Сцяг Аўторак, 17 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лютага 2026, 15:21

Ці вернуцца ў Беларусь 20-градусныя маразы, адказалі сіноптыкі

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ці цернуцца ў Беларусь 20-градусныя маразы, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Сцэнарый надвор'я ў лютым мае настолькі закручаны сюжэт, што можна напісаць не адзін інтрыгуючы раман. У ім цесна пераплятаюцца дзве сюжэтныя лініі: атлантычная цеплыня і арктычны холад, працягласць якіх вызначаецца атмасфернай падтрымкай з боку заходніх цыклонаў і скандынаўскіх антыцыклонаў. Так, 13-14 лютага ў Беларусі прадоўжыць панаваць адліга дзякуючы цыклону "Тамара", а ў далейшым зіма закруціць раман з грэбенем высокага ціску, які верне ў нашы мясціны ўжо звычайныя 20-градусныя маразы", - расказалі ў Белгідрамеце.

Бліжэйшыя двое сутак, 13-14 лютага, умовы надвор'я ў Беларусі прадоўжаць вызначаць атмасферныя франты і цёплая паветраная маса, што паступае з Заходняй Еўропы. Таму ў многіх раёнах краіны пройдуць ападкі рознай фазы (снег, мокры снег, дождж) і інтэнсіўнасці.

У пятніцу, 13 лютага, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (дождж, мокры снег, па поўначы са снегам). У асобных раёнах магчымы туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца, днём месцамі па поўначы наліпанне мокрага снегу. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень - ад мінус 1 да плюс 5 градусаў.

У суботу, 14 лютага, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (снег, мокры снег, дождж). Месцамі магчымы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 8 градусаў па паўночным захадзе да плюс 2 градусаў па паўднёвым усходзе.

15-18 лютага з ростам атмасфернага ціску колькасць і інтэнсіўнасць ападкаў зменшыцца. Пры гэтым з поўначы Еўропы пачне паступаць паветраная маса арктычнага паходжання, тэмпературны фон паніжаецца. Калі ў начны час у нядзелю, 15 лютага, ён яшчэ будзе вагацца ад мінус 5 градусаў па поўдні да 19 градусаў марозу па поўначы, то ў панядзелак - сераду, 16-18 лютага, апынецца ў межах ад мінус 10 да 21 градуса марозу. Пры ўмове працяглых праясненняў паветра пахаладнее да 22-26 градусаў ніжэй за нуль, а максімальныя значэнні тэмпературы паветра днём будуць знаходзіцца ў дыяпазоне ад мінус 3 у паўднёвых да 15 градусаў марозу ў паўночных раёнах краіны. З паніжэннем тэмпературнага фону чакаецца, што ў ападках стане пераважаць снег. Пры ваганнях тэмпературнага фону месцамі будуць адзначацца галалёдныя з'явы і туманы.

У нядзелю, 15 лютага, месцамі, а днём па поўдні краіны ў многіх раёнах снег. Днём па поўдні слабая завея. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў па поўдні да мінус 19 градусаў па поўначы. Днём будзе 5-12 градусаў ніжэй за нуль, у паўднёвых раёнах месцамі - мінус 3-4 градусы.

У панядзелак, 16 лютага, пераважна па паўднёвым усходзе краіны чакаецца снег, слабая завея. Месцамі на дарогах магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-17 градусаў марозу, пры праясненнях - да мінус 22 градусаў. Днём будзе 6-13 градусаў марозу, месцамі - да мінус 15 градусаў.

У аўторак, 17 лютага, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабы туман і шэрань. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 14-21 градус марозу, пры праясненнях - да мінус 26 градусаў. Днём будзе 7-14 градусаў ніжэй за нуль.

У сераду, 18 лютага, уначы месцамі пройдзе кароткачасовы снег. Сёння на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, па поўдні мокры снег, слабы галалёд. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 13-20 градусаў марозу. Днём будзе 6-13 градусаў ніжэй за нуль, па поўдні месцамі - мінус 3-5 градусаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі