Сцяг Серада, 18 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
24 кастрычніка 2014, 20:33

Казімеж Здуноўскі: Беларускім прадпрыемствам неабходна больш актыўна займацца інтэрнацыяналізацыяй

Беларускім прадпрыемствам неабходна больш актыўна займацца інтэрнацыяналізацыяй і выходзіць на міжнародны рынак. Такое меркаванне выказаў 24 кастрычніка ў Віцебску журналістам старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
Казімеж Здуноўскі 23-28 кастрычніка знаходзіцца ў Віцебскай вобласці з дзелавым візітам, у ходзе якога 24 кастрычніка ў абласным цэнтры было падпісана партнёрскае пагадненне аб узаемным супрацоўніцтве паміж Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Віцебскім абласным цэнтрам маркетынгу.

"Гэта пагадненне накіравана на развіццё беларуска-польскага супрацоўніцтва ў сферы бізнесу. Мы будзем больш актыўна прадстаўляць нашы прадпрыемствы ў Польшчы і аказваць дапамогу партнёрам па развіцці бізнесу ў нас у рэгіёне", - растлумачыла дырэктар цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка, якая разам з Казімежам Здуноўскім паставіла подпіс пад дакументам.

"Беларускім прадпрыемствам неабходна са сваімі акцыямі выходзіць на біржу каштоўных папер. Гэта добрая магчымасць прыцягнення інвестыцый. Паперы ідуць да інвестараў, а жывыя грошы - фірмам. Такі шлях пакуль мала выкарыстоўваецца беларускімі прадпрыемствамі, а між тым ён зручны і празрысты. Вашым прадпрыемствам неабходна больш актыўна займацца інтэрнацыяналізацыяй і выходзіць на міжнародны рынак", - перакананы Казімеж Здуноўскі.

У развіцці эканамічнага супрацоўніцтва зацікаўлены як беларусы, так і палякі. "Развіваць можна ўсё тое, што людзі хочуць купляць. Вялікая зацікаўленасць у развіцці сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і харчовай галіны. У Беларусі трэба вырошчваць сады, развіваць цяплічнае агародніцтва. Напрыклад, у Польшчы распрацавана стандартная прыватная цяпліца, якая дае 700 т прадукцыі ў тыдзень . Польскі вопыт сельскагаспадарчай вытворчасці можа стаць карысным для Беларусі", - сказаў старшыня палаты.

Што датычыцца дапамогі, якую беларускаму бізнесу можа аказаць гандлёва-прамысловая палата, то яна шматбаковая - ранжыраванне фінансавання, прапрацоўка і падрыхтоўка магчымых варыянтаў заключэння крэдыту з банкам, пошук партнёра, які ўкладзе свае грошы або  прадаставіць тэхналогію. "У Беларусі вельмі многа адукаваных людзей, дастаткова паставіць тэхналогію, падабраць разумнае па тэрмінах і стаўках крэдытаванне, і яны будуць паспяхова працаваць", - выказаў упэўненасць Казімеж Здуноўскі і дадаў, што патрабаванні да прадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць з палатай, простыя і зразумелыя. "Яны павінны быць жывымі. Могуць быць не багатымі, але без запазычанасці і іншых нявыкананых абавязацельстваў, і каб кіраўніцтва было добра адукаваным. Астатнія пытанні мы вырашым", - сказаў старшыня палаты.

Казімеж Здуноўскі пабываў ужо ў Глыбоцкім раёне, дзе наведаў перапрацоўчыя прадпрыемствы, у Віцебску старшыня палаты азнаёміўся з работай рэзідэнтаў СЭЗ, сустрэўся з кіраўніцтвам вобласці і Віцебскага раёна. На 25 кастрычніка запланавана паездка ў Верхнядзвінскі раён.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі