12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пасля 11 тураў захоўвае 6-е месца ў групе В Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У чарговым паядынку каманда Сяргея Бябешкі прымала на сваёй арэне дацкі "Ольбарг" і не здолела адолець гасцей, згуляўшы ўнічыю 23:23. Свой наступны матч БГК правядзе 17 лютага ў гасцях у венгерскага "Веспрэма", які ў папярэднім туры ўступіў на выездзе нямецкаму "Кілю" з лікам 20:22. Безагаворачны лідар групы В французскі "Пары Сен-Жэрмен" атрымаў дзясятую вікторыю, атрымаўшы перамогу ў гасцях над славенскім "Цэле" - 31:26. Нямецкі "Фленсбург" на сваёй пляцоўцы згуляў унічыю з польскім "Вівэ" - 32:32.
Становішча каманд пасля 11 гульнявых дзён: "Пары Сен-Жэрмен" - 20 ачкоў, "Фленсбург" - 15, "Веспрэм" - 13, "Кіль" - 13, "Вівэ" - 9, БГК імя Мяшкова - 8, "Ольбарг" - 5, "Цэле" - 5.
Каманды групы А таксама згулялі па 11 матчаў: "Вардар" (Македонія) - 18 ачкоў, "Нант" (Францыя) - 17, "Барселона" (Іспанія) - 14, "Райн Левен" (Германія) - 12, "Пік" (Венгрыя) - 11, "Вісла" (Польшча) - 6, "Крысціянстад" (Швецыя) - 6, "Заграб" (Харватыя) - 4.
Групавы этап чэмпіёнскай Лігі фінішуе 4 сакавіка, пасля чаго па 6 лепшых каманд з кожнай групы прадоўжаць барацьбу ў матчах плэй-оф.-0-