8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы Украіны 12 мая плануюць пачаць першы этап аслаблення абмежавальных мер. Аб гэтым на брыфінгу заявіў мэр Кіева Віталь Клічко, паведамляе Укрінфарм.
Паводле яго слоў, у сталіцы плануюць адкрыць непрадуктовыя магазіны агульнай плошчай да 300 м; цырульні і салоны прыгажосці (па папярэднім запісе, не больш за аднаго кліента на кожную паслугу адначасова); кіёскі (з забаронай ужывання ежы і напіткаў на месцы); невялікія вытворчасці нехарчовых тавараў і прадпрыемствы бытавога абслугоўвання (атэлье, бытавыя паслугі і інш.).
Таксама, паводле слоў Віталя Клічко, змогуць працаваць адвакацкія і натарыяльныя бюро, аўдытары, аўтакінатэатры, музеі пад адкрытым небам, бібліятэкі (пакуль толькі на выдачу кніг, чытальныя залы закрыты). Наведвальнікам і супрацоўнікам гэтых устаноў будуць мераць тэмпературу, таксама іх папрасілі, па магчымасці, насіць маскі.
Віталь Клічко нагадаў, што на першым этапе закрытымі застануцца вялікія гандлёва-забаўляльныя цэнтры, школы, дзіцячыя сады і пляцоўкі, прыбярэжныя зоны адпачынку. Наземны грамадскі транспарт Кіева пакуль будзе працаваць у абмежаваным рэжыме.
У Кіеве зафіксаваны 1721 выпадак захворвання на COVID-19, 32 чалавекі з моманту ўспышкі памерлі. Усяго ва Украіне на 8 мая пацверджана 14195 выпадкаў COVID-19, памёр 361 чалавек.-0-