9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі назваў умову, пры якой у Беларусі ўвогуле не будзе праблем у эканоміцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яны (шэраг заходніх суседзяў. - Заўвага БЕЛТА) выбралі гэты шлях і думаюць, што прыедуць тут амерыканцы, на мяне націснуць (або яшчэ якія-небудзь еўрапейцы). Слухайце, мы поўнасцю перабудаваліся. І калі мы будзем варушыцца, больш актыўна будзем працаваць у эканоміцы, пачынаючы ад Віцебскай вобласці і заканчваючы Гомельскай вобласцю, у нас увогуле не будзе праблем. Нас чакаюць шмат у якіх кутках планеты з нашымі тэхналогіямі, нашымі таварамі. Таму калі мы крыху якасць падцягнем (хоць нам ніхто не ставіць прэтэнзій па якасці, але ўсё роўна над якасцю трэба працаваць), нам канкурэнтаў не будзе", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не паводзіць сябе, як каланіяльныя краіны. "Мы ў тую ж Афрыку ідзём для таго, каб дапамагчы ім тэхналогіямі. Пад гэтыя тэхналогіі ў нас ёсць тэхніка адпаведная. Мы машынабудаўнічая краіна, развіта сельская гаспадарка. У той жа Кеніі (Прэзідэнт да пасяджэння Савета бяспекі правёў сустрэчу са спікерам Сената Кеніі Амазонам Джэфа Кінгі. - Заўвага БЕЛТА) сёння гатовы распрацоўваць радовішчы нафты. Мы гатовы падключыцца. У нас ёсць спецыялісты, якія ўмеюць гэта рабіць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы з дабром заўсёды ідзём. Не кажучы пра нашых суседзяў (з якімі Беларусь апрыёры настроена на канструктыўнае супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА)".
"І калі мы кудысьці едзем, з некім вядзём перагаворы, то гэта не нацэлена супраць трэціх краін", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта ў гэтым ключы вяліся перагаворы і ў ходзе нядаўняй вялікай замежнай камандзіроўкі ў краіны Азіі і Афрыкі. І калі Захад душыць адпаведных замежных партнёраў, то Беларусь, наадварот, прапануе ім руку дружбы і супрацоўніцтва. "Дзяржавы, людзі, улады гэта цудоўна разумеюць і гатовы з намі выбудоўваць добрыя адносіны", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.-0-
