Сцяг Серада, 18 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
12 верасня 2014, 19:40

Валерый Малашка: Асновай інтэлектуальнага росту моладзі павінна быць нацыянальная літаратура

Асновай інтэлектуальнага росту моладзі павінна быць нацыянальная літаратура. Такое меркаванне 12 верасня выказаў журналістам намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка ў час акцыі "Магілёў чытае дзецям", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Важна, каб моладзь звяртала ўвагу на літаратуру, якая фарміруе беларусаў як нацыю. "У першую чаргу мы павінны актыўна папулярызаваць сваю спадчыну, тады будзем па-сапраўднаму пазнаваемымі ў свеце", - падкрэсліў Валерый Малашка.

Сёння не трэба даказваць сваю любоў да кнігі, чытаючы толькі яе папяровы варыянт, лічыць намеснік старшыні аблвыканкама. У адукацыі актыўна выкарыстоўваюцца камп'ютарныя тэхналогіі, у тым ліку інтэрактыўныя дошкі, планшэты. Сучасныя ўстройствы для чытання кніг у электроннай версіі - зручныя і практычныя. "Чытанне кнігі, як і любая праца, патрабуе цярпення і настойлівасці, - сказаў ён. - Калі не спадабаўся адзін твор, трэба звярнуць увагу на іншы. Дадатковыя веды робяць чалавека лідарам, больш паспяховым сярод равеснікаў, на рынку працы".

Творы школьнай праграмы - той мінімум, які патрэбны кожнаму падлетку. Валерый Малашка прачытаў вучням старшых класаў, якія сабраліся ў Магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса, урывак з твора французскага пісьменніка і драматурга Эрыка-Эмануэля Шміта "Оскар і Ружовая дама". "Можа, гэта не вельмі ўдалы выбар у чытанні для школьнікаў, але мне здалося, што кніга зможа іх зачапіць інтрыгай", - адзначыў ён.

12 верасня прымаў удзел у акцыі "Магілёў чытае дзецям" і мэр горада Уладзімір Цумараў. Дзетак малодшага ўзросту ён азнаёміў з раманам Канстанціна Сіманава "Жывыя і мёртвыя", на старонках якога знайшлі адлюстраванне падзеі гераічнай абароны Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праект "Магілёў чытае дзецям" праходзіць у абласным цэнтры з 10 па 15 верасня ў рамках святкавання Дня бібліятэк. Яго мэта - захаванне традыцый сямейнага чытання і пашырэнне чытання сярод дзяцей. Мерапрыемствы акцыі распрацаваны з улікам актыўнага ўключэння ў іх як рэальных, так і патэнцыяльных чытачоў бібліятэк. Праект арыентаваны на ўмацаванне ўнутрысямейных адносін на аснове фарміравання агульных інтарэсаў.

Цэнтральнае месца займае цыкл сустрэч з вядомымі людзьмі ў бібліятэках горада. Дарослыя на сваім прыкладзе паказваюць дзецям, наколькі чытанне - карысны і захапляючы занятак. Вядомыя людзі Магілёва чытаюць урыўкі з твораў, расказваюць пра свае любімыя кнігі, ролю чытання ў іх жыцці.

Таксама ў дзіцячых садах, школах, бібліятэках праходзяць бацькоўскія сходы, інфармацыйныя кансультацыі, бацькоўскія гадзіны "Да чытання без прымусу". На базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна арганізавана работа інфармцэнтра "Чытаем з унукамі", дзе бабулі і дзядулі могуць азнаёміцца з дзіцячымі кнігамі.

Дзіцячыя паліклінікі і спецыялізаваныя магазіны сталі асноўнымі пляцоўкамі для флэшбука "Кніга ў падарунак": валанцёры раздаюць дарослым кнігі, якія можна пачытаць дзецям перад сном.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі