17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканоміка стала рэальным полем бою. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мерапрыемства не ўрачыстага характару. Вельмі хацеў бы, каб яно было рабочым, - адразу пасля прыбыцця расставіў акцэнты кіраўнік дзяржавы. - Мы знаходзімся ў вельмі няпростай сітуацыі. І з усходу, і з захаду пад вельмі сур'ёзным прэсам. Я гавару пра эканоміку. Хоць і палітыка ёсць адлюстраванне эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як гаварылі класікі. З аднаго боку Еўрапейскі саюз. З другога - Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, паколькі гэта наш асноўны рынак".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым была абмеркавана сітуацыя з пункту гледжання эканомікі на агульнай прасторы. "Прыйшлі да адзінага меркавання, што проста не будзе", - сказаў ён.
"Ну для таго мы і ёсць, як нас называюць, эліта - самыя падрыхтаваныя і інфармаваныя людзі. І ў любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік. Таму я вас заклікаю да вельмі адкрытай размовы. Прыхарошваць нічога не трэба. Акуратна, тонка, але мы, нават правяраючы Узброеныя Сілы, адкрыта гаворым пра нашы недахопы. Што наогул ніколі не прынята рабіць ні ў адной дзяржаве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Час амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструментамі дасягаюцца мэты класічнай вайны: адабраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць не нашы правілы - жыць па іншых правілах, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я хачу, каб вы адкрылі вочы і зразумелі, як развіваецца свет. Гасподзь нас усцярог ад гэтай жудаснай незразумелай рыначнай эканомікі. Памятаеце, нас вучылі ўвесь час: рынак усё адрэгулюе. Нічога мы не кінулі, цярпелі і сёння зразумелі: ніякі рынак нічога не рэгулюе. Глянуў на поўнач - Грэнландыя багатая - давай яе сюды. Нават Канада, адна з буйнейшых краін свету, 51-м штатам павінна быць. Венесуэла: схапілі Прэзідэнта. Які картэль, якія наркотыкі? Нафта!"
"І я ўдзячны Прэзідэнту ЗША, што ён адкрыта гэта робіць. Мы цяпер зразумелі, куды нас цягнулі. Праз ліберальныя нейкія прынцыпы нас пераконвалі ў тым, што мы павінны дзейнічаць так, а не інакш. Вытрымалі, разумеем, што рабіць, куды ісці. Спадзявацца трэба толькі на сябе. Не трэба ні на каго разлічваць. Самыя лепшыя сябры - як мінімум гэта нашы канкурэнты", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пералічыў такія эканамічныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах націску.
Першае - санкцыі. "Але для вас і для мяне іх няма. Калі пачалі б спасылацца на санкцыі, нас ужо не існавала б, - падкрэсліў беларускі лідар. - Як толькі набяром сабе ў галаву, што немагчыма працаваць - усё, мы загінем. Няпроста цяпер. Правал студзеня бягучага года сведчыць аб тым, што і будзе вельмі няпроста. Але ўсюды ёсць адказныя людзі, якія павінны даваць вынік. Не будзе выніку - прыйдзем да ваеннай эканомікі. А там да трох не размаўляюць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пад непасрэдным дзеяннем санкцый знаходзіцца больш як паўсотня краін свету, а другасны эфект датычыцца, напэўна, ужо соцень дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю аб тым, каб стварыць аб'яднанне краін свету, якія знаходзяцца пад санкцыямі, уключаючы Кітай. "Калі мы аб'яднаемся і дамовімся, спалохаюцца тыя, хто ўвялі супраць нас санкцыі", - сказаў Прэзідэнт.
Другое - эмбарга. "Гандлёвай блакадай і замарозкай актываў душаць сёння на вачах усяго свету Кубу", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Трэцяе - тарыфныя войны. Тут у арсенале пошліны, квоты, забарона на імпарт і экспарт асобных тавараў.
Чацвёртае - валютныя атакі. "Праз абмежаванне хаджэння долараў, націск на курс і разлікі ў пэўнай валюце паспрабавалі ўчыніць каляровую рэвалюцыю ў Іране", - сказаў Прэзідэнт.
Пятае - барацьба за тэхналогіі. Тут мае месца канкурэнцыя ў самым непрыкрытым, неакаланіяльным выглядзе, заўважыў беларускі лідар. Гэта забарона на пастаўку абсталявання, чыпаў, праграмнага забеспячэння, блакіроўка доступу да навукаёмістых галін.
Шостае - кантроль ланцужкоў паставак, г.зн. спроба зрабіць іншыя краіны залежнымі ад лагістыкі і інфраструктуры.
"Беларусь на сабе ў поўнай меры адчула ўвесь гэты букет "цывілізаваных правіл". Разам з тым, як мы дамовіліся некалі, знешнія ўмовы вывучаем і разумеем, але працаваць ва ўмовах абмежаванняў і санкцый мы павінны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў якасці тэматыкі мерапрыемства абазначыў падвядзенне вынікаў дзейнасці ўрада ў 2025 годзе і вызначэнне эканамічных перспектыў бягучага года.
Больш таго, ужо вядомы вынікі студзеня 2026 года. Як дакладваюць Прэзідэнту, урад і Нацыянальны банк, старшыні аблвыканкамаў студзень поўнасцю правалілі.
"Я і адкладваў справаздачу ўрада на гэты час, каб мы ўжо мелі дакладныя вынікі мінулага года і атрымалі вынікі першага месяца, каб вызначыцца і бачыць тэндэнцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Урад - гэта не толькі прэм'ер-міністр і яго намеснікі, кіраўнікі міністэрстваў, але і работнікі Апарату Савета Міністраў, дырэктары важнейшых арганізацый, без якіх нельга вырашыць ніводнае пытанне. Менавіта таму я папрасіў членаў урада і вядучых нашых дзеячаў запрасіць, каб разумелі тую адказнасць, якая на нас ляжыць у гэтым годзе", - адзначыў Прэзідэнт.-0-
