Сцяг Чацвер, 26 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
06 снежня 2024, 13:19

Адзіная прампалітыка Беларусі і РФ выступае магутнай платформай для інтэграцыйных працэсаў у СД

У снежні гэтага года - юбілей Саюзнай дзяржавы, чвэрць стагоддзя таму быў падпісаны дагавор аб яе стварэнні. Рэалізацыя адзінай прамысловай палітыкі Беларусі і Расіі выступае магутнай платформай для інтэграцыйных працэсаў у СД. Упэўненасць у гэтым выказаў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў у каментарыі карэспандэнту БЕЛТА.

Аляксандр Яфімаў адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй заўсёды характарызавалася высокім узроўнем інтэграцыі і кааперацыі, асабліва ў прамысловай сферы. Ужо больш за 10 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў звязаны вытворчай кааперацыяй, выконваючы ўзаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў. Гэта стала бясспрэчным пацвярджэннем узаемнай цікавасці да далейшага сумеснага развіцця прамысловых сектараў дзвюх краін. Напрыклад, ААТ "БЕЛАЗ" супрацоўнічае з больш як 200 прадпрыемствамі РФ. Звыш 300 расійскіх прадпрыемстваў ажыццяўляюць кааперацыйнае супрацоўніцтва з ААТ "МАЗ" і пастаўляюць на канвеер беларускага завода розныя матэрыялы і камплектуючыя. У цеснай кааперацыі з больш як 130 расійскімі кампаніямі вырабляецца збожжаўборачная тэхніка ААТ "Гомсельмаш". Партнёрамі ААТ "МТЗ" па вытворчай кааперацыі ў РФ з'яўляюцца больш за 100 прамысловых прадпрыемстваў.

Кіраўнік ведамства нагадаў, што асноўным пытаннем, над якім працавалі прадстаўнікі ўлады ў рамках Саюзнай дзяржавы, стала стварэнне ў 2021 годзе спрыяльных і роўных умоў гаспадарання на рынку інтэграцыйнага аб'яднання. Інакш кажучы, гэта забеспячэнне роўнага доступу да дзяржзакупак, ільготнага фінансавання і субсідзіравання без выключэнняў і бар'ераў. Усе гэтыя пытанні і шляхі іх вырашэння знайшлі адлюстраванне ў Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і Саюзнай праграме па фарміраванні адзінай прамысловай палітыкі, якія былі зацверджаны 4 лістапада 2021 года дэкрэтам Вышэйшага дзяржаўнага савета СД нумар 6.

Пры падрыхтоўцы саюзнай праграмы па фарміраванні адзінай прамысловай палітыкі ў аснову быў закладзены прыярытэт захавання інтарэсаў абедзвюх дзяржаў. Дакумент грунтаваўся на рэалізацыі наступных асноўных напрамкаў: падпісанне пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расіі аб прамысловай палітыцы, правядзенне сумеснага маніторынгу нарматыўных прававых актаў бакоў, якія патрабуюць змяненняў з мэтай выключэння абмежаванняў ва ўзаемным гандлі на нацыянальным узроўні, стымуляванне развіцця прамысловых вытворчасцей на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (імпартазамяшчальныя праекты) і прызнанне тэхналагічных аперацый, што выконваюцца пры вытворчасці прамысловай прадукцыі на тэрыторыях дзвюх краін.

"Падпісаная ў 2021 годзе саюзная праграма па фарміраванні адзінай прамысловай палітыкі абазначыла далейшыя напрамкі развіцця супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці і дазволіла прыняць для рэалізацыі шэраг стратэгічных дакументаў", - нагадаў Аляксандр Яфімаў. У верасні 2022 года было падпісана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб прызнанні тэхналагічных аперацый, якія ажыццяўляюцца на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, а таксама міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне мікраэлектронных тэхналогій, праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы і электроннага машынабудавання.

Далей было падпісанне шэрага новых стратэгічных дакументаў. У лютым 2023 года падпісана пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб адзінай прамысловай палітыцы. У ліпені 2023-га - міжурадавае пагадненне аб развіцці супрацоўніцтва ў галіне станкаінструментальнай прамысловасці. У студзені 2024 года прыняты дэкрэт Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы нумар 3 "Аб асобных пытаннях рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі і правілах пацвярджэння вытворчасці прамысловай прадукцыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы".

З прыняццем дэкрэта беларускі і расійскі бакі дамовіліся аб роўным прызнанні камплектуючых, вырабленых на тэрыторыях нашых краін. Такім чынам, створаны ўмовы для больш шырокага прымянення камплектуючых беларускай і расійскай вытворчасці ў прамысловай прадукцыі бакоў. Галоўная мэта - забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Саюзнай дзяржавы, а таксама фарміраванне ўмоў для тэхналагічнага лідарства, падкрэсліў міністр прамысловасці.

"Нашы прамыслоўцы маюць неабходныя кампетэнцыі, каб самастойна забяспечваць вытворчасць дэталямі, вузламі і камплектуючымі і скараціць залежнасць ад паставак камплектуючых вытворчасці трэціх краін. У частцы лакалізацыі вытворчасцей ёсць дамоўленасці аб планамерным яе павышэнні (з выкарыстаннем кампетэнцый беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў) у сферы вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі, перш за ўсё легкавых аўтамабіляў. Работа ў гэтым напрамку запланавана ў некалькі этапаў, з 2025 па 2026 год", - праінфармаваў кіраўнік ведамства.

Аляксандр Яфімаў таксама дадаў, што праведзена работа па гарманізацыі заканадаўстваў, якія рэгламентуюць вытворчасць прадукцыі на тэрыторыях бакоў.

Ён адзначыў, што ў адпаведнасці з дамоўленасцямі і з улікам праводзімай работы па паглыбленні лакалізацыі Мінпрам Беларусі ў рамках дэкрэта нумар 3 на пастаяннай аснове вядзе цеснае ўзаемадзеянне з расійскім бокам па ўзгадненні пераліку праграм субсідзіравання і льготнага лізінгу для ўдзелу ў іх прадукцыі беларускай і расійскай вытворчасці на ўмовах раўнапраўя і здаровай канкурэнцыі.

У сферы імпартазамяшчэння зацверджаны для рэалізацыі 27 інвестыцыйных праектаў і падрыхтаваны для абмеркавання з расійскім бокам яшчэ 10 новых імпартазамяшчальных праектаў.

Важным складнікам супрацоўніцтва выступае дынамічнае ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай сферы, звярнуў увагу кіраўнік ведамства. Так, на працягу апошніх пяці гадоў тавараабарот прадпрыемстваў Мінпрама з Расіяй няўхільна расце. У 2024 годзе, паводле ацэнкі, гэты паказчык павялічыцца да 2020 года ў 2,5 раза.

"Такім чынам, можна з упэўненасцю канстатаваць, што цесная інтэграцыя ў прамысловай сферы садзейнічае дынамічнаму развіццю беларуска-расійскіх адносін", - рэзюмаваў Аляксандр Яфімаў.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,
БЕЛТА.-0-
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі