Сцяг Субота, 7 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
13 студзеня 2016, 18:47
Аляксандр Муха

Перадумовы для ўмацавання курса беларускага рубля ёсць

Аляксандр Муха
Аналітык

Беларускі рубель пры пэўных умовах можа ўмацавацца да долара, гэтаму можа пасадзейнічаць рост цэн на нафту, умацаванне расійскага рубля і стабільная сітуацыя на рынку беларускіх банкаўскіх укладаў. Такую думку выказаў карэспандэнту БЕЛТА аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

"Дынаміка абменнага курса беларускага рубля адносна асноўных замежных валют, у тым ліку долара, абумоўлена сукупнасцю знешніх і ўнутраных эканамічных фактараў. Асноўныя са знешніх фактараў - гэта дынаміка цэн на нафту і курса расійскага рубля адносна долара, з унутраных фактараў на сітуацыю ўплывае захаванне ператоку рублёвых дэпазітаў у валютныя ўклады (гэта тэндэнцыя назіраецца ў снежні і студзені)", - адзначыў Аляксандр Муха.

Паводле слоў эксперта, каб прагназаваць далейшыя ваганні курса беларускага рубля, трэба ведаць, ці завяршылася зніжэнне цэн на міжнародным рынку. "Калі цяпер цэны знаходзяцца на дне і пачнецца аднаўленне, то гэта можа аказаць падтрымку абменнаму курсу расійскага рубля да долара. Адпаведна, беларускі рубель можа ўмацавацца да долара і еўра. Такі варыянт развіцця падзей магчымы, але не ў бліжэйшыя дні або тыдні, размова ідзе хутчэй аб некалькіх месяцах", - растлумачыў аналітык.

На яго думку, цяперашняя цана на нафту ў раёне $30 за барэль ірацыянальная, таму наўрад ці варта чакаць яе захавання на такім узроўні на працягу ўсяго 2016 года. "Цяпер цэны на нафту блізкія да дна, але не выключана, што яны могуць на нейкі час апусціцца яшчэ ніжэй. Але думаю, што гэта кароткачасовая з'ява, праз некалькі месяцаў цэны могуць пачаць аднаўляць свае пазіцыі. Змяншэнне геапалітычнай напружанасці таксама дало б магчымасць разлічваць на паступовы рух цаны ўверх", - дадаў Аляксандр Муха.

Што датычыцца ператоку рублёвых дэпазітаў у валютныя, то працэс стаў запавольвацца. Гэта дае падставу меркаваць, што сітуацыя на рынку ўкладаў будзе стабільнай і таксама створыць пэўныя перадумовы для ўмацавання курса беларускага рубля. "Тыя, хто хацеў перакінуць рублёвы ўклад у валютны, ужо гэта зрабілі, таму якіх-небудзь узрушэнняў у гэтым плане чакаць не трэба", - лічыць эксперт. "Акрамя таго, трэба ўлічваць, што Нацбанк прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання і абмежавання колькасці беларускіх рублёў у грашовым абарачэнні, такому ж абмежаванню садзейнічае Мінфін, праводзячы палітыку прафіцытнага выканання дзяржаўнага бюджэту. Гэта таксама адна з перадумоў для лакальнага ўмацавання да долара і еўра", - дадаў ён.

Пазітыўнай навіной для беларускага рубля можа стаць і атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду або Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Як мяркуе эксперт, гэта будзе садзейнічаць зніжэнню дэвальвацыйных чаканняў і змяншэнню націску на курс беларускага рубля.

"Такім чынам, сцэнарый з умацаваннем беларускага рубля можа быць рэалізаваны, але гэта, хутчэй за ўсё, перспектыва некалькіх месяцаў або нават першага паўгоддзя", - рэзюмаваў Аляксандр Муха.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі