Фота з архіва
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыю Аб'яднаных Нацый (ААН) можна назваць нікчэмнай, таму што яна не вырашае істотных пытанняў, але альтэрнатыўнай міжнароднай структуры пакуль няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы пра дзейнасць Савета міру, кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў існуючае меркаванне, што гэта структура нібыта імкнецца замяніць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. "Адкрыта гавару: калі б знайшлася такая арганізацыя, якая можа замяніць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, я перахрысціўся б, узрадаваўся б", - заўважыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у дзейнасці ААН дастаткова пустых, нікому не патрэбных мерапрыемстваў. А сапраўды важныя пытанні, якія патрабуюць умяшання, так і застаюцца нявырашанымі. Адзін з актуальных прыкладаў - сітуацыя з Палесцінай і сектарам Газа. "Было прынята рашэнне аб утварэнні дзяржавы палесцінскай. Даўно. Вырашана? Не вырашана. Пастаянныя сутыкненні, пастаянная вайна. Хоць адзін канфлікт прадухіліла ААН? Ніводнага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але мы рэалісты. Іншай арганізацыі сёння няма, дзе збіраліся б усе прадстаўнікі сусветных дзяржаў, усяго свету. Яе няма, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму мая пазіцыя такая, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый - гэта нікчэмная арганізацыя, ніякіх пытанняў не вырашае і не вырашыць. Ну, іншай няма".
Прэзідэнт адзначыў, што пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН сітуацыя ў арганізацыі, магчыма, і задавальняе, хоць цяпер ужо і там робяцца пэўныя спробы нешта змяніць. Зрэшты, пакуль без бачных вынікаў.
Напрыклад, вяліся размовы аб магчымым павелічэнні колькасці пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, але гэты крок пры існуючай сістэме прыняцця рашэнняў наўрад ці дасць эфект. "Хочуць костку кінуць - сем-восем зрабіць. Але гэта нічога не зменіць. Пры тых рашэннях, якія прымаюцца кансэнсусам, дзе ёсць права вета... А зрабіць так, каб не было права вета, ні ў якім разе нельга пры той сітуацыі, якая сёння складваецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў прыклад і яшчэ адной структуры, чыя эфектыўнасць выклікае вялікія сумненні, нягледзячы на заяўленыя ў назве пасылы, - Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). "Што зрабіла АБСЕ, каб у нас у Еўропе спакойная, бесканфліктная была сітуацыя?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. Замест рэальных дзеянняў на карысць міру з боку гэтай структуры, наадварот, гучаць ілжывыя абвінавачванні ў бок прэзідэнтаў Расіі і Беларусі.
Больш таго, Заходняя Еўропа адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю, нават насуперак уласнай выгадзе. "Вы вазьміце цяпер гэту Еўропу. Яе рвуць на часткі - раздзяліць, разбіць, каб ні еўра не было, ні эканомікі, нічога не было", - заўважыў Прэзідэнт. Такім чынам, моцныя ігракі спрабуюць прыпыніць эканамічнае развіццё Еўрасаюза як магутнага эканамічнага рэгіёна і саліднага канкурэнта для астатніх.
"Адзіная, з кім яны маглі ўзаемадзейнічаць, дружыць і размаўляць - сказана мною год ці паўгода таму, - Расія. Тут - рэсурсы, у вас - найвышэйшыя тэхналогіі. Давайце разам супрацоўнічаць. Вось гэта - еўразійскі рэгіён, і гэта была б самая магутная арганізацыя", - расказаў Аляксандр Лукашэнка пра магчымы варыянт, адзначыўшы нежаданне Еўрасаюза ісці гэтым шляхам.
"Цяпер спахапіўся Макрон ці яшчэ нехта на схіле сваёй кар'еры: будзем устанаўліваць з Расіяй кантакты, будзем размаўляць. Дык ад гэтага ніхто не адмаўляўся. Я быў у эпіцэнтры гэтага. Некаторыя пытанні непасрэдна праз мяне вырашаліся. Французы сюды прыязджалі. Я перадаваў ім меседж не толькі ад сябе, але і ад Пуціна, што ну, давайце. Не трэба", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
"Вось Трамп паспрабаваў да міру нас наблізіць ва Украіне. А ім (у ЕС. - Заўвага БЕЛТА) не трэба гэта", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер, калі ў Еўропе такая турбулентнасць і трэба "ўціхамірыць гэты рэгіён", можна было б актыўна задзейнічаць рэсурсы АБСЕ. Аднак гэтага не адбываецца.
"Таму мы не балеем тэмай, што Савет міру заменіць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Але, як амерыканцы кажуць, step by step", - сказаў Прэзідэнт.-0-
