Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 верасня 2015, 10:51

Станюта заваявала бронзу ЧС-2015 па мастацкай гімнастыцы ў практыкаваннях з мячом

9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У другі дзень спаборніцтваў на чэмпіянаце свету-2015 па мастацкай гімнастыцы ў нямецкім Штутгарце былі разыграны першыя камплекты ўзнагарод у асобных практыкаваннях з мячом і з абручом. Лідар зборнай каманды Беларусі Меліціна Станюта заваявала бронзавую ўзнагароду сусветнага форуму ў практыкаваннях з мячом, паведамілі БЕЛТА ў Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

За фінальную кампазіцыю з мячом Станюта атрымала ацэнку 18,350 бала, якая дала магчымасць ёй узысці на трэцюю прыступку п'едэстала гонару. На вышэйшую яго прыступку ў гэтым практыкаванні паднялася расійская гімнастка Яна Кудраўцава (19,025), сярэбраным прызёрам стала яе суайчынніца Маргарыта Мамун (19,000). Беларуска Кацярына Галкіна замкнула васьмёрку фіналістак (17,516).

У практыкаванні з абручом Меліціна Станюта зноў набрала 18,350 бала, што стала чацвёртым рэзультатам. Золата заваявала Маргарыта Мамун (18,950). Другое месца заняла яе калега па камандзе Аляксандра Салдатава (18,650), трэцяе - Ганна Рызатдзінава (18,583) з Украіны.

На гэты момант Меліціна Станюта па выніках кваліфікацыі індывідуальнага мнагабор'я займае прамежкавае чацвёртае месца (36,066), уступаючы ўкраінцы Ганне Рызатдзінавай (36,332; прамежкавае 1-е месца), расіянцы Маргарыце Мамун (36,233; 2-е) і карэйскай гімнастцы Ен Чжэ Сон (36,199; 3-е).

Пасля двух практыкаванняў у камандным заліку Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна ўпэўнена трымаюцца на другой пазіцыі (70,457). Лідзіруюць расіянкі (73,832), трэцяй ідзе ўкраінская зборная (70,331).

Сёння для ўсіх удзельніц чэмпіянату стартуе марафон у практыкаваннях з булавамі і са стужкай, фіналы якіх адбудуцца вечарам 10 верасня.

Важкасць чэмпіянату свету гэтага года заключаецца ў тым, што ён з'яўляецца кваліфікацыйным да Алімпіяды-2016. Гімнасткі, якія занялі ў індывідуальным мнагабор'і месцы з 1-га па 15-е, заробяць для сваёй нацыянальнай федэрацыі ліцэнзіі на Гульні. Аднак ад той ці іншай краіны там змогуць выступіць максімум дзве гімнасткі. Грацыі, якія занялі ў мнагабор'і месцы з 16-га па 38-е, пазней пазмагаюцца за астатнія шэсць алімпійскіх пуцёвак на кваліфікацыйным турніры. Спаборніцтвы каманд у групавых практыкаваннях на планетарным чэмпіянаце стартуюць 12 верасня. Тут у мнагабор'і першыя шэсць каманд па выніках ЧС-2015 трапяць на Алімпіяду. Барацьба за астатнія тры пуцёўкі на галоўны старт чатырохгоддзя пройдзе на кваліфікацыйным турніры. Фінішуе чэмпіянат свету 13 верасня.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі