Пра Беларусь апошнім часам усё больш гавораць з паважлівымі інтанацыямі. На гэты факт звярнуў асаблівую ўвагу галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч у час тэлепраграмы "Клуб рэдактараў", паказанай 1 лістапада ў вячэрнім эфіры канала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Прызнана ўжо, што Беларусь - салідная еўрапейская дзяржава. Прычым усё больш і больш пра яе гавораць з паважлівымі інтанацыямі", - адзначыў медыяэксперт. Пры гэтым Павел Якубовіч выказаў некаторае здзіўленне наконт візавай палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да беларусаў.
"Да сённяшняга дня Еўрапейскі саюз не можа салідарна прыняць простае рашэнне адносна віз для беларусаў. Чаму шэнгенская віза каштуе такіх вялікіх грошай? 60 еўра ды яшчэ і шмат клопатаў, каб яе атрымаць! Калі хто-небудзь з нашых грамадзян хоча атрымаць шэнгенскую візу, ён павінен прайсці шэраг сур'ёзных працэдур, у тым ліку дактыласкапію. Хоць мы бачым, што ў Еўропу сёння едзе гіганцкая колькасць людзей, розных бежанцаў, у якіх ніхто не просіць ні адпячаткаў пальцаў, ні нават пашпартоў. Можна зрабіць вывад: Еўрапейскі саюз, здаецца, крыху заблытаўся. У еўрапейскіх сталіц ёсць сур'ёзныя падставы задумацца над тым, што будзе заўтра", - дадаў Павел Якубовіч.-0-
