Тэрарызм, нестабільная абстаноўка ў многіх краінах і канфлікты могуць справакаваць з'яўленне на планеце новага Гітлера. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч у час тэлепраграмы "Клуб рэдактараў", паказанай 17 студзеня ў вячэрнім эфіры канала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Беспарадкі ў Германіі, падзеі ў Швецыі, дзеянні "Аль-Каіды" і ІДІЛ - усё гэта можа адрадзіць Гітлера не толькі ў выглядзе перавыдання яго кніг. У любы час і ў любой сталіцы можа з'явіцца "маленькі чалавечак", які раптам вырасце ў "вялікага Гітлера". Прэцэдэнты ёсць, але гісторыя пакуль людзей не вучыць", - перакананы Павел Якубовіч.
Удзельнікі пасяджэння "Клуба рэдактараў" абмеркавалі нядаўняе перавыданне ў Германіі кнігі Гітлера "Майн кампф" ("Мая барацьба"). Кніга стала бестселерам, яшчэ нават не трапіўшы на прылаўкі магазінаў: усе 4 тыс. экзэмпляраў раскупілі праз інтэрнэт яшчэ да старту продажаў.
Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька адзначыў, што перавыдаваемы тэкст "Майн кампф" суправаджаецца каментарыямі экспертаў, якія, нібыта, павінны дапамагчы чытачам усвядоміць непрымальнасць і згубнасць ідэй фашызму. "Але ў сапраўднасці атрымліваецца, што пад выглядам добрага намеру вучэнне Гітлера пайшло ў масы", - заявіў ён.
Павел Якубовіч падтрымаў калегу і заўважыў, што толькі нямногія чытачы будуць звяртаць увагу на каментарыі да тэксту. "Ідэі фашызму, на жаль, могуць у нашы дні гэтак жа лёгка засвойвацца людзьмі, як і ў 1934 годзе. Тыя, хто ажыццявіў гэту публікацыю, карыстаючыся шматпартыйнасцю і дэмакратычнымі магчымасцямі, зрабілі няправільна", - сказаў ён.
