Сцяг Чацвер, 21 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2026, 10:44

Петунія, бягонія, вербена і колеусы. Беларус вырошчвае ў цяпліцы амаль 50 разнавіднасцей кветкавых раслін

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якія толькі дэкаратыўныя расліны не сустрэнеш на ўчастку Аляксандра Кеўры з вёскі Насілава Маладзечанскага раёна. Вербена, гваздзік, сурфінія, бягонія, пеларгонія, петунія - усяго тут расце каля 50 відаў. І кожны год ён высаджвае ўсё новыя. Даведаліся, за што ён так любіць кветкі.

З першых хвілін нашай гутаркі Аляксандр з усмешкай прызнаецца, што любоў да кветак у яго з самага дзяцінства. Яшчэ хлопчыкам яго адпраўлялі на ўсе летнія канікулы - літаральна з мая па жнівень - у вёску ў Іўеўскі раён. Гаспадарка ў бабулі Ядвігі ў Суботніках была немалая: тры каровы, пяць свіней, немаленькі агарод і... велізарны кветнік! Дзень і ночь працуючы на хатняй гаспадарцы і на падворку, бабуля Сашы знаходзіла сілы і час на прыгожае: ружы, півоні, рамонкі... Яе любоў да кветак перадалася і ўнуку.

Калі стаў дарослым, ён знайшоў блізкую душу і падтрымку ў сваім захапленні ў асобе цудоўнай дзяўчыны, сваёй будучай жонкі Юліі. Праўда, шлях да кветаводства ў іх быў доўгім і няпростым, але ўвянчаўся поспехам.

- Люблю кветкі за прыгажосць. Па гэтай жа прычыне яны падабаюцца ўсім жанчынам. І, што самае галоўнае, іх любіць мая жонка. Вось і выкладваюся максімальна! - прызнаецца Аляксандр Кеўра.

Сёння кветкавы асартымент сям'і Кеўра складае 40-50 разнавіднасцей. Гэта вербена, гваздзік, сурфінія, бягонія, пеларгонія, петунія... Галоўныя памочнікі ў гэтай няпростай, але такой прыгожай справе - трое сыноў. Юлія Васільеўна - галоўны прадавец кветкавай прадукцыі, якую муж і жонка рэалізуюць на ўніверсальным рынку ў Маладзечне, дастаўляючы яе туды на ўласным мікрааўтобусе.

Попыт муж і жонка вывучаюць праз інтэрнэт, а таксама ў час продажаў кветак на рынку.

- Часта пакупнікі называюць тыя віды і сарты, якімі яны хацелі б упрыгожыць свае дамы і клумбы, але на момант іх візіту такіх раслін у нас не было. Стараемся вырошчваць менавіта тое, аб чым яны мараць, - адзначае наш герой.

Па тым, з якой гордасцю гаспадар прадстаўляе па чарзе расліны ў яго царстве кветак, адразу становіцца зразумела: ён іх выдатна ведае і любіць, як і густы беларусаў.

- Петуніі - любіміцы ландшафтных дызайнераў і дачнікаў. Іх пышны "шар" з кветак радуе з пачатку лета і да самых замаразкаў, а пах - тонкі і прыемны - толькі ўзмацняецца пад вечар, - гаворыць наш герой. - У дзясятку папулярных у беларусаў уваходзяць і мае любімыя аксаміткі. Попытам карыстаюцца і сурфініі (ампельныя петуніі) - фаварыты вертыкальнага азелянення. Іх галоўная прывабнасць - у бесперапынным каскадным цвіценні і высокай устойлівасці да капрызаў надвор'я.

Аглядаючы цяплічныя ўладанні, мы звярнуліся за парадай: што пасадзіць сёлета на сваім участку?

- Высаджваць тыя кветкі, якія даспадобы. Пры гэтым, калі з нейкай кветкай у вас не атрымалася, рэкамендую прадаўжаць эксперыментаваць! - тут жа адказвае Аляксандр.

Аляксандр Кеўра - герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Пагаварылі з ім аб разнавіднасцях садовых кветак, якія палюбіліся беларусам. Даведаліся, як вырошчваць дэкаратыўныя расліны ў цяпліцах і ў чым асаблівасці кожнай з іх.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. 

Фота Раміля Насібуліна
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі