Гарадок павінен стаць горадам-спадарожнікам Віцебска. Такое меркаванне выказаў 1 верасня старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы ў сярэдняй школе нумар 1 Гарадка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пазней, каменціруючы па просьбе карэспандэнта БЕЛТА сваю заяву, Аляксандр Косінец адзначыў, што гарады, якія знаходзяцца на адлегласці 30-40 км ад абласнога цэнтра, маюць добрыя ўмовы для адпачынку, развіцця спорту і турызму. Гэта неабходна эфектыўна выкарыстоўваць, ствараючы адпаведную інфраструктуру і паралельна ўмацоўваць прамысловы патэнцыял такіх населеных пунктаў. "Віцебск павінен узяць куратарства над гэтым горадам", - лічыць губернатар.
Ён падкрэсліў, што ў Гарадку неабходна ствараць філіялы віцебскіх прадпрыемстваў, тым самым забяспечваючы мясцовых жыхароў рабочымі месцамі. "Тут як мінімум трэба ствараць 10-15 новых прамысловых і перапрацоўчых вытворчасцей. Прадпрыемствы і арганізацыі Віцебска павінны ўзяць шэфства над установамі Гарадка і думаць, як выкарыстоўваць мясцовыя рэсурсы", - перакананы старшыня аблвыканкама. "Улада павінна паклапаціцца аб тым, каб чалавеку было камфортна жыць і працаваць у сваім горадзе", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Горад-спадарожнік - горад або пасёлак гарадскога тыпу, радзей - вёска, якія знаходзяцца і развіваюцца паблізу буйнога горада або прадпрыемства і складаюць з ім адзіную эканамічную і дэмаграфічную сістэму. Вялікая колькасць гарадоў-спадарожнікаў вакол пэўнага цэнтра прыводзіць да ўтварэння агламерацыі. Важную ролю пры фарміраванні гарадоў-спадарожнікаў адыгрываюць урадавыя органы, прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы. З часам гарады-спадарожнікі могуць злівацца з цэнтрам агламерацыі і больш не вылучацца на яе фоне.
