Сцяг Нядзеля, 7 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 ліпеня 2025, 15:51

"У цэлым з кукурузай чакаем больш за 1,4 млн тон збожжа". Крупко аб разліках на ўраджай у Гомельскай вобласці

18 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскай вобласці ў гэтым годзе плануюць сабраць з улікам кукурузы больш за 1,4 млн т збожжа. Аб гэтым на селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі-2025, якую правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведаміў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў кіраўнік вобласці, у рэгіёне давядзецца ўбраць 459,8 тыс. га збожжавых, зернебабовых, кукурузы. Гэта больш за ўзровень мінулага года.

"На сённяшні дзень гатоўнасць тэхнікі высокая. З 948 камбайнаў гатовы 945 - 99 працэнтаў. Пройдзены тэхагляд на 98 працэнтаў. Сушыльная гаспадарка гатова на 96 працэнтаў", - адзначыў старшыня аблвыканкама.

"Мы задзейнічаем і плюшчылкі. Іх у нас 77. 74 гатовы. Ужо заплюшчылі 1600 т зерня", - удакладніў кіраўнік вобласці.

У рэгіёне ўбралі 93 працэнты плошчаў азімага ячменю. "Ураджайнасць большая за ўзровень мінулага года на 7,2 ц/га. Намалочана 110 тыс. т. Гэта больш за ўзровень мінулага года на 12 тыс. т", - канстатаваў старшыня аблвыканкама.

"Мы чакаем у цэлым ураджайнасць каласавых плюс 8,1 ц/га (да мінулага года. - Заўвага БЕЛТА) - на ўзроўні 28 ц/га ў цэлым па вобласці", - дадаў ён.
Пачалі ў рэгіёне і ўборку азімага рапсу.

"Тэхнічна мы падрыхтаваліся, прыцягнулі механізатараў. У гэтым годзе прайшлі падрыхтоўку і атрымалі вадзіцельскія правы ў 17 гадоў навучэнцы ССНУ. Іх сёння прыцягнута 78 чалавек, яны будуць працаваць камбайнерамі і памочнікамі", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

"Усе 180 чалавек (якіх прыцягнулі для работы на камбайнах. - Заўвага БЕЛТА), прыбылі і працуюць ужо. Яшчэ амаль 180 чалавек прыцягнута на адвозку. Мы ўкамплектаваны для ўборкі", - дадаў Іван Крупко.

Што датычыцца кармоў, то ў рэгіёне нарыхтавалі ўжо каля 8 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. "Гэта больш на 1,2 да ўзроўню мінулага года. Убралі першы ўкос, 50 працэнтаў другога ўкосу. На 1 жніўня будзе забяспечана 9,5 кармавых адзінак траў", - запэўніў Іван Крупко.

"У нас высеяна кукурузы на сілас 200 тыс. га. Атрымаем прыкладна 3,7 млн т зялёнай масы, з якой нарыхтуем яшчэ 21 кармавую адзінку. Настроены атрымаць 33 кармавыя адзінкі для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі", - дадаў старшыня аблвыканкама.
Паводле яго слоў, гатоўнасць тэхнікі, сушыльнага і камбайнавага парку дае магчымасць убіраць не менш як 5 працэнтаў плошчаў, або 10-12 тыс. га, у дзень. І аграрыям рэгіёна трэба пагодлівых 25-27 дзён, каб скончыць уборку збожжавых.

"У цэлым з кукурузай мы чакаем 1 млн 440 тыс. т збожжа", - агучыў разлікір на ўраджай кіраўнік вобласці.

На селектарнай нарадзе прагучала заўвага КДК па мехатрадах. "У нас у вобласці ўся тэхніка на 5 мехатрадаў атрымана. Яна ўся ў рабоце. Укамплектаваны кадрамі. Мы прынялі рашэнне, што ніводнага механізатара не павінна быць прыцягнута (у мехатрады. - Заўвага БЕЛТА) з сельгаспрадпрыемстваў. Людзі прыйшлі з розных арганізацый, у тым ліку і дальнабойшчыкі", - расказаў старшыня аблвыканкама.

"Магчымасць у тэрміны ўбраць ураджай і нарыхтаваць кармы ў вобласці ёсць", - запэўніў кіраўнік дзяржавы Іван Крупко.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй на "Гомсельмашы". Наконт гэтага Іван Крупко далажыў аб рабоце па пашырэнні тэхнікі на знешнія рынкі - не толькі ў Расію, але і іншыя краіны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга аслабляць напружанне ў гэтым плане. Трэба актыўна выходзіць на розныя рынкі, у тым ліку краін Афрыкі. "Унутраны рынак ніколі не вырашаў праблему ні для МАЗа, ні для МТЗ, ні для "Гомсельмаша". Мы заўсёды больш прадавалі (за мяжу. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі