Сцяг Нядзеля, 25 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 красавіка 2025, 15:01

Лукашэнка ўзгадніў назначэнне новага гендырэктара "Магілёўліфтмаша"

Руслан Страхар
Руслан Страхар
17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Руслана Страхара на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раней Руслан Страхар займаў пасаду намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці не ўспрымаецца новая пасада як нейкі рух уніз па кар'ернай лесвіцы.

"Гэта рашэнне для мяне абдуманае", - запэўніў Руслан Страхар, адзначыўшы свой вялікі вопыт работы ў прамысловасці (у тым ліку на "Строммашыне") і на дзяржслужбе на пасадах, дзе курыраваў у тым ліку прамысловы сектар, а таксама наяўнасць профільнай адукацыі. "Увогуле ўсё маё працоўнае жыццё так ці інакш звязана з прамысловасцю", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што цяпер адбываецца са "Строммашынай". У адказ было агучана, што частка цэхаў і абсталявання перайшла БЕЛАЗу і там разгорнута вытворчасць кузаўных элементаў. Размяшчаецца яна, як і раней, у цэнтры горада, фарміруючы прамысловы вузел з іншымі прадпрыемствамі. Працуюць там да 600 чалавек, і перспектывы нядрэнныя. У прыватнасці, прапрацоўваецца новы сур'ёзны праект у кааперацыі БЕЛАЗа і "Магілёўліфтмаша" па зборцы буйных элементаў электратрансмісіі. Другая частка тэрыторыі "Строммашыны", якая не мае дачынення да БЕЛАЗа, развіваецца, пераўтвараецца ў адпаведнасці з горадабудаўнічым планам Магілёва.

"Значыць, рухавік для аўтамабіля вы зробіце?" - спытаў Прэзідэнт.

"Так точна", - пацвердзіў Руслан Страхар.

"Але добры рухавік", - папярэдзіў у сваю чаргу кіраўнік дзяржавы.

"Так, Аляксандр Рыгоравіч", - адказаў новы кіраўнік "Магілёўліфтмаша". Паводле яго слоў, новым напрамкам прадпрыемства, які актыўна развіваецца, стала распрацоўка цягавых электрарухавікоў для электратранспарту, у тым ліку электробусаў і электрагрузавікоў, трамваяў і тралейбусаў "Белкамунмаша" і тэхнікі МАЗ.

"Што датычыцца аўтамабілебудавання і "Джылі" (размова аб распрацоўцы электрарухавіка для першага беларускага электрамабіля ад "БЕЛДЖЫ". - Заўвага БЕЛТА), і тут такая задача стаіць. Пяць пробных рухавікоў было пастаўлена. Яны разам з Нацыянальнай акадэміяй навук распрацоўваліся", - дадаў Руслан Страхар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі