Студатрадаўскі рух служыць добрай формай прыцягнення моладзі да працы
Студатрадаўскі рух служыць добрай формай прыцягнення моладзі да працы. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказаў народны артыст СССР і БССР кампазітар Ігар Лучанок, які прыняў удзел у форуме "Маладосць. Традыцыі. Будучыня", прысвечаным 95-годдзю Усесаюзнага камсамола і 50-годдзю беларускіх студэнцкіх атрадаў.
Ігар Лучанок у свой час працаваў у складзе будаўнічага атрада ў гарадскім пасёлку Залацінка ў Якуціі. Гэты час пакінуў у яго памяці глыбокі след. У творчай біяграфіі кампазітара ёсць аднайменная песня - "Залацінка".
Субяседнік адзначыў высокае значэнне студатрадаўскага руху для выхавання ў маладых людзях грамадзянскасці. "Гэта вельмі добрая справа. Выдатная форма прыцягнення моладзі да працы. Гэта і памяць, і будучыня, і надзея - усё", - сказаў Ігар Лучанок.
Форум "Маладосць. Традыцыі. Будучыня", прысвечаны 95-годдзю Усесаюзнага камсамола і 50-годдзю беларускіх студэнцкіх атрадаў, аб'яднаў моладзь, ветэранаў камсамольскага і студатрадаўскага руху з усёй краіны, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых органаў улады, грамадскіх аб'яднанняў, замежных гасцей, у тым ліку прадстаўнікоў МАГА "Расійскія студэнцкія атрады".
Для гасцей мерапрыемства працуе інтэрактыўная выстаўка, прысвечаная юбілейным датам. Тут можна азнаёміцца з дзейнасцю будаўнічых, педагагічных, сельскагаспадарчых атрадаў, а таксама сэрвісных атрадаў праваднікоў, добраахвотніцкіх атрадаў - па добраўпарадкаванні культурна-гістарычных мясцін і руху "Добрае сэрца". Акрамя таго, на выстаўцы можна даведацца аб рабоце беларуска-расійскіх зводных будаўнічых атрадаў.
Зборны вобраз маладзёжнага руху ад яго зараджэння і станаўлення да сучаснага этапу развіцця прадстаўлены на экспазіцыі перасовачнага музейнага пакоя. У час форуму адбылася прэзентацыя новых песень "Мы маладыя" і "Будучыню Радзімы будаваць маладым".
Форум "Маладосць. Традыцыі. Будучыня" праводзіцца з мэтай кансалідацыі моладзі, захавання і ўмацавання лепшых традыцый маладзёжнага руху, фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, рэалізацыі сацыяльных і працоўных ініцыятыў студэнцтва.
