Сцяг Нядзеля, 12 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
30 студзеня 2013, 19:16

У Беларусі з лютага ўзрастуць дзіцячыя дапамогі

У Беларусі з лютага 2012 года ўзрастуць дзіцячыя дапамогі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.

У сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" з 1 студзеня 2013 года памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў дыферэнцыруецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям'і. На першае дзіця ён складае 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы, на другое і наступных дзяцей - 40 працэнтаў. Дапамога на дзіця-інваліда назначаецца і выплачваецца ў памеры 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы незалежна ад чарговасці нараджэння дзяцей у сям'і.

Памер гэтай дапамогі ў бягучым годзе вылічаецца ў наступным парадку: з 1 па 31 студзеня 2013 года прымяняецца сярэднямесячная заработная плата за III квартал 2012 года, з 1 лютага па 30 красавіка 2013 года - сярэднямесячная заработная плата за IV квартал 2012 года, з 1 мая па 31 ліпеня - сярэднямесячная заработная плата за I квартал 2013 года, з 1 жніўня па 31 кастрычніка - сярэднямесячная заработная плата за II квартал 2013 года, з 1 лістапада 2013 года па 31 студзеня 2014 года - сярэднямесячная заработная плата за III квартал 2013 года.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэднямесячная заработная плата работнікаў за ІІІ квартал 2012 года склала Br4 млн. 37 тыс. 686. Адпаведна памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў у студзені бягучага года складаў на першае дзіця - Br1 млн. 413 тыс. 190, на другое і наступных дзяцей - Br1 млн. 615 тыс. 70, на дзіця-інваліда ва ўзросце да трох гадоў - Br1 млн. 816 тыс. 960. Сярэднямесячная заработная плата за IV квартал 2012 года, паводле даных Белстата, склала Br4 млн. 406 тыс. 118. Адпаведна ў лютым-красавіку памер штомесячнай дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў складае на першае дзіця - Br1 млн. 542 тыс. 140, на другое і наступных дзяцей - Br1 млн. 762 тыс. 450, на дзіця-інваліда ва ўзросце да трох гадоў - Br1 млн. 982 тыс. 750.

"Асобам, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне далейшага адсялення або з правам на адсяленне, дапамога па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, як і раней, назначаецца і выплачваецца ў памеры 150 працэнтаў да ўстаноўленага законам", - дадала спецыяліст.

Марына Арцёменка падкрэсліла, што ў сувязі з асаблівасцямі аўтаматызаванага разліку дапамог у органах па працы, занятасці і сацабароне асобам, якія атрымліваюць дапамогу па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў па месцы жыхарства, выплата дапамогі за студзень ажыццяўлялася ў ранейшых памерах (устаноўленых заканадаўствам, якое дзейнічала па 31 снежня 2012 года). "Даплата сум дапамог да памераў, устаноўленых новым законам, будзе праведзена ў лютым адначасова з выплатай лютаўскай дапамогі", - сказала яна.

Прадстаўнік міністэрства нагадала, што новым законам скасаваны надбаўкі да дзяржаўных дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў і дзяцей старэйшых за тры гады. "У цэлым адмена надбавак не азначае змяншэнне памеру дапамог для тых катэгорый сем'яў, якім дапамогі да 1 студзеня 2013 года выплачваліся з надбаўкамі, - заявіла Марына Арцёменка. - У адпаведнасці з новым законам значна павялічваецца памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў для ўсіх катэгорый сем'яў, паколькі яе памер прывязваецца не да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), а да сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за квартал. Акрамя таго, на дзяцей-інвалідаў устаноўлены павышаныя памеры дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і на дзяцей старэйшых за 3 гады".

Такім чынам, памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў у грашовым выражэнні для большасці сем'яў (якія раней атрымлівалі названую дапамогу з надбаўкай) не знізіўся, а павялічыўся. Па-першае, памер дапамогі значна вышэйшы за ранейшы (у студзені 2013 года ён складае Br1 млн. 413 тыс. 190 - на першае дзіця, Br1 млн. 615 тыс. 70 - на другое дзіця ў адрозненне ад раней устаноўленых Br880 тыс. 30; у лютым-красавіку на першае дзіця - Br1 млн. 542 тыс. 140, на другое і наступных дзяцей - Br1 млн. 762 тыс. 450 замест 924 тыс. 150, як было б па ранейшаму заканадаўству). Па-другое, па нормах закона 1992 года на дзяцей, народжаных жанчынамі па-за шлюбам, памер дапамогі змяншаўся пасля дасягнення дзіцем узросту 1,5 года (за кошт змяншэння памеру надбаўкі), а ў новым законе памер дапамогі захоўваецца без змянення да дасягнення дзіцем узросту трох гадоў. Па-трэцяе, пры афармленні дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў у дзіцячую дашкольную ўстанову дапамога з 1 студзеня 2013 года выплачваецца ў поўным памеры (да 1 студзеня 2013 года - у памеры 50 працэнтаў).

Пастановай Савета Міністраў ад 29 студзеня 2013 года нумар 65 зацверджаны новы бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) - з 1 лютага па 30 красавіка 2013 года ён складае Br924 тыс. 150. Новы БПМ павысіўся на 5 працэнтаў да нарматыву, які дзейнічаў з 1 лістапада 2012 года па 31 студзеня 2013 года (Br880 тыс. 30). На такую ж велічыню ўзрастаюць памеры некаторых відаў дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці (10 БПМ) складзе ў лютым-красавіку Br9 млн. 241 тыс. 500, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей (14 БПМ) - Br12 млн. 938 тыс. 100. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржарганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (100 працэнтаў БПМ), складзе Br924 тыс. 150. Штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, на дзіця-інваліда (70 працэнтаў БПМ) у лютым-красавіку складае Br646 тыс. 910, на іншых дзяцей у сям'і (50 працэнтаў БПМ) - Br462 тыс. 80; штомесячная дапамога па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ) - Br924 тыс. 150; штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае ВІЧ (70 працэнтаў БПМ) - Br646 тыс. 910. А мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах (50 працэнтаў БПМ за кожны месяц водпуску па цяжарнасці і родах) складзе ў лютым-красавіку Br462 тыс. 80.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі