Касцёл Святога Юзафа ў Валожыне з'яўляецца адным з яркіх помнікаў архітэктуры класіцызму ў Беларусі. Новы будынак храма пабудаваны ў 1806-1815 гадах на месцы ранейшага драўлянага касцёла. Сваім знешнім выглядам касцёл нагадвае антычны храм. Пад хорамі размяшчаўся сямейны магільны склеп Тышкевічаў, дзе быў пахаваны і заснавальнік храма граф Юзаф Тышкевіч. У 1830 годзе перад касцёлам з'явілася вытанчаная брама-званіца, у арках якой размешчаны тры бронзавыя званы. Касцёл Святога Юзафа ў Валожыне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.На здымку: касцёл Святога Юзафа.
