Насельніцтва павінна ўдзельнічаць у будаўніцтве інжынернай інфраструктуры да ўласнага жылля. Такое меркаванне выказаў 23 снежня на выязным прыёме грамадзян у Шклове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да губернатара звярнуўся прадстаўнік ад жыхароў вуліцы Малой Зарэчнай Васіль Козыраў з просьбай правесці цэнтралізаванае водазабеспячэнне. Да гэтага часу жыхары названай вуліцы карыстаюцца асабістымі калонкамі. Ім было прапанавана стварыць кааператыў і падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю за ўласныя грашовыя сродкі з наступным уключэннем у абласную інвестыцыйную праграму. Згодна з разлікамі шклоўскага прадпрыемства "Жылкамгас", кошт будаўніцтва 1,5 км водаправода складзе амаль Вr300 млн. Арыенціровачны кошт работ і матэрыялаў на адно домаўладанне - амаль Вr10 млн. Пры гэтым жыхарам Малой Зарэчнай вуліцы будзе прадастаўлена растэрміноўка на іх выплату на тры гады.
Старшыня аблвыканкама даручыў яшчэ раз перагледзець кошт будаўніцтва, прыняць меры па максімальным яго патанненні і пачаць работы, не адкладаючы, але пры ўмове, што людзі згодзяцца на долевы ўдзел у будаўніцтве. "Мы павінны змяніць свядомасць людзей. Бясплатна нічога не павінна быць, тым больш ва ўмовах новых эканамічных рэалій і абмежаванасці бюджэтных сродкаў. Трэба адвучыць іх ад утрыманскага падыходу, калі дзяржава вырашае ўсе праблемы, - звярнуў увагу Уладзімір Даманеўскі. - Асабліва гэта датычыцца пытанняў будаўніцтва ўласнага жылля і інжынернай інфраструктуры да яго".
Паводле слоў губернатара, прадстаўнікам мясцовых органаў улады важна знаходзіць правільны падыход да людзей, умець тлумачыць, пераконваць і знаходзіць кампрамісы. Але ў кожным канкрэтным выпадку трэба падыходзіць індывідуальна, прымаць узважаныя, абдуманыя рашэнні, зыходзячы з рэалій і магчымасцей.
