29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Місія БДІПЧ АБСЕ 31 ліпеня прыбудзе ў Беларусь для назірання за выбарамі ў парламент, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Місія БДІПЧ АБСЕ прыязджае ў краіну 31 ліпеня, гэта значыць ужо ў нядзелю, і 2 жніўня ў Цэнтральнай камісіі назначана сустрэча з кіраўніцтвам місіі", - расказала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, кіраўнік групы кароткатэрміновых наглядальнікаў - прадстаўнік Італіі Каэтана дэ Зулуета Оўтрам. Яна нарадзілася ў Калумбіі, працуе журналістам з 1981 года, цяпер таксама з'яўляецца блогерам, з 1996 года выбіраецца ў сенат Італіі, а потым - у Палату прадстаўнікоў італьянскага парламента. У Беларусі яна не вяла назіранне за выбарамі, аднак узначальвала місію БДІПЧ АБСЕ ў такіх дзяржавах, як Азербайджан, Турцыя, Францыя, Чэхія, Узбекістан, Украіна.
Усяго ж у ЦВК акрэдытавана 193 міжнародныя наглядальнікі, у тым ліку 142 з іх прадстаўляюць місію СНД і 51 - БДІПЧ АБСЕ.
Акрамя таго, у Цэнтрвыбаркаме акрэдытавана 8 прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у якасці нацыянальных наглядальнікаў.-0-