Сцяг Серада, 11 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
20 лютага 2014, 08:20

Аляксандр Муха: Экспарцёрам трэба павышаць канкурэнтаздольнасць, а не разлічваць на аслабленне нацыянальнай валюты

Беларускім экспарцёрам ва ўмовах дэвальвацыі нацыянальных валют краін - асноўных гандлёвых партнёраў трэба разлічваць не на аслабленне беларускага рубля, а на скарачэнне выдаткаў і паляпшэнне якасных фактараў канкурэнтаздольнасці. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

З пачатку бягучага года беларускі рубель знізіўся да долара ЗША на 2,1 працэнта, расійскі рубель - на 7,7 працэнта, украінская грыўня - на 8,1 працэнта, казахскі тэнге - на 20,1 працэнта. Разам з тым з 1 студзеня 2012 года па 17 лютага 2014 года ўкраінская грыўня патаннела да долара ЗША на 8,1 працэнта, расійскі рубель - на 9,5 працэнта, беларускі рубель - на 16,3 працэнта, казахскі тэнге - на 24,3 працэнта. "Таму неабходнасці ў рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля цяпер няма. Больш рацыянальным і верагодным варыянтам з'яўляецца плаўнае аслабленне нацыянальнай валюты", - лічыць аналітык.

Пры гэтым Аляксандр Муха не пагадзіўся з меркаваннем некаторых экспертаў аб тым, што значнае зніжэнне курсу нацыянальнай валюты ў існуючых умовах непазбежна для захавання пазіцый беларускага экспарту на рынку Расіі. "Беларускім экспарцёрам трэба разлічваць не на дэвальвацыю нацыянальнай валюты, а на скарачэнне выдаткаў і паляпшэнне якасных фактараў канкурэнтаздольнасці, - падкрэсліў эксперт. - Іншымі словамі, на першы план выходзяць пытанні, звязаныя з павышэннем прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці вытворчасці, выпускам новай прадукцыі, паляпшэннем якасці тавараў і паслуг, дэафшарызацыяй і дэкрыміналізацыяй знешнеэканамічных аперацый, і многія іншыя".

Акрамя таго, на яго думку, неабходна сканцэнтравацца на дыверсіфікацыі геаграфічнай і таварнай структуры экспарту. "З гэтага пункту гледжання мэтазгодным выглядае паскарэнне працэсу далучэння Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Членства ў СГА дасць магчымасць зменшыць тарыфныя і нетарыфныя бар'еры для беларускіх тавараў і ў цэлым больш эфектыўна адстойваць інтарэсы беларускіх вытворцаў на знешніх рынках" , - адзначыў Аляксандр Муха.

"У цэлым я не чакаю істотнага скарачэння экспарту беларускіх тавараў і паслуг у Расію, Казахстан і Украіну. Адпаведна, рэзідэнты пералічаных дзяржаў наўрад ці змогуць сур'ёзна павялічыць пастаўкі ўласнай прадукцыі на беларускі рынак", - рэзюмаваў аналітык.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі