Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2026, 21:00

Што паказала праверка сістэмы аховы здароўя Гродзенскай вобласці? Абельская пра вынікі маніторынгу 

Ірына Абельская
Ірына Абельская
6 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Аб рабоце маніторынгавай групы па праверцы сістэмы аховы здароўя, якая прааналізавала стан спраў у Гродзенскай вобласці, карэспандэнту БЕЛТА расказала кіраўнік групы, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская.

Маніторынгавая група па праверцы сістэмы аховы здароўя, створаная па даручэнні Прэзідэнта Беларусі, прадаўжае работу. З верасня 2025 года спецыялістамі-медыкамі, якія ўваходзяць у яе склад, з высокай кваліфікацыяй і вялікім вопытам прааналізавана сістэма аказання дапамогі ў Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. Цяпер у фокусе ўвагі маніторынгавай групы была Гродзенская вобласць.
Як адзначыла кіраўнік групы, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская, асноўнай мэтай была ацэнка работы міжраённых цэнтраў. У Гродзенскім рэгіёне іх тры - у Астраўцы, Лідзе і Ваўкавыску.

"У фокусе нашай увагі ў першую чаргу была арганізацыя медыцынскай дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам і з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Для міжраённых цэнтраў закуплена сучаснае медыцынскае абсталяванне, адкрыты ангіяграфічныя кабінеты, падрыхтаваны спецыялісты. Яны ўкамплектаваны адпаведнымі штатамі. І дастаткова інтэнсіўна ўжо сталі працаваць, - сказала Ірына Абельская. - Хацелася б адзначыць Лідскую раённую бальніцу. Ёсць і тыя, каму яшчэ трэба вучыцца, каму яшчэ трэба напрацоўваць вопыт і практычныя навыкі".

Паводле слоў кіраўніка групы, у фокусе ўвагі было рознаўзроўневае ўзаемадзеянне паміж раёнамі, міжраённымі цэнтрамі і горадам Гродна. Ацэньвалася і аналізавалася, якія магчымасці карыстацца паслугамі аховы здароўя маюць жыхары раёнаў, невялікіх гарадоў, вёсак. Глядзелі, які ў іх маршрут па дарозе ў міжраённыя цэнтры, як рэалізуюцца дарожныя карты, якія сёння існуюць паўсюль, - узровень іх выканання розны. І, вядома, як міжраённы цэнтр накіроўвае на тыя ці іншыя віды лячэбна-дыягнастычных даследаванняў пацыентаў ужо на абласны ўзровень.

"Гэтыя этапы ўзаемадзеяння - даволі няпросты шлях і няпросты працэс. Тут вялікую ролю адыгрывае камандны падыход. Вельмі шмат пытанняў і заўваг знаходзіцца менавіта ў арганізацыйнай плоскасці. Гэта абмеркавалі на ўсіх узроўнях: з кіраўнікамі ўстаноў, з кіраўнікамі выканаўчай улады, якія курыруюць сацыяльныя пытанні", - расказала Ірына Абельская.

З аховай здароўя Гродна ўдзельнікі маніторынгавай групы азнаёміліся таксама ў першую чаргу з пазіцыі ацэнкі міжузроўневага ўзаемадзеяння. І ў цэлым паглядзелі, як развіваецца горад, якія ў яго планы і перспектывы. "Я сказала б, што сёння гэта такая вялікая медыцынская будоўля, на самай справе маштабы ўражваюць. Лічу, што сёння Гродна і Гродзенская вобласць маюць абсалютна ўсе магчымасці з пункту гледжання матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння, аснашчэння медыцынскім абсталяваннем, падрыхтоўкі кадраў, маючы свой медыцынскі ўніверсітэт, вывесці ахову здароўя Гродзенскай вобласці на самы высокі ўзровень. Для гэтага трэба эфектыўна і рацыянальна выкарыстоўваць усе рэсурсы, якія ёсць", - такое меркаванне выказала Ірына Абельская.

У работу нарады па відэасувязі ўключыліся ўсе цэнтральныя раённыя бальніцы Гродзеншчыны.

"Вядома ж, ёсць сістэмныя заўвагі, якія датычацца ўсіх. Пры гэтым ёсць вельмі сур'ёзнае змяненне ўзроўню адносін да аховы здароўя, да медыцыны ў цэлым. У нас сёння матэрыяльна-тэхнічны стан, аснашчэнне лячэбных устаноў медыцынскім абсталяваннем, у тым ліку і дарагім, апярэджвае падыходы, якасць і ўзроўні аказання медыцынскай дапамогі. Вялікі акцэнт нам трэба зрабіць на прафесійную падрыхтоўку на ўсіх узроўнях. Гэта задача не толькі адукацыйных устаноў, не толькі медыцынскіх каледжаў, медуніверсітэтаў. Гэта рух настаўніцтва, выхаванне адказнасці за тое, што адбываецца канкрэтна ў тваім аддзяленні, у тваёй бальніцы. Бо абласныя цэнтры з'яўляюцца яшчэ і арганізацыйна-метадалагічнымі ўстановамі, цэнтрамі для ўсіх падпарадкаваных структур і ўстаноў аховы здароўя. Вось тут нам ёсць над чым яшчэ працаваць. База для гэтага ёсць, інструменты, прафесіяналы ёсць. Жаданне, павышэнне адказнасці, крыху менш фармалізму - і ўсё атрымаецца", - рэзюмавала Ірына Абельская.

Аналіз, які праводзіць маніторынгавая група, дае магчымасць выяўляць слабыя месцы і разам знаходзіць рашэнні, што дапамагае медыцыне ў рэгіёнах паступальна рухацца наперад.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі