Сцяг Нядзеля, 12 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
26 красавіка 2012, 17:33

СЭРЦА АДКРЫЛА ДРУГОЕ ДЫХАННЕ

Беларускія хірургі ўпершыню сфарміравалі і перасадзілі анкахворай трахею з тканак сэрца

Вучоныя-медыкі ўсяго свету шукаюць аптымальны варыянт пратэза для пацыентаў, якія маюць патрэбу ў замене трахеі. Так, французскія хірургі нядаўна пачалі выкарыстоўваць для гэтага брушную аорту, даследаванні выклікалі вялікую цікавасць у сусветнай медыцынскай грамадскасці. Цяпер уся ўвага прыкавана да Беларусі, дакладней, да Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Спецыялісты цэнтра ўпершыню ў свеце выкарысталі сардэчную сумку - перыкард для таго, каб сфарміраваць трахею, і паспяхова перасадзілі яе 21-гадовай пацыентцы. Падрабязнасці ўнікальнай аперацыі карэспандэнт БЕЛТА даведалася ў яе "аўтара" і кіраўніка брыгады хірургаў, якая праводзіла аперацыю, прафесара Уладзіміра Жаркова.

У РНПЦ анкалогіі і раней замяшчалі перыкардам дэфекты трахеі. Звярнулі ўвагу, што ён хутка перабудоўваецца марфалагічна, прыстасоўваючыся да новых умоў існавання, і вырашылі: калі ўзнікне неабходнасць мяняць трахею або яе ўчастак на біяпратэз - зрабіць яго з перыкарда хворага.

Пацыентам, якому спатрэбілася такое ўмяшанне, стала 21-гадовая дзяўчына са злаякаснай пухлінай шыі. Для хворай гэта была ўжо другая аперацыя - рэцыдыў. Новая пухліна прарасла ў сценку трахеі і пакінула прасвет усяго сем міліметраў. Дыхаць дзяўчына яшчэ магла, але рызыка загінуць ад удушша была вельмі вялікая. Спыненне дыхання ў такіх пацыентаў адбываецца звычайна ў сне: у трахеі збіраецца макрота і закрывае яе, як пробка.

Пухліна была малаадчувальная да хіміятэрапіі, практычна неадчувальная да апрамянення. Складаную аперацыю пацыентцы прапанавалі яшчэ паўгода таму, растлумачылі ўсе рызыкі. На той момант яна адмовілася. Больш за ўсё яе пужала страта голасу, хоць дэфект гэты павінен быць часовым.

Правялі прамянёвую тэрапію, якая, як і чакалася, эфекту не дала. Самаадчуванне пацыенткі пагаршалася, і ёй зноў прапанавалі выдаліць пухліну радыкальным спосабам. На гэты раз дзяўчына пагадзілася. План аперацыі быў вынесены на абмеркаванне ўсяго ўрачэбнага калектыву РНПЦ. Больш за 200 чалавек, усе з вялікім медыцынскім стажам, прызналі, што адзіны метад лячэння ў гэтай сітуацыі - хірургічны і менавіта ў тым аб'ёме, у якім прапаноўвалі.

Аперацыя доўжылася пяць гадзін - усё ішло дакладна па плану. Сфарміравалі з перыкарда пратэз трахеі, адзелі яго на спецыяльны стэнт, адным канцом ушылі ў гартань, другім - ва ўчастак трахеі, што застаўся. Цяпер пацыентка адчувае сябе добра, нягледзячы на тое, што пасляаперацыйны перыяд быў цяжкім. У дзяўчыны развілась двухбаковая пнеўманія, з якой паспяхова справіліся рэаніматолагі. Цяпер хворая дыхае з дапамогай спецыяльнай трубкі, але хутка яе можна будзе выдаліць. Голас паступова вяртаецца. Рэабілітацыя зойме пэўны час, але асноўнае ўжо зроблена - пацыентку вылечылі ад злаякаснай пухліны, поўнасцю яе выдаліўшы.

Што датычыцца магчымасці перасадкі донарскай трахеі, справа ў тым, што ўзнавіць яе сілкаванне ў арганізме рэцыпіента складана, таму папярэднія спробы трансплантацыі за рэдкім выключэннем завяршаліся няўдачна. У трахеі няма дакдадна вызначаных сілкуючых сасудаў, як у нырак або печані, напрыклад.

Між тым пратэзы для замяшчэння пашкоджанага ўчастка трахеі вучоныя спрабуюць выкарыстоўваць даўно. Спачатку выраблялі іх з сінтэтычных матэрыялаў. Але пацыенты гінулі праз тры-чатыры месяцы ад вялікага крывацёку - пры ўдыху-выдыху пратэз цёрся аб сасуды вакол трахеі.

Цяпер для вырабу пратэзаў пачалі выкарыстоўваць біялагічны матэрыял хворага. Аднак гэта методыка таксама мае свае вартасці і недахопы. Пратэз з аорты і перыкарда патрабуе спецыяльнага стэнта, што імітуе храстковы каркас трахеі. Акрамя таго, знутры яна выслана спецыяльным эпітэліем, які садзейнічае вывядзенню макроты. Гэта, між іншым, складаны і важны для арганізма працэс. Ён толькі на першы погляд здаецца другарадным, таму нашай пацыентцы мы будзем дапамагаць яго нармалізаваць.

У той жа час перыкард з прычыны шэрагу ўласцівасцей больш падыходзіць для вырабу біяпратэза трахеі. Ён, па-першае, лепш ахоўвае ад інфекцый, што цалкам зразумела. Паколькі адна з асноўных яго функцый як сардэчнай сумкі - менавіта ахоўная. А па-другое, перыкард поўнасцю герметычны, што таксама вельмі важна. Паветра ідзе толькі ў лёгкія, не трапляючы ў міжсценне, дзе яно будзе ціснуць на сэрца, сасуды. А гэта можа прывесці да небяспечных вынікаў. Між тым, у аорце многа маленькіх адгалінаванняў, якія не заўсёды добра відаць у час аперацыі.

Французскія вучоныя, дарэчы, з вялікай цікавасцю сочаць за лёсам нашай пацыенткі. Ім падрабязна апісалі ход аперацыі, яны з нецярпеннем чакаюць вынікаў трохмесячных, паўгадавых назіранняў. У чэрвені на канферэнцыі у Германіі будуць прадстаўлены фота- і іншыя матэрыялы.

Такія аперацыі - здабытак не толькі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, Беларусі, але і ўсёй медыцынскай навукі. Беларускія спецыялісты разлічваюць на слушныя рэкамедацыі ад калег, якія дадуць магчымасць удасканаліць тэхналогію. Хоць усе разумеюць, што пластыка перыкардам, брушной аортай - гэта далёка не мяжа.

Вучоныя-медыкі імкнуцца стварыць штучную трахею на аснове донарскай матрыцы і ўласных тканак пацыента. Сутнасць метаду ў тым, што трахею спецыяльным чынам кансервуюць, выдаляюць усе клетачныя элементы - дэвіталізуюць. Пасля гэтай працэдуры застаецца толькі калагенны храстковы каркас, які не нясе антыгенных уласцівасцей. Пры такім падыходзе донарам тэарэтычна можа стаць нават жывёла. Галоўнае, каб трахея была патрэбнай даўжыні і дыяметра.

Далей матрыцу з дапамогай клетачных тэхналогій адаптуюць да арганізма хворага. Даследаванні ў галіне тканка-інжынернай хірургіі РНПЦ анкалогіі і метрадыялогіі праводзіць ужо каля 30 гадоў. "Не скажу, што мы апярэдзілі ўсіх. Вопыт вырабу штучных трахей ёсць у італьянскага вучонага Паола Макіярыні. Але сваю методыку ён трымае ў сакрэце, абмяжоўваючыся публікацыяй агульных прынцыпаў. Таму мы праводзім свае даследаванні ўнікальным шляхам, нікога не паўтараючы", - адзначыў Уладзімір Жаркоў.

Але, на жаль, не ўсё ідзе так гладка, як хацелася б. Да гэтага часу не вырашана пытанне з закупкай спецыяльных рэактываў, з дапамогай якіх можна ўстанавіць наколькі якасна была праведзена дэвіталізацыя донарскай трахеі. Усе іншыя этапы вырабу ўжо адпрацавалі, цяпер іх даводзяць да аўтаматызму. Але калі хоць адзін антыген на матрыцы захаваўся, то засяляць яе біяматэрыялам пацыента нельга. Дарагая складаная працэдура прападзе дарэмна. А вось закупіць патрэбныя рэактывы, якія і каштуюць адносна нядорага - каля $2 тыс., не могуць амаль паўгода. Грошы выдзелены, але праблема ў тым, што прэпараты не зарэгістраваны ў Беларусі. Больш таго, яны чамусьці трапілі ў катэгорыю медыцынскіх, хоць прымяняць іх у адносінах да хворага ніхто не збіраецца. Паўтаруся, з дапамогай рэактыву толькі правяраюць узор донарскай матрыцы.

Тым не менш, штучную трахею плануецца стварыць на працягу года-двух. Не выключана, што першай яе атрымае пацыентка, якой некалькі тыдняў таму зрабілі пратэз з перыкарда. "Хочацца палепшыць якасць жыцця гэтай дзяўчыне настолькі, каб яна не адчувала, што нечым адрозніваецца ад сваіх здаровых равеснікаў", - сказаў Уладзімір Жаркоў.

Святлана Саўко
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі