяпер на новым заводзе працуюць 180 чалавек. Штогод тут будзе выпускацца прадукцыі на Br350 млрд. Дарэчы, у студзені ён пачаў працаваць ужо на поўную магутнасць. Калі падзяліць гэты аб'ём вытворчасці на колькасць чалавек і перавесці па курсу, то атрымаецца $224 тыс. Для параўнання: паралельна працуе стары завод, дзе колькасць складае 1 тыс. чалавек, якія ў мінулым годзе вырабілі прадукцыі на Br200 млрд. Тыя ж матэматычныя дзеянні даюць у выніку толькі $23 тыс. Як кажуць, адчуйце розніцу: паміж $224 тыс. і $23 тыс. - гэта ў 10 разоў больш.

Аказваецца, можна за кароткі час - за 3-3,5 года - рушыць наперад вось так, у 10 разоў павялічыўшы выпрацоўку на чалавека. А калі большая выпрацоўка, то ў перспектыве, калі завод разлічыцца з даўгамі і крэдытамі, можна будзе зарплату адпаведную плаціць, у N разоў большую.

Важны яшчэ адзін момант. У гэтага завода вельмі ўстойлівы бізнес, таму што ён заснаваны на беларускай сыравіне. У якасці сыравіны выкарыстоўваецца дрывяная драўніна, так званыя балансы - вольха, бяроза, сасна. Не трэба забываць і аб тым, што больш як 70 працэнтаў прадукцыі завода павінна ісці на экспарт. Такім чынам, з аднаго боку, вырашаецца праблема імпартазамяшчэння, айчынная мэблевая прамысловасць і домабудаванне забяспечваюцца патрэбным матэрыялам, з іншага - вырашаецца праблема экспарту.

Такіх заводаў па вытворчасці МДФ, ХДФ, ДСП цяпер у Беларусі будуецца сем. Яны будуць уводзіцца ў строй у 2013-2015 гадах.

Гомельскай вобласці ў планах канцэрна адведзена асаблівае месца - тут рэалізуюцца адразу 5 праектаў. Па першапачатковаму плану - "Рэчыцадрэў", "Гомельдрэў" і "Мазырдрэў". А цяпер да іх дабавіліся яшчэ два суперпраекты, якія трэба будзе рэалізаваць у ААТ "Светлагорскі ЦКК" і на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы".

У прыватнасці, паводле задумы, эфектыўнасць завода ў ААТ "Гомельдрэў" павінна быць вышэйшая, чым на тым, што пабудаваны ў Івацэвічах. Па плану яго павінны запусціць у сярэдзіне 2014 года. "Канстатую, што гэты аб'ект ідзе нават крыху з апярэджаннем. Калі не да канца бягучага года, то ў пачатку наступнага мы яго запусцім. І ў нас з'явіцца яшчэ адзін працуючы завод-аўтамат", - адзначыў субяседнік.

ААТ "Рэчыцадрэў" апошнія гады было праблемным прадпрыемствам. Гэта вельмі стары завод, а яго праблемы звязаны з фінансавым станам. Фактычна завод працаваў на страту. Прынятыя на ўрадавым узроўні меры далі магчымасць яго крыху падцягнуць. Аднак у корані праблема вырашыцца толькі пасля таго, калі на старых плошчах будзе створаны новы завод. На ім запланавана выпускаць ДСП, а потым гэтыя пліты ламініраваць. Работы па мадэрнізацыі ідуць тут таксама поўным ходам.

Самыя маштабныя праекты па Гомельскай вобласці і ў сістэме "Беллеспаперапрама" рэалізуюцца ў ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" і на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы". У Светлагорску, дзе ствараецца завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, як выказаўся Уладзімір Сямашка, "пачалася грандыёзная будоўля, кошт якой складае больш як $800 млн.". Магутнасць будучага прадпрыемства - 400 тыс.т цэлюлозы за год. Па сусветных мерках гэта ўжо вялікі завод, які будзе працаваць на беларускай сыравіне. Каб атрымаць сульфатную цэлюлозу, плануецца выкарыстоўваць сумесь балансавай драўніны, якая складаецца на 90 працэнтаў з беларускай сасны і на 10 працэнтаў - з бярозы і вольхі. Вобразна кажучы, сульфатная цэлюлоза - гэта хлеб для папяровай прамысловасці. Нават для тых заводаў, што мае Беларусь цяпер, прыкладна на $100 млн. за год завозіцца цэлюлозы з Расіі, Германіі, Польшчы. Калі будзе пабудаваны свой завод, то поўнасцю закрыюцца патрэбнасці краіны (160-170 тыс.т). Гэта прадукцыя лічыцца высокаліквіднай на рынку. Яе гатовы купляць Еўропа, Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія. І ў гэтым выпадку, як і ў Івацэвічах, вырашаецца праблема імпарту і экспарту.

Што гэта значыць для калектыву прадпрыемства? За год камбінат колькасцю 3,1 тыс. чалавек выпускае прадукцыі на $105 млн. - сярэдні завод, сярэдняя вытворчасць. Але, калі будзе пабудаваны новы завод, гэты ж калектыў вырабіць значна больш. Там не патрэбна будзе вялікая колькасць - гэта таксама будзе завод-аўтамат. Тыя ж 3,1 тыс. чалавек стануць выпускаць у 6 разоў больш прадукцыі. Новы комплекс разлічаны на выпуск прадукцыі коштам $500 млн. "Вось мы гаворым: ці можна мець зарплату $1 тыс. або $2 тыс.? Вы палічыце, пры выпуску аб'ёму прадукцыі $105 млн. у іх была зарплата $400. А калі будзе аб'ём вытворчасці $600 млн. - то $400 трэба памножыць на шэсць, ну або хаця б на чатыры. І гэта ўжо вельмі добрая сума атрымліваецца", - адзначыў субяседнік.

Цяпер ідзе вертыкальная планіроўка катлавана, іншыя земляныя работы. Плануецца, што да канца 2015 года завод пачне выдаваць прадукцыю, а папярова-цэлюлозная прамысловасць Беларусі будзе мець экспартны патэнцыял.

Частку цэлюлозы будзе выкарыстоўваць ААТ "СветлагорскХімвалакно", размешчанае па суседству з цэлюлозна-кардонным камбінатам. З гэтай сыравіны атрымліваюць віскозную пражу, з якой потым вырабляюць штапельныя тканіны.

Другі па маштабу праект - гэта папяровая фабрыка "Герой працы", якая пабудавана 130 гадоў таму. Вядома, ад першапачатковага выгляду ў яе засталіся толькі сцены. Але тэхналогіі, якія прымяняюцца, ужо не адпавядаюць ХХІ стагоддзю. Адсюль і фінансавыя праблемы. "Калі мы пабудуем такі завод, а гэта аб'ём інвестыцый - $382 млн., то гэта прадпрыемства будзе выпускаць адносна цяперашняга аб'ёму пры той жа колькасці работнікаў у 10,5 раза больш. Гэта значыць выпрацоўка на чалавека павялічыцца ў 10,5 раза", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. Фабрыка будзе сусветнага ўзроўню, з адпаведнымі паказчыкамі, і працаваць яна будзе на светлагорскай сульфатнай беленай цэлюлозе.

Калі падвесці вынік у цэлым па ўсёй праграме канцэрна "Беллеспаперапрам", а яна завяршаецца 2015 годам, то аб'ём таварнай прадукцыі па канцэрну вырасце ў 2,6 раза адносна 2011 года, аб'ём экспарту - у 2,9 раза, знешнегандлёвае сальда - у 6 разоў, з $200 млн. да $1,2 млрд. "Аказваецца, можна нядрэнна зарабляць на беларускай сасне, вольсе, бярозе. Што такое $1,2 млрд.? Гэта вельмі добрая сума, калі ўлічыць, што ў нас папярэднія гады адмоўнае сальда было на ўзроўні $3-5 млрд. А тут нават не галіна, а падгаліна можа даць кампенсацыю паказчыкаў сальда на $1,2 млрд. Вось што такое мадэрнізацыя", - канстатаваў Уладзімір Сямашка.

Няма ніякага сумнення, што толькі мадэрнізацыя прадпрыемстваў выведзе прамысловасць на якасна новы ўзровень, вырашаючы адначасова шэраг важных сацыяльных пытанняў, у тым ліку і рост даходаў насельніцтва. Пры гэтым важна, каб суб'екты гаспадарання арыентаваліся на рэалізацыю прарыўных праектаў, якія базіруюцца на самых сучасных тэхналогіях, а таксама даюць магчымасць максімальна задзейнічаць мясцовыя рэсурсы, як матэрыяльныя, так і інтэлектуальныя, падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

Валерый СІДОРЧЫК
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі