Сустрэцца з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прафесарам Міхаілам Фінбергам у спакойнай абстаноўцы не так проста, нягледзячы на тое, што яго працоўны дзень пачынаецца ў 7 раніцы. Усе думкі маэстра заняты падрыхтоўкай да фестываляў, распрацоўкай новых маршрутаў і, вядома, рэпетыцыямі, у час якіх ён стараецца з ювелірнай дакладнасцю ўлічыць кожны момант чарговай праграмы. У чым сакрэт поспеху калектыву і яго далейшых планах, карэспандэнт БЕЛТА даведалася з першых вуснаў.
- Міхаіл Якаўлевіч, кажуць, вы страшэнны працаголік і ўстаяце ледзь ці не з першымі пеўнямі.
- Я сапраўды прачынаюся вельмі рана - у тры-чатыры гадзіны раніцы, у свой офіс на вуліцы Кісялёва праходжу ў сем. З вечара, як правіла, збіраецца шмат спраў, даводзіцца аператыўна іх вырашаць, бо ўжо ў 9.00 пачынаецца рэпетыцыя аркестра.
- Што для вас галоўнае ў рабоце?
- Якасць і яшчэ раз якасць. І над гэтым мы ў аркестры працуем вельмі сур'ёзна. Гэта ўсё: інтанацыя, злучэнне слоў з музыкай. Трэба заўсёды разумець, што і для каго ты робіш, толькі тады праграма будзе паспяховай і спадабаецца гледачу.
- Вы вельмі патрабавальны да сябе чалавек. Музыканты аркестра гэтак жа аддаюцца справе?
- Я ўдзячны лёсу, што ў мяне атрымалася сабраць у аркестры сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. У нас вельмі добрыя склаліся адносіны ўнутры калектыву. Усе - і музыканты, і салісты - працуюць з поўнай аддачай, што дае магчымасць дабівацца поспеху і высокай якасці. Гэта сапраўды так, таму білеты на ўсе нашы праграмы прадаюцца ў першыя дні іх рэалізацыі. Усе канцэрты аншлагавыя, дзе б мы ні выступалі: і ў Мінску, і ў малых, і ў вялікіх гарадах. Гэта не так проста, але мы гэтага дабіліся. Падкрэслю: мы працуем без фанаграмы, выключна жывы гук. А на сцэне няма другога дубля, таму ўсё гэта вынік штодзённых рэпетыцый.
Пасля кожнага канцэрта я заўсёды збіраю аркестр, і мы абмяркоўваем нейкія недахопы, памаркі. Але пры гэтым, каб вы ведалі, у нас лепшая група трубачоў, лепшая група трамбонаў, саксафонаў, рытму і лепшыя вакалісты.
- Па якім прынцыпе набіраеце музыкантаў і выканаўцаў?
- Мы прымаем у калектыў людзей з добрай музычнай адукацыяй, вопытам работы, тых, хто дбае аб якасці і ганарыцца тым, што жыве ў Беларусі. Наогул, усе свае праграмы і фестывалі я прысвячаю роднай краіне. Наш аркестр сапраўды вельмі шмат паездзіў па Беларусі. Бадай што, няма такога раёна, дзе мы ні працавалі б. І гэта не адзінкавыя канцэрты. У кожным маленькім горадзе робім фестываль беларускай песні, паэзіі, музыкі, і такіх, калі падлічыць, ужо арганізавана 578. У гэтых гарадах нас добра ведаюць, любяць і чакаюць. Хочам, каб людзі ў рэгіёнах больш ведалі пра беларускую музыку, беларускіх музыкантаў і кампазітараў.
Мы праехалі ўсю чарнобыльскую зону. У Чачэрску я ўжо быў 13 разоў, у Хойніках - 9. І кожны раз па чатыры-пяць канцэртаў. Мы прыязджаем, даём майстар-класы. Вось, напрыклад, у Хойніках да нас на сустрэчу прыйшлі ўсе настаўнікі горада. Пасля майго майстар-класа яны не хацелі пакідаць залу.
Нядаўна адзначылі юбілеі Алы Пугачовай і Валерыя Лявонцьева. Гэтыя праграмы з вялікай цікавасцю былі ўспрыняты публікай.
- А як нараджаюцца вашы новыя праграмы?
- Па-рознаму. Іншым разам уначы, іншым разам днём або на нейкіх іншых канцэртах. Трэба шмат думаць. Часам нават з самім сабой спрачацца.
- Цяпер над чым працуеце?
- Мы едзем 8 мая ў Асіповічы, дзе прэзентуем новую праграму да Дня Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - "Мір нашай зямлі". Прагучаць лепшыя песні ваенных гадоў савецкіх і беларускіх кампазітараў. Адкрые канцэрт патрыятычная песня "Священная война". Гэта ўсё будзе суправаджацца дзействам на сцэне. Усё будзе арганічна і прыгожа. Потым у нас запланаваны Бабруйск. 9 мая выступаем у Навагрудку. Дзень Перамогі для мяне, як і для многіх беларусаў, - асаблівы дзень. Мой бацька ваяваў, дайшоў да Сталінграда. Мой родны брат дайшоў да Берліна. Астатнія браты і сёстры загінулі ў эвакуацыі ў гады вайны.
Што датычыцца іншых праектаў, пачалі падрыхтоўку новага джазавага фестывалю, які адбудзецца зімой. Джаз не проста выканаць, але яшчэ складаней знайсці неабходны матэрыял. Таму кожны дзень над гэтым працую. У распрацоўцы праграма, прысвечаная Эдзі Рознеру - заснавальніку беларускага джаза. Калі ён прыязджаў у Мінск са сваім аркестрам, нельга было купіць білет. З аншлагам заўсёды праходзілі выступленні аркестраў Анатоля Крола, Алега Лундстрэма, Георгія Гараняна, Юрыя Саульскага, Вадзіма Людвікоўскага. Я хацеў бы, каб гэтыя імёны не забываліся. Мы падрыхтавалі шмат праграм, прысвечаных гэтым выдатным людзям. Але гэта не сведчыць аб тым, што мы паўтараемся. Гэта ўсё выключна новыя праграмы ў нашай апрацоўцы.
- Міхаіл Якаўлевіч, ведаю, што заўсёды з асаблівым хваляваннем вы выступаеце на сваёй малой радзіме. Ці маглі марыць у дзяцінстве, што дасягняце такіх вышынь?
- Не, вядома. Я і ўявіць не мог, што буду працаваць у джазавым аркестры. У дзяцінстве ў музычнай школе я займаўся скрыпкай. Быў выхаванцам Курскага ваеннага аркестра, затым ваеннага аркестра штаба Беларускай ваеннай акругі, артыстам аркестра Беларускага радыё і тэлебачання, галоўным дырыжорам аркестра Мінскага дзяржаўнага цырка. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці "трамбон" і аспірантуру пры ёй па спецыяльнасці "аркестравае дырыжыраванне". Я ўсё жыццё вучыўся і шчаслівы, што мне ўдалося працаваць са многімі выдатнымі музыкантамі. І вось ужо 32 гады кірую Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі. На Алеі зорак у Маскве ёсць і мая зорка.
Калі я выступаю ў малых гарадах і бачу вочы гледачоў у зале, то ўспамінаю сваю малую радзіму. Ёсць такая вёска Мялешкавічы пад Мазыром. Я сам з простай сям'і. Бацькі заўсёды мяне вучылі, што трэба любіць сваю краіну, быць ёй карысным. Я пранёс гэта праз усё жыццё.
- У чым сакрэт поспеху вашага калектыву?
- Поспех у тым, што мы падыходзім прафесіянальна да справы і ўсё даводзім да канца. Наш аркестр навучыўся арганічна злучаць акадэмічную адукацыю з джазавай, эстраднай. Вось мы цяпер жывём і працуем у 2019 годзе, а я думаю ўжо пра 2021-2022 гады. Нам ёсць што паказаць роднай краіне і любімым землякам.
Святлана СУХАРКО