Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лютага 2026, 18:32

Як паводзіць сябе на дарогах у мароз і галалёд, нагадалі ў ДАІ

Фота з архіва
Фота з архіва
2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як паводзіць сябе на дарогах у мароз і галалёд, нагадалі ў галоўным упраўленні ДАІ МУС, паведамляе БЕЛТА.

На аўторак у Беларусі зноў аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Паводле інфармацыі Белгідрамета, у начны і ранішні час на большасці тэрыторый краіны мінімальная тэмпература паветра складзе мінус 25-30 градусаў. У асобных раёнах чакаецца галалёд, а на дарогах - галалёдзіца.

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе, каб пазбегнуць непрыемнасцей у дарозе, трымаць бензабак максімальна запоўненым. "Перад паездкай праверце ўзровень ахаладжальнай вадкасці, зарад акумулятара і спраўнасць сістэмы ацяплення салона. Вазьміце з сабой зараджаны тэлефон, дадатковую батарэю, трос, рыдлёўку і правады для "прыкурвання". Пасля пачатку руху не націскайце рэзка на газ; дайце аўтамабілю папрацаваць на невялікіх абаротах", - сказалі ў ДАІ.

Уладальнікам аўтамабіляў з дызельнымі рухавікамі ў ДАІ настойліва рэкамендуюць выкарыстоўваць зімовае паліва з палепшанымі нізкатэмпературнымі характарыстыкамі. Калі транспартны сродак не гатовы да эксплуатацыі ў моцны мароз, лепш устрымацца ад паездак.

Таксама раяць выбіраць бяспечную скорасць і павялічваць дыстанцыю. Паскарайцеся плаўна і запавольвайцеся загадзя, не выключаючы перадачу. "Памятайце, што галалёдзіца ўтвараецца ў першую чаргу там, дзе часцей за ўсё адбываюцца тармажэнні: перад пешаходнымі пераходамі, скрыжаваннямі, прыпынкамі грамадскага транспарту і чыгуначнымі пераездамі", - падкрэслілі ў Дзяржаўтаінспекцыі.
 
Пешаходам варта максімальна абазначаць сваю прысутнасць на дарозе ў цёмны час сутак. Выкарыстанне святловяртальных элементаў - гэта просты, недарагі і вельмі эфектыўны спосаб засцерагчы сябе ад небяспекі.

Акрамя таго, у краіне арганізаваны кругласутачны маніторынг стану вуліц і дарог, а нарады міліцыі гатовы да аператыўнага рэагавання і аказання дапамогі грамадзянам. Калі вы знаходзіцеся ў цяжкай сітуацыі, паведаміце аб гэтым па тэлефоне 102 або ў чат-бот МУС "Мы заўсёды побач!".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі