Сцяг Нядзеля, 12 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 мая 2013, 14:05

Беларускі бізнес давярае падатковым органам, але не зусім задаволены якасцю інфармацыі аб падатках у СМІ

Малы і сярэдні бізнес Беларусі давярае падатковым органам, падтрымлівае рэформы ў падаткаабкладанні, але лічыць неабходным павысіць якасць і актуальнасць інфармацыі па падатковых пытаннях у прэсе. Гэта вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах Беларусі. У час апытання свае меркаванні аб сферы падатковых паслуг у Беларусі выказалі 3,3 тыс. прадстаўнікоў арганізацый малога і сярэдняга бізнесу ва ўсіх абласцях рэспублікі і Мінску. Аналіз атрыманых даных даў магчымасць вызначыць найбольш эфектыўныя формы работы падатковых органаў з арганізацыямі малога і сярэдняга бізнесу, канстатуе міністр па падатках і зборах Беларусі Уладзімір Палуян. Пры гэтым некаторыя вынікі работы могуць быць выкарыстаны пры ўдасканаленні падатковага адміністравання, а таксама ў якасці рэкамендацый для павышэння эфектыўнасці аказання паслуг падаткаплацельшчыкам.

Асноўным відам дзейнасці большасці арганізацый, што прадстаўляюць удзельнікі апытання, з'яўляецца гандаль (42,3 працэнта). Вытворчасць і паслугі прадстаўлены прыблізна ў роўных долях - 29,1 працэнта і 26,6 працэнта адпаведна. Пры гэтым у большай частцы арганізацый вядзеннем бухгалтарскага ўліку і разлікам падаткаў займаецца штатны бухгалтар або спецыяльнае падраздзяленне.

Паводле атрыманых у ходзе апытання даных, дамінантная большасць удзельнікаў апытання лічаць, што ўдасканаленню бухгалтарскага ўліку і падаткаабкладання, у першую чаргу, будуць садзейнічаць ліквідацыя розніцы паміж імі, іх спрашчэнне, пераход на МСФС і змяненне падатковага заканадаўства ў цэлым. Пераважная большасць прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу (82 працэнты) пацвярджае эфектыўнасць работы падатковых органаў па месцы пастаноўкі на ўлік. Аб даверы падатковым органам свайго раёна заявілі 80,9 працэнта апытаных прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Практычна аналагічная колькасць рэспандэнтаў (77,4 працэнта) лічаць, што ў іх падатковых структурах працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Значная колькасць удзельнікаў апытання пацвярджаюць, што паслугі, якія прадастаўляюцца падатковым органам, паляпшаюцца год ад году, а ў рабоце выкарыстоўваюцца новаўвядзенні і сучасныя тэхналогіі (у сярэднім па 67,7 працэнта).

У ацэнку якасці работы падатковых органаў уваходзіць таксама магчымасць планаваць падаткаплацельшчыкам візіт у падатковую інспекцыю і зводзіць да мінімуму час чакання ў чарзе. Паводле атрыманых даных, рэспандэнты ў сярэднім трацяць на чаканне ў чарзе на прыём да падатковага інспектара 15 мінут, а для атрымання кансультацый - 20 мінут. Пры гэтым абсалютная большасць апытаных спецыялістаў задаволены графікам работы падатковага органа. Таксама рэспандэнты задаволены прастатой запаўнення падатковых дэкларацый (79,9 працэнта), якасцю растлумачэнняў з боку падатковых органаў, абгрунтаванасцю патрабавання дакументаў (у сярэднім па 72,2 працэнта).

Асабістую сустрэчу з супрацоўнікамі падатковага органа лічаць найбольш эфектыўным спосабам перадачы сваіх думак, пажаданняў і праблем больш як палавіна рэспандэнтаў. Таксама значная частка апытаных (42,6 працэнта) адзначылі семінары, сустрэчы з работнікамі падатковых органаў, менш як трэць (у сярэднім па 27 працэнтаў) - тэлефонны зварот, у тым ліку па тэлефоне даверу, гарачай лініі, зварот у пісьмовым выглядзе. Пры гэтым на пытанне "Ці ўзнікалі ў вас канфліктныя сітуацыі пры звароце ў падатковы орган?" пераважная большасць рэспандэнтаў (88,4 працэнта) адказалі адмоўна. Адзначылі наяўнасць такіх сітуацый толькі 3,6 працэнта ўдзельнікаў апытання.

"Апошнім часам перад беларускай дзяржавай стаіць задача распрацоўкі эфектыўнай падатковай палітыкі і пабудовы падатковай сістэмы, якая забяспечвае эканамічны прагрэс", - звяртае ўвагу Уладзімір Палуян. Паводле яго слоў, сусветны вопыт паказвае, што гэта задача адносіцца да найбольш складаных, паколькі патрабуе ўліку і аптымальнага спалучэння дзвюх супярэчлівых тэндэнцый. Па-першае, пошуку шляхоў павелічэння паступленняў сродкаў у бюджэт дзяржавы, па-другое, зніжэння падатковага націску на таваравытворцу для павелічэння магчымасцей інвесціравання.

Згодна з праведзеным апытаннем, больш як палавіна рэспандэнтаў (59,5 працэнта) лічаць падатковыя пераўтварэнні ў Беларусі эфектыўнымі. Не лічаць іх такімі толькі 18,8 працэнта ўдзельнікаў апытання. "Такім чынам, атрыманыя даныя ўказваюць на падтрымку арганізацыямі - прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу падатковых пераўтварэнняў у Беларусі", - канстатуе міністр па падатках і зборах.

З 1 красавіка 2009 года ў падатковых органах Беларусі ўкаранёна сістэма электроннага дэкларавання (СЭД). "За апошнія гады беларускія падаткаплацельшчыкі змаглі ацаніць перавагі гэтай формы падатковага дэкларавання, што дае магчымасць паскорыць і спрасціць працэс падачы падатковай справаздачнасці", - адзначае Уладзімір Палуян. З дапамогай сістэмы электроннага дэкларавання арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць таксама накіраваць запыт аб растлумачэнні падатковага заканадаўства, заявіць аб жаданні залічыць сродкі або вярнуць залішне выплачанае ў бюджэт, перанесці тэрмін правядзення планавай праверкі, а падатковыя органы, са свайго боку, - накіраваць растлумачэнне, паведаміць аб прынятых рашэннях.

Згодна з вынікамі праведзенага апытання, аб выкарыстанні сістэмы электроннага дэкларавання заявілі 63,3 працэнта апытаных прадстаўнікоў арганізацый малога і сярэдняга бізнесу. Пры гэтым 89,8 працэнта рэспандэнтам зручна прадстаўляць падатковыя дэкларацыі (разлікі) у электронным выглядзе. Большасць рэспандэнтаў задаволены работай сістэмы электроннага дэкларавання (яе якасцю як праграмнага прадукту) і ўзроўнем аказваемай тэхнічнай падтрымкі СЭД.

Адна з важнейшых задач для МПЗ - правядзенне інфармацыйна-растлумачальнай работы, накіраванай на атрыманне грамадствам інфармацыі аб дзейнасці падатковых органаў, дзеючых падатках, зборах (пошлінах), растлумачэнняў па пытаннях прымянення падатковага і іншага заканадаўства, а таксама на дасведчанасць у сферы падатковых адносін. "У рамках рэалізацыі гэтай задачы важнейшым напрамкам у інфармацыйна-растлумачальнай рабоце з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння падатковых органаў з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія абслугоўвацца імі, пры дапамозе фарміравання сучаснага, інтэграванага і высокаэфектыўнага інфармацыйнага асяроддзя", - падкрэсліў Уладзімір Палуян.

Згодна з вынікамі даследавання, пры ўзнікненні праблемных пытанняў у частцы падаткаабкладання за растлумачэннем прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, перш за ўсё, звернуцца ў падатковую інспекцыю па месцы пастаноўкі на ўлік (75,3 працэнта). Менш як палавіна рэспандэнтаў будуць шукаць растлумачэнні ў нарматыўна-прававых дакументах (45,7 працэнта). Кожны чацвёрты ўдзельнік апытання звернецца да інфармацыі спецыялізаваных часопісаў "Налоги Беларуси", "Консультант предпринимателя", кожны восьмы - на электронны адрас МПЗ. Толькі 6,2 працэнта прадставяць сваю праблему ў вышэйстаячы падатковы орган.

Пры гэтым 69,9 працэнта апытаных прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу задаволены актуальнасцю і якасцю інфармацыі, размешчанай у даведачна-інфармацыйных сістэмах. Толькі 7,2 працэнта ўдзельнікаў апытання не задаволены матэрыяламі, прадстаўленымі ў гэтых спецыялізаваных крыніцах. Палавіна апытаных задаволены інфармацыяй, атрыманай на афіцыйным інтэрнэт-сайце МПЗ, у друкаваным выданні "Налоги Беларуси", на стэндах у падатковых органах. Менш за ўсё ўдзельнікі апытання задаволены актуальнасцю і якасцю інфармацыі, атрыманай са СМІ. Гэта сведчыць аб неабходнасці больш актыўнага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў прэсы і МПЗ, упэўнены ў міністэрстве. Тут маюць намер прадоўжыць укараненне ў практыку работы органаў падатковай службы прагрэсіўных форм і метадаў растлумачальнай работы, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Падаткі заўсёды прадугледжвалі вылічэнне часткі даходу, якi атрымлiваецца юрыдычнымі або фізічнымі асобамі, і з-за гэтага негатыўна ўспрымаліся чалавекам, канстатуюць у МПЗ. "Грамадзяне адмоўна ставяцца да страт, абмежавання сваіх правоў, павелічэння абавязкаў, якія не даюць усвядомленай імі маральнай кампенсацыі, і, такім чынам, натуральным для іх з'яўляецца негатыўнае стаўленне да саміх падаткаў і падатковага кантролю тым больш. У сувязі з гэтым важнае значэнне мае выхаванне ў першую чаргу сярод моладзі элементарнай падатковай культуры і якасцей законапаслухмянага падаткаплацельшчыка", - адзначае Уладзімір Палуян.

Вынікі апытання, праведзенага ІАЦ, паказалі нацэленасць грамадзян на выхаванне ў падрастаючага пакалення павагі да падатковага заканадаўства і арыентацыі на яго захаванне. На пытанне "Ці будзеце вы пераконваць сваіх дзяцей у неабходнасці плаціць падаткі?" пераважная большасць апытаных прадстаўнікоў прадпрыемстваў (89 працэнтаў) адказалі станоўча. Толькі 2,7 працэнта не лічаць патрэбным гэта рабіць.

"Такім чынам, вынікі праведзенага даследавання паказалі не толькі важнасць далейшага развіцця падатковых паслуг у Беларусі, але і значнасць выпрацоўкі эфектыўнага механізма падаткаабкладання сектара малога і сярэдняга прадпрымальніцтва для павышэння напаўняльнасці бюджэтаў усіх узроўняў", - рэзюмаваў Уладзімір Палуян. Паводле яго слоў, Міністэрства па падатках і зборах пачало ўжо работу па паляпшэнню вынікаў у адзначаных бізнесам сферах. У МПЗ разлічваюць, што гэта дасць магчымасць не толькі зрабіць партнёрства дзяржавы і бізнесу больш эфектыўным, але і ўзняцца ў рэйтынгу Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі "Вядзенне бізнесу" па паказчыку "падаткаабкладанне".

Ганна КОТ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі