Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лютага 2015, 13:28

ЕБРР гатовы прыняць удзел у рэканструкцыі дарогі М10 на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) гатовы прыняць удзел у рэканструкцыі дарогі М10 на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі па выніках сустрэчы міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага з прэзідэнтам банка Сума Чакрабарці.

"Сума Чакрабарці пацвердзіў намер банка ўдзельнічаць у рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі М10 Граніца Расійскай Федэрацыі (Селішча) - Гомель - Кобрын на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, а таксама ў пашырэнні рэалізацыі праектаў па развіцці сістэм водазабеспячэння і водаачысткі", - удакладнілі спецыялісты. Акрамя таго, кіраўнік ЕБРР выказаў гатоўнасць падтрымаць Беларусь у пытаннях умацавання пазіцый на еўрапейскім фінансавым рынку.

У ходзе сустрэчы Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў пашырэнні супрацоўніцтва з ЕБРР па інфраструктурных праектах. У цэлым па яе выніках было адзначана, што за апошнія чатыры гады ўзровень узаемадзеяння Беларусі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця выйшаў на якасна новы ўзровень з дасягненнем рэкордных аб'ёмаў аперацый.

Беларусь стала членам ЕБРР у 1992 годзе і мае 6002 акцыі банка на суму больш як 60 млн еўра (складае 0,2 працэнта ад статутнага капіталу). Агульны аб'ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця з 1992 года па 2014 год перавысіў 1 640 млн еўра, з якіх больш як палавіну (876 млн еўра) прыпадае на апошнія чатыры гады.

Сумесна з ЕБРР пачаты некалькі значных інвестыцыйных праектаў у сферы дрэваапрацоўкі (завод "Кронаспан"), рухомага саставу (ААТ "Штадлер Мінск") і вытворчасці напіткаў (піваварні "Хайнекен"). Акрамя таго, у актыўнай фазе рэалізацыі знаходзяцца праекты па развіцці сістэм водазабеспячэння і водаачысткі ў Віцебску, Слоніме і Баранавічах ("Беларусь: экалагічны інфраструктурны праект - першы этап").
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі