27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь за 10 гадоў ў тры разы павялічыла паказчыкі па тавараабароце з Кітаем і ў два разы - па экспарце тавараў у гэту краіну. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з Кітаем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Развіваючы тэзіс кіраўніка дзяржавы аб тым, што супрацоўніцтва з Кітаем - гэта сур'ёзна і надоўга, Мікалай Снапкоў звярнуў увагу, што ацэньваць вынікі ўзаемадзеяння з гэтай краінай трэба ў доўгатэрміновым перыядзе. Таму ён назваў тры ключавыя вынікі ў эканамічных узаемаадносінах з Кітаем за 10 гадоў.
"За гэты перыяд патроены паказчыкі па тавараабароце і падвоены - па экспарце тавараў. Было $2,5 млрд, стала $8,9 млрд (за студзень - лістапад 2025 года гандаль таварамі Беларусі з Кітаем быў роўны $8,9 млрд. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў першы віцэ-прэм'ер. - Пры гэтым сярэднегадавы тэмп росту экспарту ў мінулай пяцігодцы склаў 117 працэнтаў, што на 1,5 працэнтнага пункта вышэй, чым тэмп росту экспарту з Расіяй як нашым асноўным рынкам. Гэта сведчыць аб тым, што даволі актыўна мы працавалі на кітайскім рынку".
Паводле яго даных, за 10 гадоў сярэднегадавы тэмп росту экспарту склаў 111,4 працэнта. "Абарот тавараў і паслуг наблізіўся да рэкордных $12 млрд. Доля Кітая ў знешнім гандлі вырасла ў два разы і ўзнялася да 11 працэнтаў, - падкрэсліў Мікалай Снапкоў. - Гэта другі гандлёвы партнёр Беларусі пасля Расіі".
У Кітай пастаўляецца 30 працэнтаў ад агульнага аб'ёму экспарту беларускага калію, 45 працэнтаў - рапсавага алею, 50 працэнтаў - ільнотрасты, 33 працэнты - лесаматэрыялаў і 37 працэнтаў - малочнай сыроваткі.-0-
