Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 мая 2015, 11:00

Зборная Расіі перамагла ў камандных спаборніцтвах на ЧЕ-2015 па мастацкай гімнастыцы, беларускія грацыі заваявалі серабро

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Расіі атрымала перамогу ў жаночых камандных спаборніцтвах на чэмпіянаце Еўропы-2015 па мастацкай гімнастыцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Расіянкі сталі лепшымі па выніках двухдзённых спаборніцтваў з сумарнай адзнакай 150,173 бала. Зборная Беларусі ў складзе Меліціны Станюты і Кацярыны Галкінай адстаяла другую пазіцыю, якую займала пасля двух практыкаванняў першага дня. Беларускі сталі сярэбранымі прызёрамі кантынентальнага форуму з адзнакай 144,556 бала. Трэцяе месца камандных спаборніцтваў дасталося грацыям з Украіны (139,798).

2 мая ў вячэрняй сесіі спартсменкі прадстаўлялі кампазіцыі з булавамі і са стужкай, адзнакі за якія ішлі ў залік каманды і прыбаўляліся да адзнак за практыкаванні з абручом і з мячом. У складзе зборнай Расіі, якая лідзіравала пасля першага дня, як і напярэдадні, выступалі тры спартсменкі - Яна Кудраўцава (булавы, стужка), Маргарыта Мамун (стужка) і Аляксандра Салдатава (булавы). Памарка, дапушчаная Мамун у час выхаду на дыван, не стала перашкодай для каманды на шляху да вышэйшай прыступкі п'едэстала гонару. Найвышэйшы тэхнічны ўзровень выканання сваіх кампазіцый Кудраўцавай і Салдатавай фактычна не пакінулі саперніцам шанцаў уклініцца ў барацьбу за золата. Як вынік, бліжэйшых саперніц - беларусак яны апярэдзілі больш як на 5 балаў.

Айчынныя спартсменкі Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна вельмі стараліся парадаваць сваіх балельшчыкаў. У іх гэта цалкам атрымалася, нават нягледзячы на тое, што абедзве дапускалі невялікія памылкі на лоўлі прадметаў, у прыватнасці ў практыкаваннях з булавамі. Тым не менш, з задачай па захаванні другой пазіцыі гаспадыні дывана справіліся без праблем. На чэмпіянаце Еўропы 2013 года, што праходзіў у аналагічным з цяперашнім фармаце, прадстаўніцы Беларусі ў камандным турніры былі трэцімі.

На гэты раз у барацьбе за бронзу камандных спаборніцтваў інтрыга захоўвалася да завяршэння выступлення апошняй спартсменкі. Лідар зборнай Ізраіля Нета Рыўкін не змагла ў кампазіцыі са стужкай зарабіць адзнаку, дастатковую, каб пацясніць з прызавога месца ўкраінак. У выніку менавіта зборная Украіны (Ганна Рызатдзінава, Элеанора Раманава, Вікторыя Мазур) атрымала бронзавыя ўзнагароды. Ізраільцянак Нету Рыўкін і Вікторыю Вейнберг-Філаноўскі ад п'едэстала аддзялілі 0,141 бала.

У ходзе спаборніцтваў, што адбыліся 2 мая, іх удзельніцы таксама вызначылі фіналістак у асобных практыкаваннях з булавамі і са стужкай. Абедзве беларускія спартсменкі трапілі ў іх лік. У фінал з булавамі Станюта выйшла з чацвёртым рэзультатам (18,233), Галкіна - з восьмым (17,633). У кампазіцыі са стужкай Станюта заняла прамежкавае 5-е месца (17,933), а Галкіна - 6-е (17,900). Фіналісткамі з абручом і мячом яны сталі напярэдадні.

Удзельніцамі фінальных спаборніцтваў у практыкаваннях з булавамі таксама сталі Яна Кудраўцава, Аляксандра Салдатава (абедзве - Расія), Ганна Рызатдзінава (Украіна), Марына Дурунда (Азербайджан), Нета Рыўкін (Ізраіль), Саламэ Пажава (Грузія). У фінал са стужкай прабіліся Яна Кудраўцава, Маргарыта Мамун, Ганна Рызатдзінава, Марына Дурунда, Саламэ Пажава і прадстаўніца Францыі Ксенія Мустафаева.

Як паведамлялася, першы камплект узнагарод 2 мая разыгралі каманды юніёрак у групавых практыкаваннях, якія спаборнічалі ў мнагабор'і. У гэтым відзе праграмы таксама наймацнейшымі аказаліся прадстаўніцы Расіі (33,266), а другое месца занялі беларускі (32,733). Бронза дасталася ізраільцянкам (32,366).
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі