Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
22 чэрвеня 2012, 14:33

Я не чакаю цуда ад прадстаўнікоў АБСЕ на парламенцкіх выбарах

Парламенцкая выбарчая кампанія 2012 года ў Беларусі ў многім будзе адрознівацца ад папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Так, значна спрасцілася працэдура вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ў ніжнюю палату парламента. Акрамя таго, прэтэндэнты на парламенцкае крэсла змогуць удзельнічаць у тэледэбатах, накіроўваць на агітацыю сродкі з асабістага выбарчага фонду. Наколькі гэта ажывіць выбарчую кампанію? Ці змогуць кандыдаты з выгадай выкарыстоўваць новаўвядзенні і заручыцца большай падтрымкай электарату? Па якім шляху будзе развівацца беларуская выбарчая сістэма пасля выбараў? Прагнозамі наконт гэтага ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА падзялілася старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.


- Лідзія Міхайлаўна, апошні раз выбарчае заканадаўства ў Беларусі змянялася ў 2010 годзе. Па ім ужо былі праведзены выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў і прэзідэнцкія выбары. Парламенцкія ж будуць праходзіць па змененых нормах упершыню. У чым асаблівасці выбарчай кампаніі-2012?


-Яна будзе больш простай для яе ўдзельнікаў, перш за ўсё для палітычных партый, якім цяпер значна лягчэй вылучаць кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Раней трэба было мець у выбарчай акрузе ніжэйшую структуру. Цяпер любая партыя мае права вылучаць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 выбарчых акруг.


Спрошчаны парадак, на якім настойвалі самі партыі, безумоўна, дае ім больш шанцаў, але ў той жа час можа прывесці да дэградацыі партыйных структур. На мой погляд, для партыі існаванне толькі ў выглядзе офіса ў Мінску - гэта маргінальны спосаб існавання.


Раней была неабходнасць мець у выбарчай акрузе сваё падраздзяленне, якое стымулявала б партыю да развіцця, стварэння рэгіянальных структур. Калі іх няма, то кандыдат выбаршчыкам будзе малавядомы і не зможа прыцягнуць вялікую колькасць галасоў. Таму, маючы магчымасць вылучаць прадстаўнікоў па спрошчанаму сцэнарыю, партыі не атрымалі гарантыі перамогі на выбарах.


Тыя, хто будзе вылучацца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, таксама адчуюць змены. Зборшчыкам подпісаў не трэба завяраць іх у мясцовым выканкаме. Працэдуру спрасцілі. Але ці не прывядзе гэта да злоўжыванняў? Калі подпісы не трэба завяраць, то ці трэба ўвогуле збіраць? Зрэшты, любая фальсіфікацыя на гэтай стадыі дасць магчымасць толькі зарэгістравацца, але не быць выбраным у дэпутаты. А цвярозага розуму кандыдат разумее, што сам па сабе збор подпісаў яму выгадны. Гэта магчымасць прарэкламаваць сябе выбаршчыкам.


- Ці будуць на гэтых выбарах уключаць у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі прадстаўнікоў палітычных партый з правам дарадчага голасу? Як вы ацэньваеце эфектыўнасць такой практыкі?


- Так, безумоўна, будуць, паколькі гэта патрабаванне закона. Такая практыка ў Беларусі ўпершыню знайшла прымяненне ў 2000 годзе. Гэта, мабыць, самы яркі прыклад узаемадзеяння ўлады і апазіцыі ў нашай краіне.


Мяркую, што такая практыка дае свой эфект. Але не стану сцвярджаць, што, атрымаўшы права дарадчага голасу, прадстаўнік партыі зможа карэнным чынам змяніць ход выбараў. Кропку ў спрэчных пытаннях ставяць члены ЦВК з правам рашаючага голасу.


У той жа час бяспрэчна, што ўдзел у рабоце Цэнтрвыбаркама прадстаўнікоў палітычных партый станоўча ўплывае на палітычную абстаноўку, якая складваецца ў грамадстве вакол працэсу выбараў, ажыўляе выбарчую кампанію.


- Наколькі цікавымі, на ваш погляд, будуць тэледэбаты?


- Цікавымі ўсім без выключэння, як гэта было ў час прэзідэнцкіх выбараў, яны не атрымаюцца. Дэбаты будуць праходзіць паміж кандыдатамі адной выбарчай акругі, і, зразумела, удзельнікі не будуць спыняцца на глабальных пытаннях жыцця краіны. У цэнтры ўвагі апынуцца праблемы, якія хвалююць жыхароў канкрэтнай выбарчай акругі.


- Якіх ацэнак вы чакаеце ад наглядальнікаў АБСЕ?


- Ацэнка прадстаўнікоў АБСЕ яшчэ ні разу не была станоўчай, таму не магу разлічваць на цуд, што раптам яна зменіцца. Ацэнка залежыць не ад працэсу, а ад выніку. Калі АБСЕ не задаволіць вынік выбараў, гэта значыць калі ў парламент не пройдуць прадстаўнікі апазіцыі, то ацэнка будзе адмоўнай, што б мы ні рабілі.


- Па якім шляху будзе развівацці беларуская выбарчая сістэма? Ці магчыма ў будучым стварэнне свайго аптымальнага для Беларусі варыянта, які спалучаў бы рысы мажарытарнай і прапарцыянальнай выбарчых сістэм?


- У палітыцы гнацца за ўнікальнасцю не трэба. Гэта сфера дастаткова кансерватыўная. Трэба карыстацца вопытам, які прайшоў апрабацыю і заведама добра працуе.


У амерыканцаў, напрыклад, ёсць такая прымаўка: "Навошта рамантаваць тое, што яшчэ не зламалася?" А наша выбарчая сістэма не толькі не зламалася, але і нармальна функцыянуе, не выклікаючы нараканняў з боку выбаршчыкаў. Можа быць, яны хацелі б бачыць выбары больш ажыўленымі. Але, як паказвае практыка іншых краін, гэта залежыць не столькі ад удзелу партый, колькі ад канкрэтных персаналій і ад іх фінансавых магчымасцей. Той, хто мае грошы, можа наймаць паліттэхнолагаў і рабіць больш разнастайнай сваю перадвыбарную агітацыю. Але тады гэта будзе выбарчая кампанія багатых.


Кандыдаты ў дэпутаты ў Беларусі могуць ствараць выбарчыя фонды, але памеры фондаў абмежаваны - да 1 тыс. базавых велічынь, што цяпер складае Br100 млн. Прадугледжана гэта для таго, каб усім кандыдатам прадаставіць прыкладна аднолькавыя ўмовы. Інакш мажарытарная выбарчая сістэма, што дзейнічае ў краіне, пачне служыць класу багатых. Самі выбары ператворацца ў палітычнае шоу, а галасы выбаршчыкаў - у аб'ект куплі-продажу.


Да рэформ выбарчай сістэмы трэба падыходзіць вельмі ўмерана. Лічу, што змешаная сістэма, калі дэпутацкія мандаты падзелены на мажарытарныя і партыйныя, нам не падыходзіць. Акругі ў гэтым выпадку будуць вельмі вялікімі. Дастаткова ўявіць, што ў такім горадзе, як Бабруйск, дзе колькасць выбаршчыкаў складае каля 130 тыс. чалавек,  працуе адзін дэпутат. Выбаршчыкі практычна страцяць магчымасць трапіць да яго на прыём.


Больш таго, у няроўных умовах апынуцца і самі дэпутаты. Мажарытарыі нясуць хоць нейкую персанальную адказнасць перад выбаршчыкамі, а тыя, хто прыйшоў у парламент па партыйных спісах, не. Яны звязаны выключна воляй сваёй фракцыі. Але работу парламента патрэбна будаваць па аднолькавых прынцыпах. Таму ў выпадку рэформы трэба выбіраць: або мажарытарная выбарчая сістэма, або прапарцыянальная.


Падкрэслю, што ў Беларусі нічога змяняць не плануецца. Прынамсі, кіраўнік дзяржавы ніколі не паведамляў аб такіх намерах. Больш таго, ён заўсёды падкрэслівае, што цяперашняя мажарытарная выбарчая сістэма не выклікае праблем і поўнасцю адпавядае нашым рэаліям. У яе, безумоўна, ёсць недахопы. Самы галоўны - у адрозненне ад прапарцыянальнай яна не садзейнічае развіццю палітычных партый. Хоць дзяржава ў гэтым вельмі зацікаўлена.


- Чым выклікана гэта зацікаўленасць?


- Няўрадавыя структуры, калі яны займаюць канструктыўную пазіцыю, служаць асновай для самаарганізацыі грамадзян. Дзяржаве намнога прасцей звярнуцца да лідара буйнога грамадскага аб'яднання. У гэтых адносінах цаны няма прафсаюзам, у якія ўваходзіць вялікая колькасць людзей, саюзу жанчын.


Калі ў краіне будуць развівацца партыі, прычым не толькі зверху, але і са стварэннем ніжніх структур у рэгіёнах, то дзяржаве мэтазгодна фінансаваць іх. Тыя, што ўдзельнічаюць у выбарах, маюць фракцыі ў парламенце. І гэта правільна, бо развіваюцца канструктыўныя сілы.


Але цяпер дзяржава ў такіх інвестыцыях не зацікаўлена. Адны з самых актыўных партый у Беларусі - тыя, якія заклікаюць да эканамічных санкцый, шкодзяць уласнай краіне. Фінансаваць такія структуры - гэта своеасаблівы дзяржаўны мазахізм.


У Беларусі партыям прадастаўлена поўная самастойнасць. Іх непапулярнасць ад уласнай безыніцыятыўнасці, нежадання зарабляць. Таму адны туляцца ў адзіным офісе, у выбарах удзельнічаюць вельмі недасведчана, нават партыйны з'езд правесці не могуць. У выніку ЦВК вымушаны адмовіць у рэгістрацыі іх кандыдатаў. Іншыя ж партыі існуюць за кошт заходняга фінансавання і, адпаведна, праводзяць палітыку сваіх спонсараў.


Лічу, у гэтых парламенцкіх выбарах апазіцыйныя партыі будуць удзельнічаць. Што цалкам зразумела: замежныя інвестары не будуць аплачваць байкот. Гэта супярэчыць заходняй дэмакратычнай этыцы. Але некаторыя беларускія апазіцыйныя лідары на правах кандыдатаў у дэпутаты ўдзельнічаць у выбарах не змогуць з-за непагашанай судзімасці за падзеі снежня 2010 года. Гэтыя грамадзяне змогуць быць толькі выбаршчыкамі.


- Як вы лічыце, ці многа будзе сярод кандыдатаў сапраўды яркіх асоб, папулярных хаця б у сваёй акрузе?


- Праблема ў тым, што многія кандыдаты лічаць, што абавязковага выступлення з перадвыбарнай праграмай па радыё, на тэлебачанні цалкам дастаткова. Прайсці ў парламент некаторыя хочуць толькі за дзяржаўны кошт, таму не працуюць з выбаршчыкамі, не прыходзяць у двары да бабуль, не арганізоўваюць агітацыйных пікетаў.


У сваю чаргу самі выбаршчыкі часта недапытлівыя і лянівыя. Вось калі недзе паведамяць, што крупы будуць прадаваць па зніжаных цэнах, то ўсе прыйдуць. А на перадвыбарныя сустрэчы практычна ніхто не прыходзіць, ды і перадвыбарныя выступленні мала хто глядзіць.


Безыніцыятыўнасць абодвух бакоў часта прыводзіць да ўзаемнай незадаволенасці. І нічога не зменіцца да той пары, пакуль не знікнуць такія спажывецкія адносіны.


- А колькі дзеючых дэпутатаў. на ваш погляд, захочуць зноў заняць дэпутацкія крэслы?


- Ідэальны вырыянт, калі пераемнасць у парламенце даходзіць да 30 працэнтаў. Колькі дзеючых дэпутатаў вырашаць у гэтым годзе балаціравацца, дакладна не скажу. Лічу за лепшае не каменціраваць такія моманты і ўвогуле думаю, што любыя кантакты з кандыдатамі ў перыяд выбарчай кампаніі робяць мяне несвабоднай.


Пачаліся выбары, і ў маім кабінеце няма прыёму, я не прымаю нікога з парламентарыяў, якія плануюць вылучаць сваю кандыдатуру. Чалавек можа толькі трапіць у прыёмную па зваротах грамадзян. Некаторых гэта крыўдзіць. Але я імкнуся быць незалежнай. І, безумоўна, мне хочацца, каб усе кандыдаты адчувалі сябе абсалютна роўнымі.


Святлана Саўко

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі