Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 мая 2013, 13:04

Дружба гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Латвіі складае аснову міжрэгіянальнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва - А.Герасіменка

Дружба гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Латвіі складае аснову міжрэгіянальнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Гэта адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, каменціруючы вынікі праведзенага 17-18 мая ў Даўгаўпілсе II Латвійска-беларускага форуму гарадоў-пабрацімаў. На думку дыпламата, форум надаў дадатковы імпульс развіццю партнёрскага рэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Аляксандр Герасіменка падкрэсліў, што беларускае пасольства на пастаяннай аснове праводзіць вялікую работу па развіццю супрацоўніцтва гарадоў і рэгіёнаў Беларусі і Латвіі. З улікам напрацаванага вопыту супрацоўніцтва ў сферы ўключэння муніцыпальных утварэнняў дзвюх краін у партнёрскія сувязі і ў мэтах інтэнсіфікацыі гэтага працэсу пасольствам была вылучана ідэя аб правядзенні спецыялізаванага Форуму пародненых гарадоў. Практычная рэалізацыя ідэі была ажыццёўлена ў 2012 годзе пад эгідай і пры важнейшым арганізацыйным і матэрыяльным удзеле Беларускай грамадскай арганізацыі "Пародненыя гарады", грамадскай арганізацыі "Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі" ва ўзаемадзеянні з Асацыяцыяй самакіраванняў Латвіі пры вялікай падтрымцы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і гарвыканкама г.Наваполацка, якi прыняў у мінулым годзе I Форум.

Арганізатарамі II Латвійска-беларускага форуму сталі Даўгаўпілская гарадская Дума, Саюз самакіраванняў Латвіі, Таварыства садзейнічання латвійска-беларускім эканамічным сувязям, Беларуская грамадская арганізацыя "Пародненыя гарады" пры садзейнічанні Міністэрства абароны навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця Латвійскай Рэспублікі, Латгальскага рэгіёна планавання, Гандлёва-прамысловай палаты Латвіі, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, Генеральнага консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску, Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе.

На сустрэчы ў Даўгаўпілсе былі прааналізаваны вынікі работы за мінулы з I Форуму перыяд. За гэты час беларускія і латвійскія гарады і раёны, зацікаўленыя ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, правялі каля 70 мерапрыемстваў. Найбольшая іх колькасць прыпадае на ўзаемадзеянне ў сферы трансгранічнага супрацоўніцтва, горадакіравання, турызму, культуры, спорту і дзіцячага адпачынку.

Найбольшай актыўнасцю ў рэалізацыі праектаў вызначыліся раённыя і гарадскія ўлады Віцебскай вобласці, якая непасрэдна мяжуе з Латвіяй, на іх долю прыпала дзве трэці ўсіх праведзеных мерапрыемстваў.

Аляксандр Герасіменка адзначыў, што асаблівай увагі заслугоўвае работа ў сферы трансгранічнага ўзаемадзеяння з прыцягненнем фінансавання за кошт еўрапейскіх праграм і фондаў. У гэтай частцы цікавы вопыт Віцебска і Наваполацка, якія прыцягнулі на рэалізацыю праектаў на сваёй тэрыторыі 55,8 тыс. еўра і $38,4 тыс. адпаведна.

Пасол падкрэсліў важнасць таго факта, што пабрацімскае ўзаемадзеянне прывяло і да нарошчвання экспарту беларускіх тавараў у Латвію. Адным з прыкладаў з'яўляецца Докшыцкі раён, які павялічыў свой экспарт у Латвію ў 2012 годзе ў 3,8 раза (да $756,4 тыс.).

Дыпламат канстатаваў рост падтрымкі з боку мясцовых муніцыпалітэтаў развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і іншых сферах. Паводле яго слоў, вялікая ўвага латвійскімі муніцыпальнымі ўтварэннямі аказваецца падтрымцы беларускай дыяспары ў Латвіі. Найбольш пазітыўную ролю тут адыгрываюць гарады Вентспілс, Даўгаўпілс, Екабпілс, Елгава, Ліепая і Рыга.

Аляксандр Герасіменка падкрэсліў, што ў Даўгаўпілсе колькасць тых, хто прыняў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў кіраўніцтва і прадпрымальніцкай супольнасці беларускіх і латвійскіх гарадоў, наблізілася да 400. У прыватнасці, былі прадстаўлены 37 гарадоў і раёнаў Беларусі і каля 30 гарадскіх і краявых дум Латвіі.

Беларуская дэлегацыя на чале з губернатарам Мінскай вобласці, кіраўніком грамадскай арганізацыі "Пародненыя гарады" Барысам Батурам удзельнічала ў абмеркаванні пытанняў пабрацімскага руху на пленарным пасяджэнні, а таксама ў рабоце па секцыях. Бакі адзначылі эфектыўнасць узаемадзеяння гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Латвіі і выказаліся за тое, каб пабрацімскі рух Беларусі і Латвіі максімальна выкарыстоўваў перавагі Мытнага саюза і Еўрапейскага саюза.

На сустрэчы ў Даўгаўпілсе падпісаны 5 новых дагавораў аб пабрацімстве. У прыватнасці, гарадамі-пабрацімамі сталі Горкі і Краслава, Шаркаўшчына і Зілупе, Нясвіж і Аўцэ, Заслаўе і Лудза, Орша і Марупэ. Такім чынам, колькасць гарадоў-пабрацімаў у Беларусі і Латвіі павялічылася да 25. А калі ўлічыць наяўнасць 26 гарадоў-партнёраў, то ўсяго налічваецца 51 беларуска-латвійская пара гарадоў, што падтрымліваюць дружалюбныя адносіны.

Як падкрэсліў Аляксандр Герасіменка, на сустрэчы адзначана значная роля мясцовых выканаўчых органаў улады і прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Латвіі ў развіцці міжрэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прыгранічных, культурных і міжпарламенцкіх сувязей, супрацоўніцтва ў галіне турызму і спорту.

Прысутныя на форуме звярнуліся да ўсіх удзельнікаў пабрацімскага руху і латвійска-беларускага супрацоўніцтва з заклікам прадоўжыць работу па пашырэнню партнёрскіх сувязей паміж муніцыпалітэтамі Латвіі і Беларусі, парламентамі і дэпутацкімі групамі Сейма Латвіі і Нацыянальнага сходу Беларусі. Бакі выказаліся за тое, каб больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці міжурадавай камісіі Латвіі і Беларусі па эканамічнаму і навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, Савета дзелавога супрацоўніцтва Латвіі і Беларусі, а таксама Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Рызе, які нядаўна адкрыўся.

Беларусь і Латвія дамовіліся ўсебакова развіваць міжрэгіянальныя гандлёва-эканамічныя, дзелавыя і культурныя сувязі, больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці, прадастаўленыя ўвядзеннем спрошчанага парадку перасячэння граніцы жыхарам прылеглых тэрыторый.

У прынятай па выніках сустрэчы ў Даўгаўпілсе рэзалюцыі ўдзельнікі форуму заклікалі ўсе дзяржаўныя, урадавыя, парламенцкія, муніцыпальныя і грамадскія арганізацыі дзвюх дзяржаў усямерна садзейнічаць развіццю і пашырэнню партнёрскіх сувязей абласцей, гарадоў, краёў, іншых фарміраванняў мясцовай выканаўчай і заканадаўчай улад у якасці важнейшага складальніка міждзяржаўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, умацавання добрасуседства і дружалюбных адносін Беларусі і Латвіі.

Пасол акцэнтаваў увагу на высокай аддачы пабрацімскага супрацоўніцтва ў цэлым для беларуска-латвійскага ўзаемадзеяння.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі