Сцяг Чацвер, 16 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 кастрычніка 2017, 11:26

Фільмы з 46 краін прывязуць на "Анімаёўку" ў Магілёў

6 кастрычніка, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. XX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2017" пройдзе ў Магілёве і Магілёўскай вобласці 26-29 кастрычніка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэжысёр-аніматар кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Волчак, які ўзначаліў экспертную камісію конкурснай праграмы мультсвята.

На юбілейным форуме будзе прадстаўлена 240 фільмаў з 46 краін. Упершыню для ўдзелу ў конкурсе заяўлены работы з Усходняга Тымора, М'янмы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Тайланда, Уругвая, Філіпін, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Экспертная камісія фестывалю адабрала для ўдзелу ў конкурснай праграме 190 анімацыйных фільмаў, у тым ліку 50, прадстаўленых дзіцячымі студыямі. У большасці сваёй гэта новыя мультфільмы, створаныя за апошнія два гады. Яны будуць прагледжаны прадстаўнічым міжнародным журы, якое выбера не толькі ўладальніка Гран-пры, але і пераможцаў у 19 намінацыях: 11 дарослых і 8 дзіцячых. Стваральнікі лепшых мультфільмаў традыцыйна атрымаюць хрустальныя алоўкі, а ўсе без выключэння ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Паводле слоў Ігара Волчака, у бягучым годзе сярод прэтэндэнтаў на конкурсную праграму адзначалася вялікая канкурэнцыя. На камісію арганізатары сабралі нямала цікавых і сур'ёзных фільмаў, таму выбіраць было з чаго. "Журы фестывалю давядзецца нялёгка", - падкрэсліў рэжысёр.

Беларусь будзе прадстаўлена на "Анімаёўцы" трыма мультфільмамі: "І месяц спыніўся" рэжысёра Юліі Рудзіцкай, "Незвычайны дзіцячы сад" Руслана Сінкевіча і Марыны Лук'янавай, "Няньчыны казкі" Алены Пяткевіч. Усе работы вельмі дастойныя і цікавыя, адзначыў Ігар Волчак.

Традыцыйна ў час свята будуць праводзіцца майстар-класы, конкурсы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, сустрэчы са стваральнікамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці.

"Жыхарам горада на Дняпры пашанцавала, што менавіта ў Магілёве праводзіцца фестываль анімацыі, аналагаў якому няма ў Беларусі, - падкрэсліў Ігар Волчак. - У аснове праграмы фільмы, якія рэдка даступны шырокай аўдыторыі, так званы эксклюзіў для публікі, тое, што вызначае ўзровень мастацтва. "Анімаёўка" дае гледачу магчымасць зразумець, што анімацыйнае кіно - гэта не толькі фільмы для дзяцей".

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі