Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 красавіка 2017, 10:34

Прэмію ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2016 годзе атрымалі 10 прадпрыемстваў

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэмію ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2016 годзе атрымалі 10 прадпрыемстваў, заявіў 13 красавіка прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Камісія па прысуджэнні прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці прыняла рашэнне аб прысваенні звання лаўрэата 2016 года дзесяці арганізацыям рэспублікі. Пацвердзілі званне лаўрэата 16 арганізацый, адна стала дыпламантам конкурсу, тры ўдастоены спецыяльных узнагарод", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, усяго за 18 гадоў, пачынаючы з 1999 года, лаўрэатамі прэміі ўрада сталі 213 арганізацый рэспублікі, прычым многія неаднаразова. Пяты раз пацвердзілі званне лаўрэата конкурсу Добрушскі фарфоравы завод, інстытут "Гомельпраект" і Пінскі мясакамбінат. Чатыры разы лаўрэатамі конкурсу станавіліся прадпрыемствы "Магатэкс", "Вітэкс", "Полацк-Шкловалакно".

Андрэй Кабякоў нагадаў, што 2016 год быў годам падвядзення вынікаў пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і годам старту новай пяцігодкі. У сувязі з гэтым арганізацыям важна было не толькі аб'ектыўна ацаніць свае дасягненні і прааналізаваць памылкі (калі былі), дакладна вызначыць і распрацаваць стратэгію далейшага развіцця, але стварыць задзел для выканання мэт новага пяцігадовага плана. "Цяперашнія лаўрэаты конкурсу паспяхова справіліся з гэтай задачай. Сярод іх - ААТ "Магатэкс", "Бярозабудматэрыялы", Маладзечанскі малочны камбінат, Навагрудскі завод газавай апаратуры", - сказаў прэм'ер-міністр. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на цяжкасці ў 2015 годзе, прадпрыемствы змаглі знайсці магчымасці для росту асноўных мэтавых паказчыкаў за кошт рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і ўдасканалення сістэмы арганізацыі вытворчасці.

Кіраўнік урада канстатаваў, што ў мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці і павелічэння экспарту тавараў і паслуг урадам зацверджаны комплекс мер на 2016-2020 гады па стымуляванні ўкаранення ў эканоміку рэспублікі перадавых методык і сучасных міжнародных сістэм кіравання якасцю. "У гэтым напрамку працуюць ужо сёлетнія пераможцы - Добрушскі фарфоравы завод і "Белгіпс". У выніку каля 80 працэнтаў прадукцыі яны пастаўляюць на экспарт. У два і больш разы павялічылі аб'ём экспартных паставак "Магатэкс", "Аўгуст-Бел", Лунінецкі малочны завод, 1-я Мінская птушкафабрыка", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Для паўнапраўнага ўдзелу ў міжнародным гандлі прадукцыя "Бярозабудматэрыялаў" і Гомельскага завода "Камунальнік" прайшла праверку на адпаведнасць міжнародным патрабаванням Еўрапейскага саюза. Для пашырэння допуску прадукцыі на еўрапейскі рынак пераможцы конкурсу "Бабуліна крынка", Слонімскі мясакамбінат, Ляхавіцкі малочны завод сертыфікавалі сістэму менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў па міжнароднай сістэме сертыфікацыі FSSC, якая ўстанаўлівае высокі ўзровень патрабаванняў для асяроддзя, прыдатнага для вытворчасці харчовых прадуктаў. Акрамя таго, "Бабуліна крынка" і Маладзечанскі малочны камбінат атэставалі вытворчасці на пастаўку прадукцыі ў Кітай.

"Каб актыўней заваёўваць рынкі, неабходна стварэнне якаснай высокатэхналагічнай канкурэнтнай прадукцыі. З гэтай мэтай цяперашнія пераможцы конкурсу абнаўляюць абсталяванне і ўкараняюць сучасныя тэхналогіі. У выніку - высокі ўзровень прадукцыі і яе запатрабаванасць на сусветных рынках", - заявіў Андрэй Кабякоў. Павышэнне якасці айчынных тавараў таксама дае магчымасць замяшчаць на ўнутраным рынку імпартуемую прадукцыю раўнацэннай беларускай. Стварэнне ўласных магутнасцей дае магчымасць зменшыць і нават поўнасцю выключыць залежнасць ад імпарту. "Мэтанакіраваную работу па стварэнні імпартазамяшчальнай прадукцыі праводзяць Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Навагрудскі завод газавай апаратуры, прадпрыемства "Конус", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што 2017 год аб'яўлены ў Беларусі Годам навукі. "Адпаведны ўказ падпісаны кіраўніком дзяржавы ў мэтах павышэння ролі навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, фарміраванні міжнароднага іміджу Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага капіталу", - сказаў ён.

Інавацыйная накіраванасць развіцця рэспублікі грунтуецца на айчынных распрацоўках, якія ствараюцца ў навуковых арганізацыях, у тым ліку ва ўстановах вышэйшай адукацыі. "Адпавядаючы патрэбнасцям часу, цяперашнія лаўрэаты - Беларускі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, Брэсцкі ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна - актыўна заахвочваюць студэнтаў розных профіляў навучання да навуковых і даследчых работ. Гэта садзейнічае фарміраванню сучасных спецыялістаў, праекціроўшчыкаў інавацыйнай прадукцыі, распрацоўшчыкаў прагрэсіўных тэхналогій", - канстатаваў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што прадпрыемствы не могуць развівацца без сучасных ведаў, дасягненняў навукі і тэхналогій. "Унікальныя вынаходствы адкрываюць дарогу новым унікальным ідэям. Гэта даказвае дзейнасць нашых лаўрэатаў, сярод якіх "Полацк-Шкловалакно", "Вітэкс", Брэсцкі мясакамбінат. Яны смела ідуць па шляху навукова-тэхнічнага прагрэсу, ствараюць навуковыя цэнтры і эксперыментальныя цэхі для ўкаранення ў вытворчасць інавацыйных распрацовак", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі