Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 мая 2024, 10:16

Беларуска Гнедчык ідзе другой у агульным заліку Кубка свету па пяцібор'і пасля трох этапаў
 

Фота з архіва
Фота з архіва
8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Марыя Гнедчык займае другое месца ў агульным заліку Кубка свету па сучасным пяцібор'і 2024 года пасля трох этапаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У рамках бягучага розыгрышу Кубка свету адбыліся этапы ў Каіры, Анкары і Будапешце. З прадстаўнікоў беларускай каманды на гэтых стартах найбольш ярка сябе праявіла Марыя Гнедчык. З кожным этапам трохразовая чэмпіёнка ІІ Гульняў краін СНД паляпшала свае рэзультаты і ў выніку дасягнула вяршыні: у Егіпце наша спартсменка стала 17-й, у Турцыі - пятай, а на турніры ў Венгрыі заваявала золата.

Пасля трох этапаў Кубка свету Гнедчык са 137 баламі ў актыве займае другое месца ў агульным заліку розыгрышу сярод 114 дзяўчат, уступаючы толькі караянцы Сен Сенмін, у якой 146 ачкоў. У дваццатцы мацнейшых таксама ідзе Настасся Пракапенка - у яе 19-я пазіцыя і 66 пунктаў. Гнедчык і Пракапенка гарантавалі ўдзел у фінале Кубка свету, які пройдзе ў Анкары з 22 па 26 мая. Таксама заліковыя ачкі ў гэтым сезоне набіралі нашы Віялета Гурэева (23), Настасся Малашэнока (6), Вольга Сілкіна (5) і Ірына Прасянцова (1).

У генеральнай класіфікацыі ў мужчын лепшым з беларусаў з'яўляецца Максім Марук, які з 48 баламі размяшчаецца на 31-й пазіцыі сярод 125 удзельнікаў. У ачковую зону на папярэдніх этапах таксама траплялі нашы Максім Фядотка (14), Ілья Палазкоў (2), Уладзіслаў Несцераў і Арцём Еўсцігнееў (па 1). На фінальны этап Кубка свету - 2024 у Турцыі адбяруцца 36 лепшых спартсменаў.

Паралельна Міжнародны саюз сучаснага пяцібор'я падлічвае сусветны алімпійскі рэйтынг. Пасля заканчэння ўсіх адборачных турніраў, адным з якіх з'яўляецца і Кубак свету, ліцэнзіі ў Парыж атрымаюць па дзевяць мацнейшых мужчын і жанчын. У жаночым рэйтынгу Марыя Гнедчык таксама ідзе другой, адрыў беларускі ад апошняга прахаднога месца складае больш за 30 балаў. Кваліфікацыйны перыяд на Гульні-2024 завершыцца 17 чэрвеня, пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Кітаі.

Чацвёрты этап бягучага розыгрышу Кубка свету па сучасным пяцібор'і пройдзе ў сталіцы Балгарыі Сафіі з 8 па 13 мая, прадстаўнікі беларускай каманды на гэты старт не заяўлены.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі