Кітай - другая эканоміка ў свеце, адзін з лідараў па імпарце тавараў. Прычым патрэбнасць у замежнай прадукцыі ў краіне з насельніцтвам каля 1,4 млрд пастаянна расце. Усё больш папулярнымі ў Паднябеснай становяцца беларускія тавары, асабліва мяса-малочная прадукцыя. Дзве краіны наладзілі стратэгічнае партнёрства, і нядзіўна, што Беларусь была запрошана для ўдзелу ў першай кітайскай міжнародной выстаўцы імпартных тавараў і паслуг "Імпарт Экспа", якая пройдзе ў Шанхаі з 5 па 10 лістапада. Арганізатарам беларускай нацыянальнай экспазіцыі выступае Нацыянальны цэнтр маркетынгу Міністэрства замежных спраў. Дырэктар цэнтра Валерый Садоха расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб удзеле беларускіх прадпрыемстваў у выстаўцы і іншых спасобах пашырэння экспарту тавараў і паслуг у Кітай.
- На выстаўцы будзе прадстаўлена прадукцыя больш як 1,6 тыс. кампаній з усяго свету. Чым здзівіць і прывабіць кітайскіх імпарцёраў беларускі павільён?
- Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з прамысловым, адукацыйным, транспартна-лагістычным, экспартным патэнцыялам нашай краіны. Будуць прэзентаваны апошнія навукова-тэхнічныя і інавацыйныя распрацоўкі, унікальныя турыстычныя магчымасці Беларусі. Плануецца таксама дэгустацыя харчовых тавараў.
Дызайн беларускага стэнда высока ацанілі кітайскія калегі ў рамках экспертнай сустрэчы, якая адбылася 11 ліпеня ў пасольстве Кітая ў Беларусі. Акрамя традыцыйнага лагатыпа Made in Belarus, пры распрацоўцы дызайну выкарыстоўваўся беларускі сімвал - кветка васілька, форма якой уяўляе сабой васьміканцовую зорку - сімвал сонца і з'яўляецца элементам беларускага арнаменту. Гэты культурны код фарміруе нашу адметную рысу сярод мноства іншых народаў. Яшчэ трэба вызначыцца са слоганам, які адлюстроўвае дружалюбныя адносіны Беларусі і Кітая.
- Для беларускіх прадпрыемстваў адвядуць каля 500 кв.м выставачных плошчаў. Колькі кампаній ужо заявілі аб удзеле?
- У камерцыйным блоку выстаўкі будуць прадстаўлены амаль усе сферы беларускай эканомікі. Больш за 70 прадпрыемстваў экспануюць свае тавары і паслугі ў шасці павільёнах выстаўкі па наступных раздзелах: аўтамабілебудаванне, спажывецкія тавары, інтэлектуальнае і высокатэхналагічнае абсталяванне, гандаль паслугамі, медыцынскае абсталяванне, сельскагаспадарчая і харчовая прадукцыя. Апошні павільён з'яўляецца найбольш запатрабаваным, сваю прадукцыю ў ім прадставяць каля 40 беларускіх прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны.
На ўдзел у выстаўцы прадугледжаны пэўныя затраты, але хіба можна ацаніць грашамі магчымасць заключэння выгадных кантрактаў, пачатку шматгадовага супрацоўніцтва? На "Імпарт Экспа" будуць прысутнічаць буйнейшыя імпарцёры з розных правінцый Кітая. Акрамя таго, нацыянальная экспазіцыя адлюстроўвае імідж краіны, яе эканамічны патэнцыял.
- У якой беларускай прадукцыі, на ваш погляд, найбольш зацікаўлены Кітай?
- Набіраюць папулярнасць беларуская прадукцыя з ялавічыны, малочныя прадукты, натуральны мёд. Акрамя таго, з'яўляецца мэтазгодным стварэнне на тэрыторыі Кітая сумесных вытворчасцей па зборцы сельскагаспадарчай тэхнікі, якая адпавядае спецыфіцы і патрэбам гэтага рынку. У цэлым яго спажывецкая здольнасць вышэйшая за вытворчую, таму высокім попытам карыстаецца якасная і канкурэнтаздольная прадукцыя з-за мяжы.
Тавараабарот Беларусі і Кітая ў студзені-красавіку склаў $1,09 млрд. Пры гэтым беларускі экспарт у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся на 37,9 працэнта да $138 млн. Сярод экспартных пазіцый можна выдзеліць калійныя ўгнаенні ($100,9 млн), поліаміды ($13,8 млн), лён ($3,6 млн), малочную прадукцыю ($2,9 млн). У сваю чаргу Кітай паставіў тавараў на $949,8 млн. У асноўным гэта апаратура сувязі, камп'ютарная тэхніка, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.
Урадам пастаўлена задача дасягнуць да 2020 года ўзроўню экспарту ў Кітай у суме не менш як $1,5 млрд. Без адпаведнай дыверсіфікацыі экспарту будзе вельмі цяжка дасягнуць такога выніку.
- Беларускі кантактны офіс для падтрымкі экспарту арганізаваны ў кітайскім горадзе Цындаа. Якія чаканні вы звязваеце з яго работай?
- Хачу падкрэсліць, што магчымасць адкрыць сваё прадстаўніцтва ў гэтым кантактным офісе на вельмі выгадных, ільготных умовах ёсць у любога беларускага прадпрыемства, якое атрымала рэкамендацыі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу. У прыватнасці, бясплатна прапануецца дапамога ў арганізацыі праз офіс аптовага гандлю беларускімі таварамі, а таксама арэнда складскіх памяшканняў і плошчаў для дэманстрацыі ўзораў тавараў. Беларускі кантактны офіс размешчаны ў інавацыйным цэнтры супрацоўніцтва з краінамі Пояса і Шляху (BRCIC). Тут ужо адкрылі нацыянальныя офісы пасольстваў краін Азіі і Афрыкі. Беларускі офіс толькі пачынае сваю работу. Чакаецца, што ён будзе садзейнічаць інтэнсіфікацыі беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферах гандлю, фінансаў, культуры, спорту, турызму, адукацыі, а таксама дасць магчымасць павялічыць экспарт беларускіх прадпрыемстваў у Кітай.
- Ці плануецца стварэнне такіх структур у іншых краінах?
- Спачатку паглядзім, як будзе рэалізаваны кітайскі праект, наколькі запатрабаваным ён будзе сярод беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў.
- Як яшчэ Нацыянальны цэнтр маркетынгу дапамагае беларускім экспарцёрам пры выхадзе на кітайскі рынак?
- Акрамя арганізацыі выставачных мерапрыемстваў за мяжой, у тым ліку ў Кітаі, мы праводзім маркетынгавыя даследаванні, займаемся пошукам імпарцёраў, дылераў і дзелавых партнёраў за мяжой. У нашай кампетэнтнасці таксама арганізацыя і правядзенне сустрэч і перагавораў у фармаце В2В, міжнародных форумаў, анлайн-відэаканферэнцый з удзелам замежных экспертаў і дыпламатаў пасольстваў Беларусі за мяжой.
Акрамя таго, цэнтр з'яўляецца аператарам партала Export.by, які з'яўляецца асноўным інструментам дэманстрацыі экспартных магчымасцей беларускіх прадпрыемстваў і імправізаванай вітрынай беларускіх тавараў, якія можна пры дапамозе партала ўбачыць у любой краіне свету. Яны сапраўды канкурэнтаздольныя па многіх пазіцыях, прадпрыемствам важна ўмець заявіць пра сябе, у тым ліку на маштабных выстаўках. Наперадзе ўдзел у важнейшым праекце, чакаем заключэння шматлікіх кантрактаў.
Вера СЯРГЕЕВА