Цікавасць чытачоў да беларускіх пісьменнікаў расце. Аб гэтым заявіў 3 сакавіка на пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па правядзенні XXII Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да такой высновы далі магчымасць прыйсці вынікі невялікага даследавання, якое не так даўно правёў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З бібліятэк была запытана інфармацыя, ці ёсць у наяўнасці і ці запатрабаваны чытачамі кнігі са спіса, у які ўваходзілі 48 найбольш вядомых беларускіх аўтараў.
У любой краіне неабходна ўдзяляць пісьменнікам дастаткова ўвагі, лічыць Мікалай Чаргінец. Сістэма заахвочвання павінна быць такой, каб узнагароды ўручаліся сапраўды за змест.
Саюз пісьменнікаў Беларусі мае намер прыняць у падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства самы непасрэдны ўдзел. Пісьменнікі падораць Шчучыну 100-150 кніг айчынных аўтараў. Грамадскае аб'яднанне гатова выдзеліць са свайго фонду пэўныя сродкі для правядзення ўрачыстасцей. Мікалай Чаргінец прапанаваў правесці напярэдадні свята на абноўленым стадыёне спартыўны турнір на прызы Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аўтары таксама гатовы сустракацца з чытачамі на пляцоўках свята. Яны прымуць удзел у канферэнцыі "Шчучынскія чытанні".
Саюз пісьменнікаў выказаў намер арганізаваць літаратурна-канцэртнае мерапрыемства ў Доме культуры, на якім сустрэліся б чытачы, пісьменнікі, паэты і музычныя дзеячы.
Акрамя таго, прагучала прапанова даваць адной з вуліц горада, у якім праводзіцца Дзень беларускага пісьменства, назву Літаратурнай. Гэта будзе ў далейшым нагадваць мясцовым жыхарам, што яны жывуць у горадзе, удастоеным стаць літаратурнай сталіцай.
