Сцяг Панядзелак, 20 красавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 красавіка 2026, 08:42

Лукашэнка: я не імператар, як Трамп або Пуцін, каб чакаць усеагульнай любові

 

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу RT расказаў, як ставіцца да негатыўных выказванняў у свой адрас і ці чакае ўсенароднай любові, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Журналіст заўважыў, што некаторыя лідары, знаходзячыся на чале ўлады, вельмі хочуць, каб у грамадстве іх любілі, і ў той жа час ім не падабаюцца негатыўныя выказванні ў іх адрас. Ён спытаў, як Прэзідэнт ставіцца да таго, што ў краінах ЕС і на Захадзе яго называюць дыктатарам. 

"Я прагматык. Гасподзь мяне навёў на розум успрымаць сітуацыю так, як яна ёсць. І ён мне заўсёды падказваў, што любіць цябе ўсе не будуць. А калі ты радыкальны чалавек (няхай у барацьбе за справядлівасць, яшчэ за нешта (пазітыўнае. - Заўвага БЕЛТА), то цябе могуць вельмі многія людзі не любіць. Я да гэтага быў гатовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Я і быў далёкі, і цяпер тым больш, ад таго, каб настроіцца на ўсеагульную любоў. Я не імператар, як Дональд Трамп або Уладзімір Пуцін. Яны могуць сабе дазволіць разважаць над тым, каб іх любілі. У мяне не тыя магчымасці, што ў іх. Ад гэтага паходзіць вось гэта спакойнае стаўленне да любові, асабліва праз доўгія гады прэзідэнцтва", - адзначыў беларускі лідар. 

У працяг тэмы ён згадаў пра размову, якая адбылася даўно з Барысам Мікалаевічам Ельцыным. "Я з ім сустракаўся, ён у мяне пытаўся: "Што ў цябе здарылася такое, што ў цябе настрой дрэнны?" А я начытаўся апазіцыйнай, так сказаць, заходняй у тым ліку, прэсы, і там усякая гразь. Самае галоўнае - несправядліва, не было таго, што пра мяне пісалі. Я яму аб гэтым сказаў, ён рассмяяўся і гаворыць: "Ты што, яшчэ чытаеш іх?" Гэта для мяне было знакавым. Я да гэтага часу памятаю", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, ён па-ранейшаму шмат чытае, і ёсць рэчы, якія выклікаюць вострую рэакцыю. Перш за ўсё - несправядлівасць. "Гэта для мяне важна. Калі чалавек піша пра нешта (несправядлівыя адносіны, з якімі сутыкнуўся. - Заўвага БЕЛТА), асабліва ў сацыяльных сетках, пачынаем правяраць. Але на 99 працэнтаў гэта няпраўда", - адзначыў Прэзідэнт. 

Ён, вядома, даўно ведае і аб тым, што гавораць пра яго ў заходніх СМІ, як называюць: "Я вопытны чалавек. Я прачытаў: нейкую гразь на мяне льюць, дыктатар і гэтак далей. Я да гэтага спакойна стаўлюся. Калі вы мяне пачалі называць апошнім дыктатарам Еўропы, я тады адрэагаваў: "Ну, тады спяшайцеся, таму што я апошні дыктатар Еўропы". Аджартаваўся". 

"У мяне няма рэсурсу такога, каб дыктаваць. Вось у Трампа гэты рэсурс ёсць, і ён дыктуе - у Венесуэле, на Кубе, спрабуе ў Іране дыктаваць, Кітаю - усім краінам нешта прадыктаваць. У яго ёсць гэты рэсурс, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў цябе няма гэтага рэсурсу, то не спрабуй дыктаваць". 

"Дыктатура заўсёды прыводзіць да нейкага паражэння, да краху. Як здарылася ў вас (у ЗША, дзе доўга жыў і працаваў журналістам Рык Санчэс. - Заўвага БЕЛТА) з Іранам. Няхай не крах, але нешта да паражэння падобнае", - дадаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі