17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, запатрабаваў больш актыўна працаваць на ўнутраным рынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы крытычна заўважыў, што ўнутраны попыт на шэраг таварных пазіцый пакуль не задавальняецца, не прыняты дастатковыя меры па яго насычэнні. У прыватнасці, у мінулым годзе масава імпартаваліся аўтобусы (больш за 500 адзінак), грузавая тэхніка (больш за 7,5 тыс. адзінак), дарожная і будаўнічая тэхніка (1623 адзінкі). Хоць уся гэта тэхніка вырабляецца ў краіне.
"Толькі па гэтых таварах можаце запісаць сабе ў мінус амаль $400 млн!" - сказаў Прэзідэнт.
Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на сітуацыю ў лёгкай прамысловасці. "Пры мадэрнізаваных "Камволі" і льнокамбінаце прадаўжаем завозіць тканіны-аналагі (яшчэ мінус амаль $35 млн). Дарэчы, па канцэрне "Беллегпрам" гэта паўсюдная карціна. Доля айчынных тавараў легпрама на ўнутраным рынку - менш як 10 працэнтаў, затое паток імпарту тавараў лёгкай прамысловасці вырас амаль на трэць", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
"У вашым распараджэнні ўсе рычагі, аж да адміністрацыйнага. Чаму не прымаеце меры? Дзе вашы стратэгіі, агрэсіўныя механізмы абароны, рэклама, маркетынг? - спытаў ён. - Страчваць свой рынак - гэта злачынства. За 5 гадоў доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку знізілася з 60 працэнтаў да 54 працэнтаў".-0-
