Сцяг Аўторак, 3 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
04 мая 2017, 17:37
Алена Богдан

Выдаваць талоны да ўрача толькі праз інтэрнэт немэтазгодна

Алена Богдан

Выдаваць талоны да ўрача толькі праз інтэрнэт немэтазгодна. Такім меркаваннем падзялілася начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Алена Богдан адзначыла, што сёння талоны выдаюцца на працягу ўсяго рабочага дня. Ёсць некалькі варыянтаў запісу да ўрача. Па-першае, гэта самазапіс: чалавек можа прыйсці ва ўстанову аховы здароўя і запісацца ў адпаведных журналах на зручны для яго час. Можна пазваніць у рэгістратуру, узяць талон праз інтэрнэт, праз інфакіёскі ў паліклініках. Яшчэ адна магчымасць - звярнуцца ў кабінет даўрачэбнага прыёму для праходжання дыспансерызацыі. "Не ўсе людзі валодаюць інтэрнэтам, не ўсе маюць да яго доступ. Таму гаварыць, што ў нас павінен быць 100-працэнтны запіс праз інтэрнэт, напэўна, няправільна. І гэта нерэальна зрабіць для нашых грамадзян", - сказала начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі.

Начальнік аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Людміла Лугавец адзначыла, што ва ўстаноў аховы здароўя ёсць квоты выдачы талонаў праз інтэрнэт, яны залежаць ад структуры насельніцтва, якое абслугоўваецца. Калі на ўчастку насельніцтва даволі маладое, прагрэсіўнае, то квота выдачы талонаў праз інтэрнэт вышэйшая. І наадварот, калі ў асноўным гэта пажылыя людзі, то паліклінікі стараюцца большую колькасць талонаў пакідаць у рэгістратуры. Пры гэтым установы аховы здароўя павінны аператыўна аналізаваць сітуацыю: калі ў рэгістратуры застаюцца незапатрабаваныя талоны, тады трэба павялічваць квоты на інтэрнэт.

Гаворачы аб электроннай ахове здароўя ў цэлым, Алена Богдан паведаміла, што ў гэтым пытанні важна ўлічваць пажаданні людзей. У студзені-лютым у Міністэрства аховы здароўя паступалі калектыўныя звароты ад людзей пажылога ўзросту. У іх людзі выказвалі заклапочанасць, што з-за ўвядзення электроннага рэцэпта, электроннай медыцынскай карткі яны, маўляў, могуць застацца без медыцынскай дапамогі, паколькі не валодаюць персанальнымі навыкамі работы на камп'ютары. Начальнік галоўнага ўпраўлення акцэнтавала ўвагу, што Міністэрства аховы здароўя напісала не адно пісьмо з даручэннямі, каб у пацыента заўсёды пыталіся, ці згодны ён на вядзенне яго медыцынскай дакументацыі ў электронным выглядзе і выдачу яму электроннага рэцэпта. "Абавязкова павінна быць інфармаваная згода. Гэта асабістае права грамадзян на іх асабістую інфармацыю", - падкрэсліла спецыяліст.

Што датычыцца аператыўнага кантакту ўчастковых урачоў з пацыентамі праз інтэрнэт, нарматыўна гэта ніяк не рэгулюецца. Паводле слоў Алены Богдан, перш за ўсё павінен быць агляд пацыента. У той жа час урач можа выбудаваць камунікацыю з пацыентам з дапамогай новых тэхналогій, каб, напрыклад, удакладніць, наколькі эфектыўна ідзе назначанае лячэнне, запрасіць на прыём.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі