Аляксандр Лукашэнка
27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педсавеце пракаменціраваў арышт у Францыі прадпрымальніка, сузаснавальніка мэсэнджара Telegram Паўла Дурава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ўзняў гэта пытанне ў кантэксце адукацыі, паколькі многія з тых, хто дрэнна вучыўся ў школе, потым пачынаюць крытыкаваць уладу і гавораць, што недзе на Захадзе, напрыклад у Францыі, лепш, чым на Радзіме.
"Бачылі ўчора ў Францыі, як лепш. І я іх не асуджаю. Яны правільна робяць. Дуравы - не Дуравы... Вінаваты - ідзі адказвай. Толькі да нас навошта прад'яўляць прэтэнзіі, калі мы пачынаем сябе абараняць такімі ж метадамі, як яны?" - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін неяк паведаміў яму пра адну з размоў з Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Справа была пасля выбараў у Беларусі, і французскі лідар у той тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Расіі згадаў беларускую тэматыку: "Вось, у цябе там сябар у Беларусі, палітзняволеныя… (пасля выбараў гэта была размова)".
Пры гэтым у самой Францыі ў той жа час бушавалі акцыі "жоўтых камізэлек". "Помніце, яны мачылі там, не гледзячы на тое, жанчына - не жанчына. І Пуцін расказвае: "А я яму кажу: Эмануэль, ты паглядзі, што ў Францыі робіцца". Вы ж, кажа, без разбору б'яце ўсіх там - жанчын і іншых, а ты папракаеш Лукашэнку. А ён гаворыць: "Дык у нас жа дэмакратыя, нам гэта можна. А ў яго там дыктатура".
"Ведаеце, дэмакратыя - гэта "можна жанчыну галавой аб сценку, кроў свішча ва ўсе бакі". У Амерыцы можна там чарнаскурага задушыць і нічога не будзе. А сёння Дурава арыштавалі. Таму я хачу, каб вы вось гэта (сутнасць заходняй дэмакратыі. - Заўвага БЕЛТА) усвядомілі і ўклалі ў галаву нашым школьнікам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да педагогаў.-0-