Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 мая 2024, 10:27

"Створаны ўсе ўмовы". Старшыня асацыяцыі шматдзетных бацькоў аб ролі сям'і і дапамозе дзяржавы

Фота з архіва
Фота з архіва
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка расказала аб ролі сям'і і створаных у Беларусі ўмовах для яе развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У самой Таццяны Краўчанка пяцёра дзяцей: чатыры сыны і дачка. "Усе яны ў мяне ўжо дарослыя. Ужо і ўнукі, і нават праўнук ёсць. Сям'я ўплывае на лёс кожнага чалавека.  Усё пачынаецца з сям'і, а потым ужо - школа, інстытут і ўсё астатняе. А калі сям'я вялікая, то гэта пра з'яднанасць, дапамогу адзін аднаму і павагу. Нездарма гавораць, што сям'я - гэта маленькая дзяржава. І з такіх маленькіх дзяржаў складваецца наша краіна", - падзялілася яна.

Расказала шматдзетная мама і бабуля і пра сямейныя традыцыі. "Мой тата прайшоў усю вайну. Ён вызваляў Беларусь, удзельнічаў у аперацыі "Баграціён" і закончыў вайну ў Кёнігсбергу. І 9 Мая было самае любімае яго свята. Пакуль мог, выходзіў на дэманстрацыю, ніколі не прапускаў. Адсюль і пайшла наша традыцыя. Спачатку мы, дзеці, збіраліся ў бацькоў, віншавалі іх. Цяпер ужо нашы дзеці збіраюцца ў нас. Дзень Перамогі - самае светлае свята для нас усіх", - падзялілася Таццяна Краўчанка. У лепшых сямейных традыцыях збіраюцца Краўчанкі і на дні нараджэння, Новы год і іншыя святы.

Падзялілася яна і думкамі наконт папулярнага ў іншых краінах руху чайлдфры. "Мець вялікую сям'ю - вялікая праца. Але яна таго варта. Мне шчыра шкада тых людзей, якія выбіраюць для сябе бяздзетны шлях. Таму што яны вельмі шмат страчваюць. Калі яны зразумеюць, што яны зрабілі вельмі вялікае глупства, будзе позна ўжо, і нічога нельга будзе выправіць", - адзначыла Таццяна Краўчанка.

Таццяна Краўчанка не толькі змагла пабудаваць сваю шчаслівую сям'ю, але і дапамагла многім шматдзетным сем'ям. Пасля развалу Савецкага Саюза шматдзетныя сем'і засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. У той момант Таццяна зразумела: трэба аб'ядноўвацца і старацца стварыць умовы для астатніх.

"Цяпер шматдзетныя ў большасці маюць траіх дзяцей. А тады нормай было 8-10. І час быў вельмі цяжкі. У магазінах абсалютна пустыя прылаўкі, ні прадуктаў, ні адзення. Хлеб выдавалі адзін у рукі. Даводзілася па два разы ў чэргах стаяць, каб хоць хлеба дзецям прынесці. Спынілася і прадастаўленне жылля шматдзетным. Таму на руінах Савецкага Саюза з'явілася наша арганізацыя", - расказала старшыня.

Яна падзялілася, што і стаўленне да шматдзетных сем'яў як ад грамадства, так і ад чыноўнікаў было адмоўным. "У асноўным лічылі, што шматдзетныя - нядобранадзейныя. Трэба было даказваць адваротнае. Мы арганізоўвалі розныя мерапрыемствы, паказвалі, што шматдзетная сям'я - гэта нармальная сям'я, дзе выхоўваюцца таленавітыя і здольныя дзеці", - расказала Таццяна Краўчанка.

Яна дадала, што паступова ў краіне пачалі стварацца ўмовы для шматдзетных. З 2000-х гадоў з'явіліся першыя льготныя крэдыты на жыллё. "Тады яны былі крыху не такія і паступова станавіліся ўсё лепш. Цяпер сям'і, якая мае траіх дзяцей, дзяржава пакрывае 75 працэнтаў крэдыту, а тым, хто мае чатырох і больш, - 100 працэнтаў. Ёсць для шматдзетных і праграма "Сямейны капітал". Яе таксама можна выкарыстоўваць на жыллё, на вучобу як дзяцей, так і бацькоў, на медыцынскія паслугі або тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Мамы нашы могуць спакойна сядзець у дэкрэце да трох гадоў дзіцяці. Цяпер зусім іншае стаўленне да шматдзетных", - расказала яна.

Таццяна Краўчанка ўпэўнена: шматдзетным сем'ям неабходна дапамагаць, каб у бацькоў была магчымасць і гадаваць дзяцей, і працаваць на карысць краіны. "Цяпер вельмі многае робіцца, і, зразумела, колькасць шматдзетных сем'яў стала расці.  Куды не прыйдзеш, усюды з маленькімі дзеткамі, то з каляскамі, то на руках нясуць. На гэта прыемна паглядзець. Хоць мінула ўсяго гадоў 20, а ўжо ўсе ўмовы створаны", - адзначыла старшыня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі