Сцяг Нядзеля, 15 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лютага 2026, 12:11

Марш-кідок і падцягванне. Дэсантнікі і гвардзейцы здаюць нарматывы па фізпадрыхтоўцы ў час праверкі УС 

14 лютага, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Раптоўная праверка ва Узброеных Сілах па даручэнні Прэзідэнта Беларусі прадаўжаецца. Сёння на базе 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў байцы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады і 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады здаюць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прадаўжаем удзельнічаць у праверцы, што праводзіцца па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі. Згодна з планам, сёння ваеннаслужачыя ажыццяўляюць марш-кідок на 5 км са зброяй. Асабовы склад гатовы, задачу ведае, разумее, здольны яе выканаць. Я ўпэўнены ў сваіх падначаленых. Далей мы прадоўжым здачу нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Заўтра ваеннаслужачыя будуць здаваць падцягванне на перакладзіне. Завершаць праверку байцы кантрольнымі заняткамі па агнявой падрыхтоўцы", - расказаў журналістам камандзір 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады Уладзімір Сафонаў.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што асабовы склад падраздзяленняў, якія правяраюцца, пастаянна знаходзіцца ў гатоўнасці. "Таму ў рамках гэтай праверкі для іх нічога асаблівага няма. Яны выконваюць сваю работу, паказваюць тыя навыкі, якія асвоілі да праверкі. Акрамя таго, больш за палавіну часу ваеннаслужачыя знаходзяцца ў "палях", выконваюць розныя задачы", - падкрэсліў камандзір брыгады.

Сярод тых, хто ўдзельнічаў у марш-кідку, быў і ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады Дзмітрый Цынгалёў. "Было няпроста, асабліва на другім і трэцім крузе. Але нас падтрымліваў камандзір нашай роты, хлопцы не здаваліся, не спыняліся. Надвор'е асабліва не перашкаджала", - адзначыў ён.

Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі Аляксандр Ільюкевіч адзначыў, што задаволены дзеяннямі ваеннаслужачых. "Галоўнае тое, што ў байцоў ёсць імкненне, жаданне паказаць рэзультат, абыякавых няма. Рэзультатамі я задаволены. Вядома, умовы надвор'я, перапады тэмпературы ўплываюць у пэўнай ступені. Але мароз, як і дождж, дэсантніка не палохае, толькі бадзёрыць", - падкрэсліў Аляксандр Ільюкевіч.

Акрамя таго, сёння байцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады здавалі нарматывы па падцягванні на перакладзіне. "Праверка баявой гатоўнасці для нас пачалася з маршу на 50 км. Чатыры гадзіны ў дарозе на тэхніцы, усё прайшло выдатна, салдаты вельмі задаволены, з дрэнным надвор'ем справіліся. У далейшым у нас праходзілі стрэльбы са стралковай зброі, з баявой тэхнікі. Сёння здаём падцягванне. Заўтра нас чакае бег на 5 км са зброяй. У нас сістэматычна праходзяць залікі, як і па стральбе, так і па фізічнай падрыхтоўцы. Таму для нас гэта не ў навіну", - сказаў намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай падрыхтоўцы Ілья Грышчанка.

Разам з хлопцамі праверку фізічнай падрыхтоўкі праходзілі і жанчыны-ваеннаслужачыя. "Мы здавалі нарматыў па падыманні тулава ў становішчы лежачы. Для маёй узроставай групы трэба было зрабіць 36 паўтораў, я зрабіла 52. Старалася не падвесці таварышаў па службе, таму што кожны перажывае, хоча здаць як мага лепш, таму што ў батальёне мы адна сям'я", - адзначыла старшы памочнік начальніка штаба па кадравай і страявой частцы Таццяна Кудзерка.

Маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася 16 студзеня, яе ход трымае на асабістым кантролі Галоўнакамандуючы. Па выпрацаванай новай сістэме Прэзідэнт, мінаючы Мінабароны і Генштаб, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці. Першарадная мэта такой праверкі - атрымаць аб'ектыўную карціну, і таму праводзімыя мерапрыемствы маюць раптоўны характар.-0-

Фота Максіма Гучака
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі