Фінляндыя - у ліку лідараў скандынаўскага рэгіёну, які дынамічна развіваецца і мае сур'ёзны эканамічны патэнцыял, значныя дасягненні ў сацыяльнай сферы. З гэтай краінай у Беларусі гістарычна склаліся ўзаемапаважлівыя адносіны, а апошнія гады расце цікавасць да супрацоўніцтва не толькі ў эканоміцы, але і ў сферы адукацыі, медыцыны, спорту і турызму. Аб перспектывах развіцця адносін з Фінляндыяй карэспандэнту БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын.
- Уладзімір Несцеравіч, шэсць гадоў таму было прынята рашэнне аб назначэнні Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Літве па сумяшчальніцтву Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Фінляндыі. Што змянілася з тых часоў у адносінах дзвюх краін? Наколькі паспяхова ўдаецца вырашаць практычныя пытанні ў адносінах з Фінляндыяй, працуючы не на тэрыторыі гэтай краіны?
- І Беларусь, і Літва былі зацікаўлены ў прагматычным, канструктыўным супрацоўніцтве з гэтай краінай, таму было прынята рашэнне аб назначэнні пасла Беларусі ў Літве таксама і паслом у Фінляндскую Рэспубліку па сумяшчальніцтву.
А ў 2010 годзе ў Беларусі пачало працаваць аддзяленне пасольства Фінляндскай Рэспублікі ў Літоўскай Рэспубліцы. У канцы мінулага года адбылося ўрачыстае адкрыццё пасольства нашай краіны ў Хельсінкі. Дарэчы, офіс пасольства знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, пакуль у ім пяць супрацоўнікаў - яны займаюцца вырашэннем палітычных, эканамічных, гуманітарных і консульскіх пытанняў. Пры гэтым асноўная ўвага ўдзяляецца эканамічнаму партнёрству, якое з кожным годам пашыраецца.
Мінулыя шэсць гадоў паказалі, наколькі вялікі патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва з гэтай краінай, наколькі шырокія перспектывы яно адкрывае.
- Ці складана было будаваць адносіны з фінамі? Відавочна, патрэбны былі іншыя падыходы, розныя інструменты супрацоўніцтва: усё ж такі Літва - суседняя краіна, у якой жыве многа беларусаў, у беларускіх жыхароў многа сваякоў у Літве, у краін агульная гісторыя, зразумелы менталітэт. З Фінляндыяй няма агульнай граніцы, мала асабістых кантактаў паміж жыхарамі нашых краін...
- Беларусь і Фінляндыя сапраўды не мае агульнай граніцы, але з пункту гледжання геаграфіі адлегласць ад Хельсінкі да Мінска не большая, чым ад Хельсінкі да Раваніемі - сталіцы Лапландыі, дзе жыве фінскі Дзед Мароз (і гэта яшчэ не самая поўнач краіны). Многія фіны, упершыню скарыстаўшыся прамым авіярэйсам паміж Мінскам і Хельсінкі, вельмі здзіўляюцца, што палёт паміж сталіцамі дзвюх дзяржаў займае менш чым гадзіну.
Краіны ідуць сваім шляхам, аднак маюць падобныя інтарэсы: захаванне прынцыпаў добрасуседства і неўмяшання ва ўнутраныя справы, прымнажэнне нацыянальнага дабрабыту, развіццё ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін. Менавіта гэтыя каштоўнасці на доўгія гады вызначылі знешнепалітычныя прыярытэты, сфарміравалі мадэлі эканамічных сувязей і паслужылі асновай развіцця дыпламатычных адносін Беларусі і Фінляндыі, якім у гэтым годзе споўнілася 20 гадоў.
- Якія ўражанні пакінула першае знаёмства з краінай, з людзьмі?
- На мяне вялікае ўражанне зрабіла непаўторная прырода Фінляндыі, яе пейзажы, дагледжанасць гарадоў, гасціннасць жыхароў. Я ведаў, што ў краіне паспяхова развіваецца эканоміка, прамысловасць, будаўнічы комплекс, аграрная галіна, лясная гаспадарка, многа цікавага ствараецца ў інавацыйнай галіне краіны. Але адчуў гэта ў поўнай меры, калі ўбачыў, напрыклад, цудоўна арганізаваную сферу паслуг - у гандлёвых цэнтрах, маленькіх магазінах, у гасцініцах, рэстаранах, на грамадскім транспарце. Асабліва ўразілі адносіны фінаў да прыроды - лясоў, азёр. У лесе такі ж парадак, як і ва ўсім фінскім жыцці. Нават калі гэты парадак парушыў ураган, што паваліў сотні дрэў, то на працягу трох месяцаў беспарадак бясследна знікне. Дзелавую драўніну распілуюць і вывезуць, стружку, галіны, шчэпкі і нават іголкі старанна збяруць (гэта каштоўнае паліва для выпрацоўкі цеплавой энергіі). У лясных масівах пракладзены добрыя дарогі. У Фінляндыі лясоў у 2,5 раза больш, чым у Беларусі, аднак да дрэў, да драўніны ставяцца вельмі беражліва, па-гаспадарску.Таму сёння мы імкнёмся пераняць фінскі вопыт і наладжваем супрацоўніцтва з фінамі ў гэтай галіне.
- Што фінаў цікавіць у Беларусі? Якія сферы адносін пачалі развівацца найбольш актыўна?
- У цэлым беларуска-фінскія адносіны характарызуюцца зайздроснай стабільнасцю.
Нашы краіны выпрацавалі прынцыпова новую мадэль ўзаемадзеяння. У яе аснове - самастойнасць і раўнапраўе як абавязковыя ўмовы кантактаў у любой галіне. Такі падыход абсалютна карэктны і для сённяшняй Беларусі, і для сучаснай Фінляндыі. Апошнім часам мы актыўна нарошчваем маштабы палітычнага супрацоўніцтва. Наладжаны кантакты на ўзроўні ўрадаў, міністэрстваў, кіраўнікоў буйнейшых кампаній. Адным з вынікаў такой сістэмнай работы стала эфектыўнае партнёрства на рэгіянальным узроўні.
Дзелавыя кантакты стымулявалі інтарэс да Беларусі простых фінаў: з кожным годам расце паток турыстаў з Фінляндыі ў Беларусь. Фінаў прываблівае хараство беларускай прыроды, якая падобна да фінскай, а таксама багатая гістрычная спадчына нашай краіны. Многія жыхары Фінляндыі, наведаўшы краіны Балтыі, усё часцей імкнуцца пазнаёміцца і з нашай краінай. Адным з важных складальнікаў работы пасольства з'яўляецца прыцягненне фінскіх турыстаў у Беларусь. Нам ёсць што паказаць і што прапанаваць замежным гасцям. З адкрыццём пасольства гэта работа значна актывізавалася. У многім росту колькасці турыстаў садзейнічае функцыянаванне консульскага сектара нашай загранустановы ў горадзе Хельсінкі. Так, з 1 сакавіка бягучага года ў сталіцы Фінляндыі пачалі выдаваць уязныя беларускія візы - і за чатыры месяцы выдадзена амаль 500 віз, з іх 150 (больш за 25 працэнтаў) - турыстычныя. Гэта таксама паказчык росту цікавасці да нашай краіны.
Цяпер сумесна з Міністэрствам спорту і турызму прапрацоўваем пытанне аб арганізацыі спецыяльнага візіту ў Беларусь фінскіх тураператараў.
Беларусаў у Фінляндыі таксама цікавяць гістарычныя мясціны, напрыклад, горад Порваа, дзе падпісваліся дакументы аб далучэнні краіны да Расійскай імперыі, горад Турку - старажытная сталіца, а цяпер буйнейшы навуковы і практычны цэнтр рэспублікі. Турысты з Беларусі наведваюць сталіцу краіны Хельсінкі, вядомую сваімі гістарычнымі мясцінамі і помнікамі, спартыўныя сталіцы Фінляндыі Лахты і Тамперэ. Прывабліваюць нашых турыстаў і зімовыя віды спорту, якія развіты ў Фінляндыі. А яшчэ агульныя традыцыі, напрыклад, любоў да фінскай саўны. Адным словам, фіны і беларусы блізкія па менталітэту і па духу, у нас сапраўды шмат агульнага і ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго.
Але ўсё ж такі галоўнае, што прыцягвае беларусаў у Фінляндыі - гэта эканоміка паўночнай краіны, якая дынамічна развіваецца.
- Якія прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Фінляндыяй?
- Час паказаў, што выбраная стратэгія ў развіцці адносін з Фінляндыяй, маштабная і сістэмная работа прыносяць вынікі. У фінаў з'явілася стабільная цікавасць да нашай краіны: ужо ёсць добрыя напрацоўкі, асабліва па інвестыцыях у малую энергетыку. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў эканоміцы ў пачатку 1990-х гадоў, Фінляндыя здолела за кароткі час пераадолець іх і ўзняць эканоміку на такі ўзровень, якога не змаглі дасягнуць большасць еўрапейскіх краін. Па якасці і па ўзроўню жыцця, адукацыі, дынаміцы эканамічнага развіцця Фінляндыя сёння займае першае-пятае месцы ў свеце. Фінскія кампаніі працуюць сёння на ўсіх кантынентах.
Беларусь разглядае Фінляндыю як перспектыўнага партнёра ў гандлёва-эканамічнай сферы. Мы зацікаўлены ў вывучэнні фінскага вопыту і развіцці супрацоўніцтва ў такіх сферах як выкарыстанне нетрадацыйных крыніц энергіі і ўкараненне энергазберагальных тэхналогій ў сярэдняй і малой энергетыцы, інфармацыйныя тэхналогіі і тэлекамунікацыі, хімічная, дрэваапрацоўчая і папяровая прамысловасць, будаўніцтва, апрацоўка металаў, лясная гаспадарка, лесакарыстанне і лесаперапрацоўка, захоўванне і перапрацоўка харчовай прадукцыі.
Тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічваецца з году ў год. Толькі за чатыры месяцы бягучага года ён вырас на 127 працэнтаў. На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана і дзейнічае 25 прадпрыемстваў з удзелам фінскага капіталу. У красавіку гэтага года адбыўся ІІІ Беларуска-фінляндскі эканамічны форум у Гродне, у якім прынялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў кампаній і арганізацый Фінляндыі. Вынікі мерапрыемства, высокі інтарэс да пашырэння супрацоўніцтва сталі асновай для падрыхтоўкі чарговага эканамічнага форуму, які плануецца правесці ў 2014 годзе.
- Наколькі актыўна фіны інвесціруюць у Беларусь? Ці ёсць цікавасць у беларусаў укладваць капітал у Фінляндыі?
- Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці гандлёва-эканамічных адносін з Фінляндыяй, у тым ліку і ў пашырэнні інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У нас створаны неабходныя ўмовы для прыцягнення замежнага капіталу. У мінулым годзе Фінляндыя інвесціравала ў нашу краіну $44 млн. За тры месяцы 2012 года аб'ём фінскіх інвестыцый склаў $15 млн. Інвестыцыйны клімат у Беларусі спрыяльны, і ён задавольвае фінскія кампаніі.
Безумоўна, інвестыцыі з Беларусі не могуць быць такімі значнымі, аднак за першы квартал бягучага года яны склалі каля $400 тыс. Гэта сведчыць аб цікавасці бізнес-колаў Беларусі да Фінляндыі. Яркім прыкладам плённага ўзаемнага супрацоўніцтва можа служыць дзейнасць фінскай кампаніі "Олві", якая цяпер з'яўляецца ўладальнікам 91,6 працэнта акцый ААТ "Лідскае піва", што займае даволі значны сегмент рынку ў Беларусі.
Пашырэнне гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Фінляндыяй непасрэдна залежыць ад інтэнсіўнасці дзелавых кантактаў і інфармацыйных патокаў паміж дзвюма краінамі. Лагічным прадаўжэннем работы па павышэнню інфармаванасці прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін аб узаемных магчымасцях і перспектывах супрацоўніцтва, устанаўленню новых і ўмацаванню ўжо існуючых сувязей магло б стаць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі нашых дзяржаў.
- Нішто так не збліжае людзей, як культура, сумесныя праекты ў галіне спорту, адукацыі, навукі. Ці ёсць агульныя праекты ў гэтых сферах?
- Актывізацыя супрацоўніцтва з Фінляндыяй адбываецца ў гуманітарнай сферы: ёсць напрацоўкі ў галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту. У чэрвені бягучага года ў Фінляндыі пабывалі адразу два творчыя калектывы з нашай краіны. На сустрэчы з кіраўніцтвам Аляксандраўскага тэатра Хельсінкі, што адбывалася ў чэрвені, мы дамовіліся аб будучых творчых кантактах у сферы тэатральнай дзейнасці. Актыўна супрацоўнічаюць спартыўныя арганізацыі, спартсмены і балельшчыкі. У спаборніцтвах, якія праводзяцца ў Фінляндыі, прымаюць удзел беларускія спартсмены, а ў спаборніцтвах у Беларусі - фінскія. Ды што тут гаварыць, калі галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакею Кары Хейкіля - грамадзянін Фінляндыі.
Плённым аказалася супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных праектаў экалагічнай накіраванасці. Міжнародныя ініцыятывы, якія фінансуюцца за кошт сродкаў Еўрасаюза, па ачыстцы і захаванню якасці водных рэсурсаў сталі ўзорам супрацоўніцтва беларускіх рэгіянальных улад і недзяржаўных арганізацый Фінляндыі і ЕС. У прыватнасці, дзякуючы сумесным намаганням прадстаўнікоў Фонду Джона Нурмінена, Сакратарыята Камісіі па ахове навакольнага асяроддзя і ўстойліваму развіццю Саюза балтыйскіх гарадоў праект PRESTO адобраны ўрадам Беларусі і паспяхова рэалізуецца.
Алена ЮРКЯВІЧЭНЕ